Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Імёнамі герояў кнігі “Імёны Свабоды” варта назваць вуліцы ў беларускіх гарадах і мястэчках”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 26 верасьня, сераду

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Пачынаючы ад гэтага тыдня мы уводзім прыз - падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы буду абвяшчацца кожную нядзелю у тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24

Зацюканы Беларус: “У нас, як у тых дурняў, усё наадварот: чым больш будавалі камунізм, тым больш ён аддаляўся, чым болей зьбіраем ураджай ці надоі ад каровы, тым больш даражэе хлеб ды масла. Пэнсіі цяпер большыя на сем з паловай адсоткаў. Затое алей – больш чым на сто. Абрыдла ўсё гэта”.

Аляксандр Карусевіч, вёска Калгары Асіповіцкага раёну: “Вось у вёсцы Калгары Асіповіцкага раёна адключылі сьвятло. Пра гэта ніхто не паведаміў. Сёньня 25-га сяджу з раніцы галодны. Ужо 15 гадзіна. А сьвятло ўключаць каля 17.00. У сельсавеце кажуць, што старшыні патэлефанавалі і паведамілі пра адключэньне сьвятла, але яна не палічыла неабходным людзям пра гэта сказаць. Вось мы як быдла тут і сядзім. Галодны я сяджу з раніцы. Вялікі дзякуй, што Вы мяне паслухалі”.

Зіноўеў: “А раскажыце пра абарончае прадпрыемства “АГАТ,” дзе працаваў Віктар Лукашэнка. Дзякуй”.

Спадар: “Паважанае Радыё Свабода, скажыце, ці абавязаны здаровы грамадзянін праходзіць флюараграфія штогод. Ці можна падаць у суд на ўчастковага ўрача?”

Мікалай Куксо, настаўнік-пэнсіянэр, Валожыншчына: “Ад шчырага сэрца хачу падзякаваць Уладзімеру Арлову за энцыкляпэдычную кнігу “Імёны Свабоды,” дзе аўтар выканаў работу цэлага навукова-дасьледчага інстытуту. Дзякую таксама Радыё Свабода за садзейнічаньне ў выданьні гэтай унікальнай кнігі, якая будзе выхоўваць новых і новых змагароў за свабоду. Кніга ўшаноўвае памяць аб змагарах за свабоду Бацькаўшчыны і вучыць самааддана любіць Радзіму. Жыве Беларусь!”

Уладзімер Зьвернік: “Зь вялікім задавальненьнем я прысутнічаў на прэзэнтацыі кнігі Уладзімера Арлова “Імёны Свабоды,” якую бліскуча правёў сам аўтар. Ня меншае задавальненьне я атрымаў, калі пачуў ад некалькіх выступоўцаў, а таксама ад самога спадара Уладзімера пра тое, што разам са знакавымі асобамі беларускай гісторыі ў кнізе знайшлося месца і простым, але ж апантаным барацьбітам за нашу свабоду. Да іх ліку належыць і Вера Церлюкевіч, кранаўшчыца зь Менскага трактарнага. Я ня памятаю таго выпадку, каб на масавых акцыях не было Веры з нацыянальным сьцягам у руках. Мне ж пашчасьціла быць асабіста зь ёю знаёмым.

Мне згадваецца адзін выпадак, мяркую, што нікому, акрамя мяне, не вядомы. Гэта было пасьля аднаго з судовых паседжаньняў, на якіх слухалася “справа” Міхала Чыгіра. Калі пасьля таго, як людзі, якія віталі спадара Чыгіра ля ганка суда, сталі разыходзіцца, да мяне нечакана падышла Вера. Яна лёгка матнула галавой у бок некалькіх маладых хлопцаў у чорных скураных куртках і спыталася, ці не пагаджуся я правесьці яе да тралейбуса, каб тыя хлопцы да яе не прычапіліся. Зразумела, я тут жа пагадзіўся, і мы зь ёю без перашкодаў прайшлі да прыпынку. Там мы цёпла разьвіталіся, і больш я Веру ня бачыў. А потым, у хуткім часе, сэрца моцна сьціснулася, калі я пачуў аб яе сьмерці. Я падтрымліваю прапанову аднаго з выступоўцаў на прэзэнтацыі кнігі аб тым, што, калі прыйдзе час, то імёнамі герояў кнігі варта назваць вуліцы ў беларускіх гарадах і мястэчках, у тым ліку і іменем Веры Церлюкевіч”.

Аляксандр Магілёў: “Добрай раніцы. Радыё Свабода! Хачу паведаміць, як жыльлёва-камунальная гаспадарка атрымлівае дадатковыя грошы, на маю думку, незаконна. У верасьні прыслалі квіток аб дадатковай аплаце за падагрэў вады ад жніўня мінулага году па верасень бягучага. Кожны месяц за ўзгаданы тэрмін я своечасова аплачваў гэтую паслугу. Абапіраючыся на дадзеныя тарыфы разьлікова-касавага цэнтру. На пытаньне, чаму я павінен плаціць дадатковыя грошы, супрацоўніца РКЦ спаслалася на нейкую інструкцыю. У згаданым становішчы я не адзін, і можна ўявіць сабе, колькі дадатковых грошай пойдзе на латаньне дзірак у бюджэце краіны”.

Спадар: “Ня так даўно Натальля Пяткевіч рабіла даклад у ААН аб сэксуальным рабстве жанчынаў. А ў нас зьнікла зьбеглая былая банкірша Віньнікава і апынулася ў краіне, дзе від такіх паслугаў даволі разьвіты. А можа, яна знаходзіцца ў сэксуальным рабстве? Тады чаму дзяржава не трывожыцца за лёс сваёй грамадзянкі, і што ведае пра жыцьцё на чужыне той жанчыны сама спадарыня Пяткевіч?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG