Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гвалт супраць дэманстрацыі будысцкіх манахаў у Бірме


Тацяна Поклад, Прага Рада бясьпекі ААН сёньня ўвечары будзе абмяркоўваць сытуацыю ў Бірме (Мьянме), дзе пачаўся гвалтоўны разгон мірных дэманстрацыяў, арганізаваных будыйскімі манахамі. У супольнай заяве ЗША і Эўразьвяз заклікалі Раду бясьпекі ААН разгледзець магчымыя санкцыі супраць рэжыму ў Бірме.

Сёньня ў найбуйнейшым горадзе Бірмы Янгуне паліцыя і войскі стралялі ў паветра, ужылі сьлезацечны газ, зьбівалі людзей дубінкамі.

Сёньняшнія сутыкненьні з паліцыяй адбыліся пасьля таго, як вайсковая хунта забараніла маніфэстацыі і ўвяла ў Янгуне камэнданцкую гадзіну. Аднак людзі ізноў выйшлі на вуліцы.

Улады прызналі, што забіты адзін манах. Паводле іншых паведамленьняў забітыя ня меней як 5 чалавек. Дзясяткі чалавек параненыя.

Арыштаваныя каля 200 дэманстрантаў, каля паловы зь іх – будыйскія манахі.

Відавочцы паведамляюць, што сілы бясьпекі дубінкамі зьбівалі людзей і арыштоўвалі іх дзясяткамі. Паведамляецца пра раненых і забітых, але дакладных звестак пакуль няма.

Але таксама відавочцы паведамляюць, што тысячы людзей віталі воплескамі калёны манахаў, якія кінулі выклік паліцыі і працягвалі ісьці па вуліцах да цэнтру Янгуна.

Улады арыштавалі трох вядомых дзеячоў мастацтва ў Бірме -- камэдыйнага актора, вядомага сваімі анты-ўрадавымі жартамі, яшчэ аднаго актора, а таксама знакамітага паэта. Арыштаваныя кіравалі камітэтам, які забясьпечваў ежай і іншымі рэчамі першай неабходнасьці пратэстуючых манахаў.

Улады рыхтуюць паўтор крывавых падзеяў 1998 году?

Сёняшні гвалт выклікае сур’ёзная засьцярогі – магчыма, улады рыхтуюць такі самы жорсткі разгон дэманстрантаў, як гэта было ў 1998 годзе. Тады больш за 3 тысячы чалавек былі забітыя ў часе разгону дэмакратычнага руху, арганізаванага ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру Аун Сан Су Чы. Тады тысячы людзей былі кінутыя ў турмы. Ад таго часу лідэрка Нацыянальнай лігі за дэмакратыю Аун Сан Су Чы большую частку часу правяла пад хатнім арыштам.

Кіраўнікі краінаў сьвету, якія сабраліся на Генэральную асамблею ААН у Нью-Ёрку, папярэдзілі вайсковую хунту, каб не рабілася спробаў паўтарыць нешта падобнае 1998 году, іначай рэжым у Бірме сутыкнецца з поўнай ізаляцыяй.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш з трыбуны Генэральнай асамблеі ААН заклікаў да больш жорсткіх эканамічных санкцыяў супраць рэжыму ў Бірме.

Буш: “Амэрыканцы абураныя сытуацыяй у Бірме, дзе вайсковая хунта навязала краіне 19-гадовае панаваньне страху. Такія асноўныя свабоды, як свабода слова, сходаў і малітваў, жорстка абмяжоўваюцца”.

Кіраўнікі Францыі і Нямеччыны таксама ў сваіх выступах на Генэральнай асамблеі ААН згадалі сытуацыю ў Бірме і заклікалі ўлады не разганяць дэмакратычныя акцыі пратэсту. Канцлерка Нямеччыны Ангэла Мэркэль сказала з трыбуны ААН:

Мэркель: “Я заклікаю ўрад не ўжываць сілу супраць мірных дэманстрантаў і нарэшце даць шлях для дэмакратычнай будучыні краіны”.

Замежным журналістам забаронены ўезд у Бірму, таму ўся інфармацыя пра падзеі прыходзіць зь мясцовых крыніцаў праз інтэрнэт. Але дзякуючы сучасным тэхналёгіям цяпер, у адрозьненьне ад 1998 году, можна сачыць за падзеямі ў Янгуне амаль у рэальным часе. Аднак сытуацыя ў рэгіёнах, дзе таксама адбываюцца масавыя пратэсты, нашмат меней вядомая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG