Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартыралёг “Свабоды”: Флягонт Валынец


Радыё Свабода Сто імёнаў, сто лёсаў, сто дзён

ВАЛЫНЕЦ Флягонт (27.12.1878 (8.1.1879), Вялейка – 27.11.1937, Салаўкі, НКВД), грамадзка-паліт. дзяяч, публіцыст, пэдагог. У 1900 скончыў курсы падрыхтоўкі народных настаўнікаў пры Сьвянцянскай народнай вучэльні. Настаўнічаў на Віленшчыне. За паліт. ненадзейнасьць пазбаўлены права выкладаць. Працаваў страхавым агентам. У 1916-17 служыў вайскоўцам у Менску. Зь ліст. 1917 гарадзкі галава Вялейкі, зь лютага 1918 старшыня гарсавету; у часе нямецкай акупацыі абраны жыхарамі гораду бурмістрам. У 1920-х неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі. З 1926 у БСРГ, са сьнеж. 1927 сябра Галоўнай управы Таварыства беларускай школы. Разам з сэнатарам А.Уласавым і Р.Шырмам удзельнічаў у працы павятовых і акруговых управаў ТБШ. У 1928 і 1930 абіраўся дэпутатам польскага сэйму. Адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнай арганізацыі «Змаганьне». Пасьля роспуску сэйму 30.8.1930 арыштаваны; член КПЗБ з 1932. 15.9.1932 у выніку абмену паліт. зьняволеных пераехаў у Менск. Працаваў у Наркамаце камунальнай гаспадаркі БССР. Арыштаваны 31.8.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.1.1934 Калегіяй ГПУ БССР прысуджаны да расстрэлу, замененага на 10 гадоў лягераў. Сасланы на Салаўкі. 9.10.1937 Асобай «тройкай» УНКВД Ленінградзкай вобл. прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны па абодвух прысудах 16.8.1956. Літ.: ЭГБ, т. 2.

***

Ад 1 верасьня на сайце “Мартыралёг Беларусі” друкуюцца біяграмы ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў - усяго каля 60 тысячаў імёнаў людзей, якія былі расстраляныя, зьняволеныя ў канцлягерах, высланыя зь Беларусі ў гады савецкага тэрору.

Штодня ад 1 верасьня да 10 сьнежня – Усясьветнага дня правоў чалавека – у эфіры “Свабоды” мы узгадваем адно імя, успамінаем пра адно жыцьцё, расказваем пра адзін лёс з сотняў тысячаў, абарваных камуністычным рэжымам.

Сьпісы ахвяраў - на сайце martyraloh.org - даступныя праз сайт svaboda.org.
XS
SM
MD
LG