Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ля Баранавіцкай турмы сябры будуць сустракаць Паўла Севярынца


Любоў Лунёва, Менск На вуліцах Менску і ў рэгіёнах пачасьціліся выпадкі дагляду асабістых рэчаў мінакоў супрацоўнікамі міліцыі. Некалькі чалавек ужо трапілі за краты за эўрапейскую сымболіку і інфармацыйныя матэрыялы пра Эўрапейскі марш “За Свабоду”. Актывісты дэмакратычнага руху чакаюць, што ўлады могуць правесьці прэвэнтыўныя арышты арганізатараў напярэдадні масавай акцыі.

Сёньня пасьля адбыцьця 17 сутак арышту ў Баранавіцкай турме на волю выйдзе Павал Севярынец.

Гэта трэці запар арышт пасьля выхаду на волю з “хіміі” зь вёскі Малое Сітна, дзе Павал адбываў пакараньне за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004. Тады разам з Паўлам судзілі Міколу Статкевіча, лідэра пазбаўленай рэгістрацыі партыі “Народная Грамада”.

Сёньня Мікола Статкевіч будзе сустракаць Паўла каля баранавіцкай турмы разам з іншымі актывістамі дэмакратычнага руху:

“Я прыехаў у Баранавічы, каб сустрэць Паўла і нейкім чынам выказаць павагу Паўлу. Безумоўна, я буду раіць яму быць асьцярожней, таму што напярэдадні “Эўрапейскага маршу” магчымыя прэвэнтыўныя арышты. Высьветліцца, што шмат людзей, якія маюць іншыя погляды чым ўлада, будуць публічна лаяцца матам, абражаць супрацоўнікаў міліцыі... Нягледзячы на гэта мы з Паўлам возьмем удзел у “Эўрапейскім маршы”.

З набліжэньнем даты правядзеньня “Эўрапейскага маршу” ўзрасла колькасьць затрыманых міліцыяй моладзевых актывістаў. Байцы спэцназу спыняюць маладых людзей на вуліцы і патрабуюць паказаць ім рэчы ў сумках. У студэнтаў, якія маюць значкі на вопратцы, правяраюць нават канспэкты лекцыяў. Часам міліцыянты запытваюць у людзей, ці маюць тыя ўлёткі і эўрапейскую сымболіку.

У навучальных установах пільна сочаць, каб на дошках аб’яваў не было інфармацыі пра заплянаваны на 14 кастрычніка “Эўрапейскі марш”. Гаворыць студэнтка Кася Краснова:

“Спыняюць на вуліцах, робяць дагляд рэчаў. Калі знаходзяць налепкі з заклікам прыйсьці 14 кастрычніка на плошчу, то забіраюць іх сабе. Ва ўнівэрсытэтах ды іншых навучальных установах прызначаюцца адказныя асобы, якія мусяць кантраляваць, каб на дошках абвестак і на раскладзе не зьяўляліся абвесткі з заклікамі да моладзі”.

Каля дзясятка чалавек трапілі за краты за наяўнасьць інфармацыйных матэрыялаў і эўрапейскай сымболікі. Сярод іх Сяржук Клюеў, Леанід Навіцкі, на кватэры якога знайшлі некалькі дзясяткаў сьцягоў Эўразьвязу, банданы і майкі сіняга колеру, а таксама Віталь Ціхановіч, Алена Гладкая, Кастусь Грахаў, Яўген Скрабутан.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук, які мае практычны досьвед прэвэнтыўных затрыманьняў, прагназуе, што іх колькасьць будзе ўзрастаць з набліжэньнем даты правядзеньня акцыі:

“Пачнуцца масавыя арышты моладзевых актывістаў напярэдадні “Эўрапейскага маршу”, каб не пусьціць іх на плошчу. Арышты ўжо пачаліся, і думаю, што рэжым будзе штодня павялічваць колькасьць затрыманых. За гэтыя гады ўлады нічога новага ў змаганьні з моладзьдзю не прыдумалі”.

Пакуль не было ніводнага выпадку, каб міліцыянты вярнулі сьцягі, майкі ці банданы тым, у каго забралі гэтыя рэчы падчас асабістага дагляду. Паводле заканадаўства, толькі суд мае паўнамоцтвы канфіскоўваць асабістыя рэчы.

Леанід Навіцкі ў судовай залі Партызанскага суду казаў “Свабодзе”, што адразу пасьля адбыцьця арышту падасьць скаргу на міліцыянтаў, якія прысвоілі ягоныя рэчы, з патрабаваньнем усё вярнуць уладальніку.

• Віктар Івашкевіч застанецца на волі, пакуль не пераробяць пратакол, 26.09.2007 • Яўгену Скрабутану ў Горадні далі 5 сутак, 26.09.2007 • Суды арыштоўваюць за распаўсюд улётак, 24.09.2007
XS
SM
MD
LG