Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: “Ніякіх праблемаў у нас няма. Трэба толькі радавацца”


Міхал Карневіч, Горадня У Нью-Ёрку адбываецца сэсія Генэральнай Асамблеі ААН, з трыбуны якой выступаюць лідэры краінаў сьвету. Каб вы мелі такую магчымасьць, пра што сказалі б з трыбуны ААН? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў на вуліцах Горадні.

Хлопец: “Найперш гаварыў бы пра праблему міжнародных дачыненьняў. Нашай краіне патрэбна гэта вырашаць. А яшчэ пра адсутнасьць дэмакратызацыі ўнутры нашай краіны”.

Хлопец: “Я лічу, што ў нас ня вельмі добрыя дачыненьні з суседнімі краінамі, у тым ліку Заходняй Эўропы. У нас ня вельмі добрая ўнутраная палітыка, паколькі адсутнічае дэмакратыя. У нас дрэнная эканоміка, бо ў краіне вельмі нізкі ўзровень жыцьця. Праблемаў вельмі шмат”.

Спадар: “Я б казаў пра тое, што трэба дамагацца павелічэньня колькасьці насельніцтва, вырашаць дэмаграфічную праблему. Гэта сёньня галоўнае”.

Дзяўчына: “Экалёгія. Вось тое асноўнае, ад чаго залежыць наша здароўе. У ААН я б казала пра гэта”.

Дзяўчына: “У ААН я б казала пра праблему абесчалавечваньня людзей. Людзі сёньня трацяць добрыя чалавечыя якасьці, якія ім неабходныя, каб нармальна існаваць у соцыюме”.

Карэспандэнт: “Якія чалавечыя якасьці вы маеце на ўвазе?”

Дзяўчына: “Самыя простыя: стаўленьне адзін да аднаго. Да прыкладу, калі едзеш у аўтобусе й бачыш, як раптам людзі пачынаюць лаяцца невядома з-за чаго. Гэта вельмі важная праблема”.

Спадар: “Уздымаў бы энэргетычную праблему, праблему Чарнобылю. Але самай галоўнай для нас сёньня зьяўляецца энэргетычная праблема”.

Хлопец: “Я б, напэўна, не закранаў глябальных праблемаў, але вось тое, што ў нас у краіне адмянілі льготы нават для тых, каму яны сапраўды неабходныя, — пра гэта б я казаў”.

Спадар: “У нас шмат праблемаў, але першай я лічу адсутнасьць свабоды слова. І эканоміка наша трымаецца штучна, а яна патрабуе рэформаў. І тое, што мы скіроўваем сваю замежную палітыку толькі на Ўсход — лічу, народу гэта не патрэбна”.

Спадарыня: “Людзям не хапае грошай, добрай працы, і гэта асноўная праблема...”

Спадар: “Ніякіх праблемаў у нас няма. Трэба толькі радавацца. І я пахваліў бы Беларусь, сказаў бы, што гэта самая дэмакратычная краіна ў сьвеце”.

• Генэральная асамблея ААН пачынае працу, 25.09.2007 • А.Вайтовіч: “У ААН нельга абмінуць ніводнай галоўнай тэмы”, 25.09.2007
XS
SM
MD
LG