Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: у Старым замку муляжоў будаваць не павінны


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў сталіцы адбылося паседжаньне Рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады пры міністэрстве культуры. Першым разгледзелі архітэктурны праект рэканструкцыі Старога замку ў Горадні. Рада лічыць немэтазгодным будаваць на замкавым дзядзінцы муляжы царквы ХІІ стагодзьдзя і княскага церама, рэшткі падмуркаў якіх выяўленыя пры раскопках. Як выглядалі гэтыя пабудовы ў рэчаіснасьці — ніхто ня ведае.

Аўтарам праекту рэстаўрацыі гарадзенскага Старога замку зьяўляецца Ўладзімер Бачкоў. Сёньня некаторыя спэцыялісты крытыкуюць гэты праект. У першай палове 1990-х гадоў была падтрымана эклектычная канцэпцыя: асноўны гмах перабудаваць у стылі Рэнэсансу, што было зроблена па жаданьні караля Стэфана Баторыя пры канцы ХVІ стагодзьдзя, а таксама пабудаваць царкву і церам, выявы якіх не захаваліся.

Якім чынам Рэспубліканская навукова-мэтадычная рада разглядала сёньня праект Уладзімера Бачкова? Гаворыць намесьнік кіраўніка упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі з міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

“Падтрымалі канцэпцыю, распрацаваную Бачковым, але з удакланьненьнем, паколькі з 1993-94 гадоў шмат часу. Напрыклад, на мысе насупраць Каложы ён прапануе, тады гэта не ўлічвалася, папрацаваць з ХV стагодзьдзем, чаму не? Канешне гэта мы падтрымалі, толькі “за”. Была заўвага такая, яна будзе прапісана ў пратаколе, адносна аднаўленьня Ніжняй царквы ХІІ стагодзьдзя, гэта — недапушчальна. Таму што ўсякія гістарычныя рэканструкцыі, яны нідзе не праводзяцца. Мы ня ведаем, якая была царква ў ХІІ стагодзьдзі — пры ўсіх дакладных матэматычных разьліках або ўжываньні эгіпецкіх мераў, ці што…”

Лічыцца, што самай распрацаванай часткай праекту спадара Бачкова зьяўляецца аднаўленьне палаца Стэфана Баторыя.

Чарняўскі: “Напрыклад, ужо па ХVІ стагодзьдзі па крайняй меры ёсьць гравюра Макоўскага, ёсьць аналягі прамыя гэтых жа самых архітэктараў у тым жа Кракаве, ужо можна нешта параўноўваць, аналізаваць. Канешне, там элемэнт дапушчальнасьці будзе, але на тым жа самым палацы, на той жа самай надбрамнай вежы засталіся пад тынкамі, пад муроўкамі нейкія элемэнты, па іх вымярэньнях можна рабіць рэканструкцыі. Тут ужо больш-менш па ХVІ стагодзьдзі дадзеныя ёсьць”.

Спадар Чарняўскі паведаміў, што калі пратакол паседжаньня Рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады будзе аформлены, інстытут “Гроднаграмадзянпраект” пачне працаваць над праектам рэканструкцыі Старога каралеўскага замку.

На здымках: так выглядае падворак Старога гарадзенскага замку ў Горадні.

Горадня, падворак Старога замку

Горадня, падворак Старога замку
XS
SM
MD
LG