Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і ў каго скраў 6-гадовую Міраславу?


Ігар Карней, Менск Лёс яшчэ адной беларускай дзяўчынкі ў цэнтры міжнароднай увагі. Міністэрства юстыцыі Беларусі накіравала запыт польскім калегам наконт знаходжаньня ў Польшчы 6-гадовай Міраславы, дачкі журналісткі “Народнай волі” Вольгі Класкоўскай. Бацька дзяўчынкі вінаваціць былую жонку ў незаконным вывазе Міраславы за мяжу і спробе надаць гісторыі палітычную афарбоўку. Другі бок у спрэчнай сытуацыі выслухаў Ігар Карней.

Віталь Навумовіч у шлюбе з Вольгай Класкоўскай пражыў крыху болей за два гады.

Сёлета ў сакавіку, пасьля таго, як апошні раз кантактаваў з дачкой, падаў запыт у Міністэрства юстыцыі, паколькі ўтрыманьне дачкі Міраславы за мяжой лічыць незаконным.

Спробу палітызаваць сямейную гісторыю ён лічыць неабгрунтаванай і кажа, што цяпер для былой жонкі на першым месцы не дзіця, а нейкія палітычныя дывідэнды:

“Тут абсалютна нічога агульнага з палітыкай. Я ў прынцыпе і раней падзяляў ідэі БНФ, дый цяпер застаюся на гэтых пазыцыях. Але ў дадзеным выпадку адно другога ня тычыцца, разумееце? Яна цяпер зь мяне робіць, ня ведаю, ледзьве не кадэбэшніка, лукашэнкаўскага служку.

Палітыкі тут увогуле няма! На што яна спадзяецца? Я цяпер празь Міністэрства юстыцыі намагаюся вяртаньня дзіцяці. І ў гэтай сытуацыі, верагодна, у яе адзіны шанец — палітыку сюды прыплесьці. Таму што ўсе рашэньні суду на маім баку”.

Дык хто ў каго скраў дзіця? Паводле вэрсіі Віталя Навумовіча, гэта зрабіла Вольга Класкоўская. А ў яго няма магчымасьці кантактаваць з дачкой нават праз тэлефон:

“Як я ва Ўкраіне мог скрасьці дзіця? Мы дамовіліся, што дачка пажыве са мной, перадала мне сама. А потым пачала патрабаваць зь мяне алімэнты. Дзяўчынка ў мяне, а я ёй чамусьці павінен плаціць алімэнты? Я, натуральна, адмовіўся. А яна пачала пагражаць, што ў суд падасьць.

Тады я сам падаў у суд, каб дзіця засталося на выхаваньні ў мяне. Бацькоўскіх правоў яе ніхто не пазбаўляў. Але дзіця пастаянна траўмавалі, казалі: мама добрая, а тата дрэнны. А як мне жыць з дачкой, калі пяцігадовай малой бабуля ўсё гэта ўкладае ў вушы?

У выніку суд яна адстаяла, ёй далі права на кантактаваньне. І ў першы ж дзень сустрэчы яна сапраўды скрала дзіця й вывезла ў Польшчу. Таму гэта абсалютна побытавая праблема”.

Віталь Навумовіч пасьля разводу з Вольгай не ажаніўся і па-ранейшаму спадзяецца на вяртаньне дачкі:

“Ёсьць пытаньні прыватнага характару, разумееце? Ня ведаю, якая яна журналістка, бо не абмяркоўваю яе прафэсійных якасьцяў, але дачцэ лепей са мной. Гэта ўсе ведаюць — і яе бацька, і яе сваякі, якія расказвалі, як яна раней жыла ў Польшчы. Таму тут чыста сямейныя адносіны. А яна хоча якуюсьці палітыку сюды прыцягнуць. Я проста ўражаны...”

Віталь Навумовіч прызнае, што колісь маладымі не разгледзелі адзін аднаго, таму, пасталеўшы, даводзіцца выпраўляць памылкі занадта дарагім коштам, у якім разьменнай манэтай — дзіця:

“Бывае, кожны памыляецца. А што рабіць? Але за памылкі трэба плаціць. Вось я і расплачваюся...”

Бацька Вольгі Класкоўскай, вядомы публіцыст і аналітык Аляксандар Класкоўскі ў размове са мной таксама выказаў меркаваньне: ня варта сямейную драму, калі яна і так ужо здарылася, мяшаць з палітыкай.

• Класкоўская: другую Віку Мароз з маёй дачкі ня зробяць, 27.09.2007
XS
SM
MD
LG