Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За першую палову 2007 году Магілёўскую вобласьць наведалі 778 замежных турыстаў


Радыё Свабода Сёньня адзначаецца Сусьветны дзень турызму. Пра тое, наколькі прывабная для замежных турыстаў Беларусь, можна меркаваць на прыкладзе Магілёўшчыны. За першую палову 2007 году вобласьць наведалі 778 замежных турыстаў. Паводле Ўправы фізычнай культуры, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкаму, гэта найлепшы паказьнік у Беларусі. Летась вобласьць наведалі крыху болей за 900 турыстаў.

За апошнія шэсьць месяцаў Магілёўшчыну наведвалі турысты зь Нямеччыны, Францыі, Польшчы. Бальшыня, аднак, з Расеі. Паводле супрацоўніцы Ўправы фізычнай культуры, спорту і турызму гарвыканкаму Надзеі Ляшчыны, Дняпроўскі край іх вабіць сэрвісам ды невысокімі цэнамі на адпачынак.

Расейцы з задавальненьнем набываюць пуцёўкі ў дзіцячыя летнікі ды дамы адпачынку. Менавіта для іх распрацоўваюцца і адмысловыя туры.

“Мы стварылі новы пазнавальны маршрут аб побыце апошняга імпэратара Расеі Мікалая ІІ у Магілёве ды паказваем памятныя месцы, зьвязаныя з гэтым побытам”, – паведаміла “Свабодзе” Надзея Ляшчына.

Між тым адным з прыярытэтных кірункаў разьвіцьця турыстычнай галіны мусіў стаць аграэкатурызм. Тут, аднак, дасягненьняў няшмат. На ўсю вобласьць ёсьць толькі адна гаспадарка, якая спэцыялізуецца ў гэтым напрамку – яна ў Бабруйскім раёне і завецца “Ізабэла”.

Сваё меркаваньне адносна пэрспэктыўных турыстычных маршрутаў мае кіраўнік нефармальнага клюбу аматараў беларускай гісторыі і культуры Васіль Аўраменка. Удзельнікі клюбу самі распрацоўваюць турыстычныя маршруты, папулярнасьць якіх у Магілёве і вобласьці вялікая.

“Калі меркаваць па тых паслугах, якія могуць аказаць турыстычныя апэратары нашым людзям, то тут ёсьць праблема. Занадта мала ў нас такіх прапановаў. У першую чаргу на ўсходзе гэта Мсьціслаў і яго ваколіцы, былы цэнтар ваяводзтва, сам Магілёў, Быхаў, Шклоў. І ёсьць яшчэ адзін маршрут - па месцах швэдзкай славы, альбо бясслаўя, я б сказаў”.

Магілёўшчына, на думку Васіля Аўраменкі, магла б прывабліваць турыстаў з тых краінаў, якія мелі дачыненьне з нашай краінай і непасрэдна з Магілёўшчынай – гэта палякі, швэды, немцы, габрэі ды французы.
XS
SM
MD
LG