Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэальна адклікаць дэпутата Палаты прадстаўнікоў?


Радыё Свабода Наколькі пэрспэктыўная кампанія адкліканьня дэпутатаў? Віталь Цыганкоў абмяркоўвае гэтую тэму з дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Валянцінам Голубевым.

Цыганкоў: “Грамадзкіх актывістаў, якія вядуць кампанію адкліканьня дэпутатаў з Палаты прадстаўнікоў, штрафуюць і перасьледуюць. Чаго гэтак баяцца ўлады? Няўжо яны сапраўды асьцерагаюцца, што справа можа дайсьці да адкліканьня дэпутатаў?”

Голубеў: “Ня думаю, што справа да гэтага дойдзе. Але, па вялікім рахунку, я думаю, што гэтага і не павінна быць. Бо выбарцы павінны думаць перад тым, як выбіраюць, і несьці адказнасьць за тое, што зрабілі.

Зь іншага боку я маю гістарычны досьвед, калі і мы, апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце, спрабавалі прыняць такі закон і арганізаваць адкліканьне некаторых дэпутатаў, і нас потым спрабавалі адклікаць. І я хачу сказаць, што гэта заўсёды зьвязана з тым, што камусьці хочацца кагосьці пэрсанальна прыбраць з палітыкі”.

Цыганкоў: “Дык што рабіць, калі дэпутат зьмяніў сваю пазыцыю і робіць зусім ня тое, што абяцаў людзям? Чаму выбарцы павінны трываць яго ўвесь час кадэнцыі?”

Голубеў: “Калі дэпутат паводзіць сабе так, што за яго ніхто не прагаласуе, то ён зьнікае як палітычная фігура. Але праз два месяцы ён можа выказацца зусім па-іншаму. Таму трэба вучыць людзей рабіць выбар. А не галасаваць так, як ім загадалі зьверху ці сказалі па тэлевізіі”.

Цыганкоў: “Але ці не здаецца вам, што цяперашняя кампанія грамадзкіх актывістаў мае ў тым ліку і нейкі адукацыйны, прапагандысцкі эфэкт? Трэба зьвярнуць увагу людзей, што тыя дэпутаты, за якіх яны галасавалі, паводзяць сабе зусім ня так, як абяцалі...”

Голубеў: “Я разумею, што гэтым актывістам не падабаюцца паводзіны такіх дэпутатаў, і ім хочацца зьвярнуць на гэта ўвагу”.

• Дэпутатаў, якія скасавалі льготы, хочуць адклікаць, 27.09.2007
XS
SM
MD
LG