Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які рэзон зачыняць інтэрнэт-крамы?


Алесь Дашчынскі, Менск У Беларусі можа быць зачынена 95 працэнтаў інтэрнэт-крамаў, бо яны не адпавядаюць нормам беларускага заканадаўства. Пра гэта напярэдадні паведаміў генэральны дырэктар прадпрыемства “БелЕвросеть” Алесь Мухін. Генэральны дырэктар парталу tut.by Кірыл Валошын мяркуе, што якраз 95 працэнтаў беларускіх інтэрнэт-крамаў адпавядаюць законам.

Год таму беларускія ўлады ўвялі шэраг нормаў, якія дапамагаюць кантраляваць інтэрнэт-гандаль. Для таго, каб прадаваць тавары ўраздроб праз інтэрнэт, трэба стварыць інтэрнэт-краму. Гэта павінен быць сайт суб’екта гандлю, зарэгістраваны ў дамэннай прасторы Беларусі. Пры гэтым рэгістрацыя дамэннага імя сайту пацьвярджаецца дакумэнтам, які выдае Дзяржаўны цэнтар бясьпекі інфармацыі пры прэзыдэнце Беларусі.

А.Мухін: “Большая іх частка гандлюе нелегальна ўвезенай у краіну прадукцыяй”

Праз год генэральны дырэктар прадпрыемства “БелЕвросеть” Алесь Мухін заявіў: 95 працэнтаў інтэрнэт-крамаў не адпавядаюць нормам беларускага заканадаўства і могуць быць зачынены:

“У большасьці зь іх няма кропак гандлю ўраздроб. Калі кампанія хоча займацца інтэрнэт-гандлем паводле дзейнага заканадаўства, яна павінна мець папярэдне раздробную краму. А ўжо на яе аснове займацца інтэрнэт-гандлем.

Большая іх частка гандлюе нелегальна ўвезенай у краіну прадукцыяй. Няхай гэта тэлефоны ці тэлевізары, магнітафоны і гэтак далей. Пад выглядам індывідуальных прадпрымальнікаў, знаёмых, распаўсюднікаў і гэтак далей.

Мусіць быць ліцэнзія на гандаль ураздроб, і адрас крамы павінен быць там указаны, прычым у дамэннай зоне другога ўзроўню”.

Яшчэ ў мінулым годзе, паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусі было каля чатырох соцень інтэрнэт-крамаў. Алесь Мухін цьвердзіць, што сетка іх адрасоў апошнім часам не павялічваецца.

“Інтэрнэт – гэта прагрэс, гэта зручнасьць. І я разумею, што чалавеку зручней замовіць тавар не выходзячы з дому, калі ён добра ведае, што гэта за тавар. Колькасьць інтэрнэт-крамаў не расьце, а тыя што ёсьць, па сутнасьці, гуляюць з дзяржавай у агонь, у хованкі незразумелыя, гэта ня лепшым чынам характарызуе стан рэчаў у нашым інтэрнэт-гандлі.

Мне здаецца, што прасьцей лібэралізаваць паняцьце інтэрнэт-гандлю. І, магчыма, больш выразна прапісаць усе нюансы заканадаўства, каб людзям было магчыма ім займацца ў легальнай плашчыні”.

Праваахоўныя органы практыкуюць так званыя кантрольныя закупкі, у выніку якіх гандляр можа пазбавіцца партыі тавару і заплаціць штраф. Аднак гэтага, паводле Алеся Мухіна, недастаткова. Бо спрактыкаваны гандляр ніколі не прынясе вам больш за два ўзоры тавару для выбару.

Алесь Мухін “перажывае з-за мабільных тэлефонаў”?

Дырэктар парталу tut.by Кірыл Валошын мяркуе, што якраз 95 працэнтаў беларускіх інтэрнэт-крамаў ня могуць быць зачынены, бо адпавядаюць закону. Аднак іх дзейнасьць мае шэраг абмежаваньняў:

“Усясьветныя стандарты ў адрозьненьне ад беларускіх ніяк не абмяжоўваюць уладальнікаў крамаў у адрасе крамаў, месцы знаходжаньня. Што да саміх крамаў, то тэхнічна мы ад іх ня моцна адстаём. Адзінае, што ў нас практычна ніводная беларуская электронная крама не прымае аплату па картках. Гэта зьвязана з тым, што ў ніводнага беларускага банка няма ліцэнзіі на правядзеньне плацяжоў праз інтэрнэт”.

Наведнікі пляцоўкі tut.by замаўляюць штодня праз інтэрнэт-крамы па некалькі соцень пакупак. Іншыя маюць яшчэ большую сетку крамаў. Гаворыць Кірыл Валошын:

“Ёсьць нават катэгорыі тавараў, тыя ж мабільныя тэлефоны, з-за якіх, відаць, Алесь Мухін перажывае, якія й прадаюцца ў асноўным праз інтэрнэт”.

Праз інтэрнэт у Горадні прадаюць хіба толькі эратычную бялізну, 26.09.2007 Ці купляеце вы рэчы ў інтэрнэт-крамах?, 5.09.2007
XS
SM
MD
LG