Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – адна з самых карумпаваных краінаў на постсавецкай прасторы


Юры Дракахруст, Прага 150-е месца са 180. Так ацэньвае ступень успрыняцьця карумпаванасьці ў Беларусі ў параўнаньні зь іншымі краінамі сьвету міжнародная арганізацыя Transparency International у сваёй штогадовай справаздачы. Паказчыкі ўспрыняцьця карумпаванасьці Беларусі з канца мінулага стагодзьдзя істотна пагоршыліся.

Transparency International пры вымярэньні ступені ўспрыняцьця карумпаванасьці краінаў улічвае ўзровень хабарніцтва, удзел дзяржаўных службоўцаў у бізнэсе, наяўнасьць ці адсутнасьць незалежных судоў і заканадаўства ў барацьбе з адмываньнем грошай, празрыстасьць ураду і яго падкантрольнасьць грамадзтву. Варта адзначыць, што рэйтынгі Transparency International вымяраюць ня сам узровень карупцыі ў краіне, а тое, якім яго ўспрымае насельніцтва і бізнэс.

Паказчыкі вар’ююцца ад нуля да дзесяці: 0 – найбольшая ступень карумпаванасьці, 10 – найменшая. У 2007 годзе Беларусь апынулася на 150 месцы , роўную зь ёй колькасьць балаў атрымалі Азэрбайджан, Рэспубліка Конга, Эквадор, Кыргызстан, Казахстан, Лібэрыя і Таджыкістан. Да 2002 году Беларусь у рэйтынгах успрыняцьця карупцыі была сярод 50 найменш карумпаваных краінаў. Але ўжо ў 2003 годзе яна апынулася на 53 месцы, у 2005 – на 107 месцы, летась – на 151 месцы. Сярод постсавецкіх краінаў горшая, чым у Беларусі, сытуацыя толькі ў Туркмэністане і Ўзбэкістане, які займае трэцяе ад канца месца сьпісу.

Расея ў сёлетнім рэйтынгу апынулася на 143 месцы, зьехаўшы са 127 месца, якое займала летась. Украіна заняла 118 месца, Польшча – 61, Літва і Латвія падзялілі 51 месца, а найменш карумпаванай краінай рэгіёну прызнаная Эстонія – 28 месца.

Тэндэнцыі ў зьменах успрыняцьця карупцыі ў постсавецкіх краінах і ў рэгіёне ў цэлым мы папрасілі ахарактарызаваць рэгіянальнага дырэктара Transparency International па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Міклаша Маршала.

Маршал: “Сумная выснова – што няма ніякага паляпшэньня. Гэта адбываецца з многіх прычын, сярод якіх рост уплыву Расеі і памяншэньне палітычнай волі да рэформаў. Існуе пэўная заканамернасьць – там, дзе больш моцны ўплыў Эўразьвязу, мы бачым паляпшэньне. Там дзе павялічваецца расейскі ўплыў, сытуацыя з карупцыяй пагаршаецца”

Некаторыя экспэрты, асабліва блізкія да беларускіх уладаў, ставяць пад сумнеў дадзеныя па ўспрыняцьці карупцыі ў Беларусі. Менавіта барацьба з карупцыяй была фірмовай тэмай беларускай улады яшчэ з часоў першага абраньня прэзыдэнтам Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе.

Маршал: “Гэта адна з самых карумпаваных краінаў паводле нашага рэйтынгу. Са 180 краінаў яна знаходзіцца на 150-м месцы з рэйтынгам 2.1. Гэта адзін з найгоршых паказчыкаў у постсавецкім рэгіёне. Гэта паказвае, што Беларусь – закрытая краіна, дзе вельмі цяжкія ўмовы для бізнэсу, і дзе карупцыя здаецца нястрымнай”.

• Якое месца Беларусі ў сьвеце?, 29.12.2006 • Апытаньне “Свабоды”: ці Беларусь карумпаваная краіна?, 14.12.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG