Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Параф’янава: “Сэнс працы калгасьніка — скрасьці, загнаць, выпіць”


Зьміцер Бартосік, Параф’янава, Докшыцкі раён Эфір 25 верасьня

У месцах, куды ўпэўнена дабіваюць сярэднія радыёхвалі зь Вільні, журналіст “Свабоды” можа часам адчуць сябе сапраўднай зоркай.

Як, напрыклад, у Параф’янаве Докшыцкага раёну. “Свабоду” ў гэтых мясьцінах слухаюць ахвотна. І ня толькі з-за чысьціні прыёму.

Першы чалавек, зь якім мне пашчасьціла сустрэцца, настаўніца мясцовай школы Тацяна — спакойная, сярэдніх гадоў кабета, даўняя наша слухачка.

Параф’янава, 25.09.2007. Настаўніца Тацяна

Тацяна: “Хочацца ня быць белай варонай і ведаць другі бок, цікавыя выказваньні. Многа такіх людзей, якіх прыемна паслухаць, і думку іх падзяляеш”.

Мы размаўляем на ганку Тацянінага прыгожага цаглянага дому. Паўсюль, у гародзе, у кветніках, нават на дарожках, паўсюль відаць гаспадарская рука.

Пра сваю вёску спадарыня Тацяна апавядае зь непадробным гонарам:

Тацяна: “Гэта край вельмі веруючы. І, на маю думку, гэта дапамагае людзям адрозьнівацца ад іншых. Духоўная культура вельмі зьмястоўная, людзі ходзяць у касьцёл, у царкву. Гэта дапамагае ім выжыць і паважаць самога сябе як чалавека”.

Карэспандэнт: “Я, дарэчы, не заўважыў тут п’яных. Можа, мне пашанцавала?”

Тацяна: “Пашанцавала? Не. Вунь цяпер аграгарадок будуецца. І аднаго погляду дастаткова, што гэтыя людзі не ўпісаліся ў наш калярыт і ў наш ляндшафт. Таму што яны беглыя людзі, якія на сэкунду тут прыпыніліся. І ў гэтых доміках яны мяняюцца, мяняюцца і мяняюцца.

Тут вясковы чалавек працуе. Хоць мы і настаўнікі, мы працуем закасаўшы рукавы — каб нешта мець. У нас трое дзяцей. Таму, каб выжыць, нам трэба працаваць. Грошай, якія нам плаціць дзяржава, нам недастаткова. Мы сваю гаспадарку маем”.

Карэспандэнт: “А яна прыносіць які-небудзь прыбытак?”

Тацяна: “Толькі для сябе. Прыбытак такі, каб толькі не памерці з голаду й каб можна было неяк канцы з канцамі стачыць. Дзецям мы хочам даць адукацыю. Старэйшая дачка ў дзясятую клясу перайшла. Чухаем патыліцу, як гэта нам рэпэтытараў знайсьці, каб замежную мову, матэматыку крышачку падцягнуць”.

Параф’янава, 25.09.2007. Аграгарадок у Параф’янаве

На супрацьлеглым баку вуліцы красуюцца некалькі стандартных дамкоў, абкладзеных сайдынгам. Ні платоў, ні гаспадарчых пабудоваў — ніякіх прыкметаў жыцьця.

Тацяна: “Яны нічога не зрабілі, каб адчуць задавальненьне. Зямля ім не патрэбная. Вось сена ім прывезьлі, каб яны маглі падтрымаць гаспадарку. Ні ў каго зь іх няма ні каровы, ня кажучы ўжо пра іншую скаціну. Чым дзяцей можна гадаваць, я ня ведаю”.

Вяскоўцы пачынаюць думаць. Асабліва тыя, хто ня п’е, мае сям’ю і каму яшчэ далёка да пэнсіі.

Як, напрыклад, мой наступны суразмоўца, саракагадовы мэханізатар мясцовага СВК. Былы калгас, зь вядомай ініцыятывы Лукашэнкі, даўно далучаны да менскай фірмы “Аграсэрвіс”. Але ці стала ад гэтага каму лягчэй?

Спадар: “Хто працуе? У асноўным вязьні. “Хімія”. Іх расьсялілі па хатах. Яны беспрызорныя”.

Карэспандэнт: “Яны працуюць у сельскай гаспадарцы? Мэханізатарамі?”

Спадар: “Пастухамі, каторым усё да задніцы. Ён скраў, выпіў і балдзее. У тым аграгарадку засталіся такія, якім няма чаго губляць. Гэта першае. А другое, я лічу, калі паставілі дом у сельскай мясцовасьці, дык сарай павінен быць большы за дом. Паставілі куратнік. А калі я карову трымаю? А дзе мне бульбу трымаць? Сьвіньні? Тым больш паставілі ў балота”.

Карэспандэнт: “І многа хімікаў тут?”

Спадар: “Хапае. Іх у кожнай вёсцы напхана. Таму, што працаваць няма каму. Сэнс працы калгасьніка — прыйсьці, скрасьці, загнаць, выпіць. А там ужо як прыйдзецца работаць”.

Да Аляксандра Лукашэнкі стаўленьне вельмі неадназначнае. Зрэшты, адсюль, ня зь Менску, а зь ня самай пасьпяховай вёскі, многае бачыцца ў новым ракурсе.

Спадар: “Пяцьдзясят на пяцьдзясят. Нешта ёсьць у яго добрае. Калгасы трымае з рукамі й нагамі — часткова гэта добра. У тым сэнсе, што, калі б калгасы разваліліся, прыкіньце, якая б маса выкінулася народу ў нікуды.

Цяпер яны крадуць у калгасе і п’юць за гэта. А тады будуць красьці ў мяне. А другі бок мэдаля — ён нічога практычна ня робіць, каб замяніць гэты калгас. Скажам, я жадаю на зямлі працаваць. Каб я ўзяў трактар той самы, зямлю. Няма стымулу. Ён трымае калгасы. Гэта і плюс і мінус”.

Параф’янава, 25.09.2007. Калгас у Параф’янаве

Зрэшты, жывуць у Параф’янаве людзі ня тое што зусім далёкія ад палітыкі, а якія быццам існуюць на сваёй, толькі ім адкрытай плянэце.

Як, напрыклад, зваршчык мясцовага лясгасу Станіслаў Матэцкі. Станіслаў, саракагадовы невысокі вусаты мужычок, з тых, каго называюць дзівакамі. З калгасных палеткаў Станіслаў цягне ня бульбу і не буракі.

Ягоны прадмет упадабаньня вышэйшы. Ён зьбірае камяні. Звычайныя, на погляд недалёкага чалавека, камяні. Але Станіслаў бачыць у сваіх знаходках рэшткі каменнага веку, ён чуе баявыя поклічы краманьёнцаў і ўсполахі колішніх вогнішчаў.



Станіслаў: “Бульбу зьбіралі, дык я трохкутнай формы камень знайшоў. Потым ізноў выпадкова кучай такія камяні апрацаваныя ляжалі, дык я вырашыў, што гэта які першабытны чалавек вырабіў”.

Карэспандэнт: “І вялікая ў вас калекцыя?”

Станіслаў: “На гэтым полі знайшоў, на тым, што за кустамі. Потым на тых палях. Можаце сфатаграфаваць”.

Наколькі моцны ў Станіслава раман з каменем, я пераканаўся, калі пабачыў экспанат, які ляжыць у ягоным двары. Падняць і перавезьці такі цяжар чалавек абы-які ня здолее.

Карэспандэнт: “І гэты камень вы прывезьлі?”

Станіслаў: “Ну”.

Карэспандэнт: “А гэта вам прыносіць нейкае задавальненьне? Ці вы хацелі зацікавіць навукоўцаў?”

Станіслаў: “У школе гісторыя любімы ўрок быў. Дык цяпер, калі трапляецца што цікавае, падбіраю. Выпадковыя знаходкі. Там, дзе соткі мае, часта камяні трапляюцца. У старажытнасьці, мусіць, прылады працы рабілі”.

У Станіслававай пуні ляжыць некалькі дзясяткаў камянёў, у якіх замілаванае вока гаспадара бачыць то сякеру, то жорны.

Станіслаў: “Гэта сфатаграфуйце. Гэта мая першая знаходка на бульбе. Як я мяркую, зерняцёрка. Магу паказаць нават, як ёй карысталіся”.

Паклаўшы адзін на камень кавалак вапны, Станіслаў іншым каменем пачаў гэтую вапну натхнёна “малоць”.

Параф’янава, 25.09.2007. Матэцкі зь зерняцёркай

Станіслаў: “Вось так малолі тады. І зьмяталі мяцёлачкай. Прынцып дзеяньня. Гэта сякера каменная, я лічу. Я паказваў гарадзенскім археолягам, у Старым замку, нейкая жанчына была. Нічога не змагла сказаць. Мясцоваму краязнаўцу адправіў фатаграфію, ён нейкім археолягам адпраўляў. Ня ведаю, чаго яны не прыехалі. Апублікуйце”.

Спадары археолягі, не пакідайце без увагі высілкі спадара Матэцкага. Бо, калі ён знойдзе сапраўдны скарб, ён вас ужо не пакліча.

Калісьці тут былі ўладаньні Віленскай архідыяцэзіі. А ў 1624 годзе тут узьвялі прыгожы мураваны касьцёл. Ад тае пары Параф’янава зьяўляецца цэнтрам каталіцызму на Докшыччыне. Тут вельмі шмат моладзі ходзіць у касьцёл, а таксама спрабуе сябе ў грамадзкім жыцьці.

Аксана Ючкавіч, 17-гадовая абаяльная дзяўчына, спрабуе выдаваць газэту для моладзі. Яна друкуе краязнаўчыя артыкулы, хроніку касьцёльнага жыцьця і вершы.

Карэспандэнт: “Як узьнікла ідэя выдаваць газэту сваю?”

Аксана: “Бачым, якія ёсьць праблемы ў вёсцы, сярод нас, сярод моладзі, і з гэтым патрэбна штосьці рабіць. Немагчыма проста сядзець на месцы. Хтосьці павінен пачынаць тут, у рэгіёне. Калі маем нейкія магчымасьці, можам нешта пісаць, то чаму не?”

Карэспандэнт: “А пра якія праблемы вы кажаце?”

Аксана: “Праблемы моладзі, якія тычацца духоўнага разьвіцьця. Ідзе дэградацыя. Гэта ня можа прывесьці да здаровага разьвіцьця нацыі беларусаў, якія ўвогуле таксама зьнікаюць. Гэта п’янства, гэта алькагалізм, гэта нікатынавая залежнасьць. Распуста моладзі. З гэтым патрэбна змагацца”.

Карэспандэнт: “А вы ведаеце рэцэпт, як з гэтым змагацца?”

Аксана: “Пакуль што не. Пакуль спрабуем паміж сабой. Ладзім нейкія кантакты. Мы вядзем нейкія дыскусіі, абмяркоўваем пытаньні. Потым гэтыя пытаньні выносім за кола сваіх знаёмстваў. Спачатку ўсталёўваем такія сяброўскія дачыненьні.

Бо, калі роўны з роўным, адзін узрост, то гэта значна прасьцей, чым, калі б старэйшы чалавек гаварыў якую мараль для маладых. А мы ў такіх сяброўскіх дачыненьнях можам ладзіць штосьці. Ісьці да людзей і размаўляць зь імі”. Параф’янава, 25.09.2007. Школьніца Аксана з Параф’янава Па-над усім Параф’янавым пануе дзіўны помнік. Капітальная бэтонная стэла, пафарбаваная ў чырвоны колер з патаўшчэньнем наверсе. Стаіць дзіўная канструкцыя каля будынку сельсавету.

Я не адразу здагадаўся, што гэта. Мне патлумачыла старая, што крочыла побач. Як высьветлілася, гэта сапраўды помнік. Найлепшы помнік сёньняшняму часу.

Карэспандэнт: “Гэта што такое?”

Кабета: “Гэта воданапорная вежа гэткая”.

Карэспандэнт: “Такая прыгожая?”

Кабета: “Надта моцны напор вады. Стала трубы рваць. Так яна і стаіць, як маяк”.

Параф’янава, 25.09.2007. Воданапорная вежа ў Параф’янаве
XS
SM
MD
LG