Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Затрыманьне Івашкевіча і Ўхналёва — палітычная замова”


Ганна Соўсь, Менск Палітычнай замовай назвалі ўчорашняе затрыманьне кіраўнікоў аргкамітэтаў “Эўрапейскага” і “Сацыяльнага” маршаў Віктара Івашкевіча і Валера Ўхналёва лідэры палітычных партыяў.

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што ўлады імкнуліся дыскрэдытаваць старшыню аргкамітэту “Эўрапейскага маршу” Віктара Івашкевіча і сустаршыню “Сацыяльнага маршу” Валера Ўхналёва.

“Мела месца палітычная замова. Нягледзячы на прымітыўнасьць і ўбогасьць гэтага кроку запалохваньня і замаху на дыскрэдытацыю, мы хочам заявіць адназначна беларускай грамадзкай думцы і міжнароднай супольнасьці, што ўлады крок за крокам ідуць у памылковым кірунку.

Перад імі чорна-белая дылема, альтэрнатыва: альбо яны адказваюць на эўрапейскія прапановы адназначнымі крокамі дзеля вяртаньня ў Беларусь свабоды, дэмакратыі і даверу, альбо яны заводзяць і краіну, і самых сябе ў тупік”, — заявіў Вячорка.

Менск, 26.09.2007. Прэс-канфэрэнцыя БНФ

У сьвеце ведаюць пра затрыманьне Івашкевіча і Ўхналёва

Каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў згадаў словы Віктара Івашкевіча пра тое, што расейскія спэцслужбы будуць спрабаваць сарваць і дыялёг, і “Эўрапейскі марш”.

“Выпадкова ці не, але ўчора адбыўся візыт Генадзя Селязьнёва ў Менск, і ў той жа час арыштоўваюць Віктара Івашкевіча, які агучваў менавіта такі сцэнар. І гэта падмацоўвае тое, пра што казаў Віктар”, — лічыць Андрэй Саньнікаў.

Паводле Андрэя Саньнікава, пра затрыманьне Івашкевіча і Ўхналёва ўжо паведамлена міжнароднай супольнасьці, і неўзабаве чакаюцца адпаведныя заявы.

“Адзін з кіраўнікоў Партыі БНФ запрашае на дзень народзінаў аднаго зь лідэраў ПКБ”

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька бачыць у тым, што адбылося ўчора, і пазытыўны фактар.

Менск, 26.09.2007. Прэс-канфэрэнцыя БНФ

“Безумоўна, спэцслужбы прыкладаюць вялікія намаганьні, каб разваліць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Але той факт, што на свой асабісты дзень нараджэньня адзін з кіраўнікоў Партыі БНФ запрашае аднаго зь лідэраў Партыі камуністаў беларускай — у гэтым ёсьць вялікі пазытыў.

Гэта азначае, што кааліцыя існуе ня толькі на палітычным узроўні, але і на ўзроўні асабістых дачыненьняў між людзьмі”, — лічыць Анатоль Лябедзька.

“Падрыхтоўка да “Эўрапейскага маршу” ідзе пасьпяхова”

Адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук зьвяртае ўвагу на тое, што прэвэнтыўныя затрыманьні напярэдадні масавых акцыяў адбываюцца не ўпершыню, аднак...

Менск, 26.09.2007. Прэс-канфэрэнцыя БНФ

“Ёсьць адна нечаканасьць у тым, што Віктара затрымалі за дваццаць дзён да “Эўрапейскага маршу”. Раней такіх сцэнароў не было. Але гэта сьведчыць пра тое, што падрыхтоўка да “Эўрапейскага маршу” ідзе даволі пасьпяхова.

І цяпер улады ня могуць стрымаць гэтай падрыхтоўкі і вырашаюць выцягнуць адно вельмі важнае вязьмо, каб сарваць марш, які адбудзецца 14 кастрычніка”.

“Дыялёг давядзецца весьці праз пракуратуру, суды і Міжнародны трыбунал”

Прадстаўнік прэсавай службы Аляксандра Казуліна, праваабаронца Ігар Рынкевіч, зьвяртае ўвагу на тое, што Віктар Івашкевіч быў прыхільнікам дыялёгу з уладамі:

“А вось гэтымі падзеямі ўлады паказалі, што ніякі дыялёг немагчымы. Я скажу, што дыялёг, відаць, давядзецца весьці праз пракуратуру, суды і, магчыма, Міжнародны трыбунал”.

Што да сёньняшняга вызваленьня Віктара Івашкевіча падчас суду, то прадстаўнікі палітычных партыяў схіляюцца да думкі, што ўлады адцягваюць час з тым, каб ізаляваць палітыка перад “Эўрапейскім маршам”.

• Пратакол адпраўлены на дапрацоўку, Івашкевіча адпусьцілі, 26.09.2007 • Віктара Івашкевіча будуць судзіць за некалькі ўлётак да Эўрапейскага маршу, 26.09.2007 • Затрыманыя арганізатары “Эўрапейскага маршу” Івашкевіч і Ўхналёў , 25.09.2007
XS
SM
MD
LG