Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Сямёнаў: “Адбылася моўная дыскрымінацыя, а мяне яшчэ і пакаралі”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць "Начной Свабоды" – моладзевы актывіст Сяргей Сямёнаў. На наступным тыдні яго будуць другі раз судзіць за адмову запаўняць на мяжы расейскамоўны блянк мытнай дэклярацыі і за патрабаваньне фармуляру на беларускай мове.

Знаткевіч: “Пра вашую справу як пра прыклад моўнай дыскрымінацыі 18 верасьня згадаў нават старшыня Канстытуцыйнага суду Беларусі Рыгор Васілевіч. Як вы лічыце, гэтая заява будзе нейкім аргумэнтам для гомельскага суду, каб вас апраўдаць на наступным тыдні і скасаваць ваш ранейшы штраф?”

Сямёнаў: “Я лічу, што гэта вельмі цяжкае пытаньне, у першую чаргу – для гомельскага суду, а па-другое – для гомельскай мытні, таму што насамрэч іх паставілі ў вельмі цяжкае становішча. Рэч у тым, што калі яны мяне апраўдаюць на судзе 4 кастрычніка, то будзе відавочна, што мінулы прысуд быў незаконным, і таму будзем глядзець, што атрымаецца”.

Знаткевіч: “Тады вам прысудзілі штраф 430 даляраў – 30 базавых велічыняў. Вы зьбіраецеся яго плаціць?”

Сямёнаў: “Ні ў якім разе”.

Знаткевіч: “Ці будзеце вы падаваць нейкую судовую скаргу на той прысуд?”

Сямёнаў: “Сёньня ўжо падалі скаргу ў Канстытуцыйны суд, і, наколькі я ведаю, мая справа ўжо знаходзіцца на разглядзе ў абласным судзе Гомеля. Я ў скаргу абласны суд не падаваў – я так думаю, што гэта ўсё вынік таго, што сказаў спадар Васілевіч”.

“Я трошку прыклаў рукі да таго, каб справы рушыліся зь месца”

Знаткевіч: “Гэтым разам вы пераяжджалі празь беларуска-ўкраінскую мяжу – ці не было ў вас новых праблемаў?”

Сямёнаў: “Не, не было. Супрацоўнікі і памежнай службы, і мытні вельмі ветліва да мяне ставіліся”.

Знаткевіч: “Гэтым разам вы прасілі беларускамоўную дэклярацыю?”

Сямёнаў: “А я яе ніколі не прашу. Мяне просяць, каб я яе запоўніў. Звычайна атрымліваецца так, што мяне просяць запоўніць дэклярацыю, а я ім кажу: “Хлопцы, калі ў вас дэклярацыя на беларускай мове, я яе запоўню”. Гэтым разам мяне не прасілі запоўніць мытную дэклярацыю, таму я яе не запаўняў”.

Знаткевіч: “Пасьля выступленьня Рыгора Васілевіча старшыня Дзяжаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандар Шпілеўскі паабяцаў, што блянкі дэклярацый на беларускай мове будуць надрукаваныя ў найбліжэйшым часе. Вы не пыталіся, ці ёсьць ужо гэтыя блянкі цяпер у мытнікаў?”

Сямёнаў: “Не пытаўся, але думаю, што яшчэ няма, бо ўлічваючы тое, што мытнікі апошнім часам вельмі настойліва прапаноўваюць мне запоўніць мытную дэклярацыю, думаю, што калі б у іх гэтыя блянкі былі, яны б учора папрасілі мяне яе запоўніць”.

Знаткевіч: “Наш гарадзенскі карэспандэнт высьветліў, што беларускамоўныя блянкі зьявіліся на гарадзенскай мытні. Сп.Сямёнаў, ці лічыце вы, што з вашай падачы справы зрушыліся зь месца?”

Сямёнаў: “Я лічу, што я трошку прыклаў да гэтага свае рукі, але ня толькі з-за мяне. Думаю, што гэта ўсё ж такі некаторыя нашыя дзяржаўныя службоўцы асэнсавалі тое, што ў Беларусі беларуская мова дыскрымінуецца”.

“Лічу, што ў агульнай палітычнай сытуацыі нічога не зьмянілася”

Знаткевіч: “А чаму, як вы лічыце, гэтае ўсьведамленьне прыйшло менавіта цяпер?”

Сямёнаў: “Я думаю, вялікі ўплыў зрабіла публікацыя публікацыя ў "Камсамольскай праўдзе ў Беларусі", таму што наклад у 50 тысяч асобнікаў – гэта вельмі файны тыраж, які разыйшоўся”.

Знаткевіч: “Вы маеце на ўвазе, менавіта пра вашую справу?”

Сямёнаў: “Так”.

Знаткевіч: “Але раней былі іншыя такія выпадкі моўнай дыскрымінацыі, аднак за апошняе дзесяцігодзьдзе ўпершыню такі высокі чыноўнік заявіў пра гэта адкрыта. Вы ня лічыце, што нешта зьмянілася ў агульнай палітычнай сытуацыі?”

Сямёнаў: “Я лічу, што ў агульнай палітычнай сытуацыі нічога не зьмянілася, проста так атрымалася, што ня толькі адбылася дыскрымінацыя беларускай мовы, а яшчэ за гэта і пакаралі”.

“Беларускія мытнікі працуюць нашмат хутчэй за ўкраінскіх”

Знаткевіч: “Скажыце, а вашыя агульныя ўражаньні ад мытні, ад мытнікаў – наколькі яны добрыя ці кепскія, калі не лічыць гэтага інцыдэнту са штрафам?”

Сямёнаў: “Яны неадукаваныя, на мой погляд. Яны зусім ня ведаюць канстытуцыі і закону "Аб дзяржаўных мовах". Але з тым, што беларуская мытня працуе горш, чым астатнія, я ня згодны. Ня ведаю наконт польскай, але магу параўнаць з працай украінскіх мытнікаў – беларусы працуюць нашмат хутчэй”.

Знаткевіч: “Ну, прынамсі нейкі пазытыў... Як вы лічыце, у якую краіну беларусам патрэбны бязьвізавы ўезд?”

Сямёнаў: “Я гэтым пытаньнем неяк не цікавіўся, мне было б вельмі прыемна паехаць бязь візы ў Аўстралію”.

Знаткевіч: “А чаму менавіта туды?”

Сямёнаў: “Мне там прырода падабаецца. Яшчэ я ў Ірляндыю зганяў бы – там горы...”
XS
SM
MD
LG