Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч патрабуе спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў


Радыё Свабода Былы кандыдат у прэзідэнты, лідэр незарэгістраванага руху “За Свабоду” Аляксандар Мінкевіч накіраваў зварот да праваахоўных службаў Гомельскай вобласьці з патрабаваньнем спыніць перасьлед моладзевых актывістаў.

У прыватнасьці, у лісьце на імя начальнікаў Цэнтральнага й Чыгуначнага райаддзелаў міліцыі Гомеля Аляксандар Мілінкевіч нагадаў, што “праваахоўнымі ворганамі шырока выкарыстоўваецца практыка прэвэнтыўных і адвольных адміністрацыйных затрыманьняў грамадзкіх дэмакратычных дзеячоў. Большасьць зь іх суды пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, буйнымі штрафамі. Судовыя рашэньні выносіліся выключна на падставе паказаньняў супрацоўнікаў міліцыі, якія непасрэдна праводзілі затрыманьні”.

У якасьці прыкладу згадваецца затрыманьне, арышт на восем сутак і буйны штраф моладзеваму актывісту Зьміцеру Жалезьнічэнку, студэнту-выдатніку Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны, адлічанаму за актыўную грамадзянскую пазыцыю.

Як заяўляе Аляксандар Мілінкевіч, дзеяньні ахоўнікаў парадку ў дачыненьні да Зьмітра Жалезьнічэнкі, “па-першае, зьяўляюцца парушэньнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь, міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека і, па-другое, могуць быць кваліфікаваныя як палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў”.

Наш карэспандэнт Вячаслаў Кулік зьвязаўся з намесьнікам начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Сяргеем Яфіменкам, каб атрымаць камэнтар наконт перасьледу дэмакратычных актывістаў.

Кулік: “Ёсьць нараканьні на тое, што шмат актывістаў апазыцыі затрымлівае міліцыя ў Гомелі, у прыватнасьці, у вашым раёне...”

Яфіменка: “Гэта не тэлефонная гутарка. Прыяжджайце, калі ласка, да мяне на месца, будзем размаўляць. Да пабачэньня!”

Другі зварот Аляксандар Мілінкевіч накіраваў старшыні суду Цэнтральнага раёну Гомеля Рыгору Дзьмітрэнку, чые падначаленыя на падставе выключна міліцэйскіх пратаколаў караюць дэмакратычных актывістаў.

Мілінкевіч заклікае судзьдзяў “устрымацца ад практыкі прыняцьця палітычна матываваных рашэньняў у дачыненьні да грамадзкіх актывістаў, выконваць нормы існуючага беларускага заканадаўства”.

Часьцей за ўсё моладзевых актывістаў карае судзьдзя ў адміністрацыйных справах Цэнтральнага суду Гомеля Марына Дамненка. Таму й пытаньне да яе:

Кулік: “Лідэр дэмакратычнай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч зьвяртаецца да праваахоўных службаў Гомельскай вобласьці з папярэджаньнем спыніць судовы перасьлед сяброў “Маладога фронту”, а таксама актывістаў руху “За Свабоду!”. Ці мае сваё меркаваньне на гэты конт судзьдзя Дамненка?”

Дамненка: “Не. Ніякага. Усё. Да пабачэньня”.

Ні судзьдзі, ні міліцэйскія начальнікі патлумачыць сваю пазыцыю грамадзтву не жадаюць.

А што прапануюць грамадзкія ды палітычныя актывісты? Як яны мяркуюць спыніць рэпрэсіі супраць актыўнай моладзі?

Прадстаўнік АГП Васіль Палякоў: “Па першае, неабходна, каб пра ўсе выпадкі было вядома шырокай грамадзкасьці. Неабходна, каб праводзіліся нейкія акцыі салідарнасьці і падчас судовых працэсаў, і калі праводзяцца затрыманьні”.

Прадстаўнік ПКБ Уладзімер Сякерка: “Неабходна стаць на чале гэтай моладзі і ісьці разам, побач зь ёй. Шлях адзін – мяняць цяперашняе кіраўніцтва краіны”.

Прадстаўнік незалежнага прафсаюзу Віктар Казлоў: “Ва ўмовах, якія існуюць у сучаснай Беларусі, гэтая частка насельніцтва сапраўды не абароненая. Не магу сказаць, як абараніць маладога чалавека, якога забрала міліцыя, якому далі суткі. Толькі можна, каб суседзі тых міліцыянтаў, тых судзьдзяў, якія каралі хлопцаў, ведалі, хто хлопцаў узялі ні за што і судзілі ні за што”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG