Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскім уладам прапанаваны альтэрнатыўны плян рэгенэрацыі цэнтру гораду


Ігар Карней, Менск Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры перадало на разгляд Менскага гарвыканкаму альтэрнатыўны праект рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру Менску. Аўтар праекту, былы галоўны інспэктар у ахове гісторыка-культурнай спадчыны гарвыканкаму Ўладзімер Папруга. Як кажа кіраўнік таварыства Антон Астаповіч, плянам прадугледжваецца захаваньне пакуль яшчэ ня зьнішчанай гістарычнай забудовы сталіцы, а таксама стварэньне прывабных умоваў для патэнцыйных інвэстараў. Пры цяперашнім камэрцыйным засваеньні Старога гораду, адзначаюць спэцыялісты, урэшце не застанецца ні аўтэнтычных муроў, ні інфраструктуры, якая ўяўляла б інтарэс для дзелавых людзей.

Цягам двух дзён старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч намагаўся перадаць у прыёмную старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава пакет дакумэнтаў з альтэрнатыўным плянам аднаўленьня гістарычнага цэнтру сталіцы. Чыноўнікі выканкаму раілі альбо даслаць прапановы поштай, альбо пакінуць на вахце ў міліцыянта. Толькі пасьля таго, як спадар Астаповіч зьявіўся да будынку ў суправаджэньні журналістаў, чыноўнікі павярнуліся да наведніка тварам:

“Намесьніца начальніка аддзелу кантролю і дакумэнтазвароту Тацяна Арлова выйшла і асабіста прыняла гэтыя дакумэнты. А калі ўжо гаварыць канкрэтна, дык вядомы беларускі архітэктар Уладзімер Папруга цягам пяці гадоў распрацоўваў альтэрнатыўны праект рэканструкцыі, рэгенэрацыі і рэстаўрацыі гістарычнага цэнтру Менску. Ягоная праца, якая, зробленая ім з уласнай ініцыятывы, па вялікім рахунку, каштуе сотні мільёнаў рублёў, калі замаўляць ліцэнзаванай праектнай арганізацыі. Ён жа яе папросту падараваў нам. Але папрасіў, каб Таварыства перадало праект на разгляд у гарвыканкам. І пажадана, каб праект патрапіў на стол да Паўлава”.

Карэспандэнт:“У свой час спадар Папруга працаваў у адпаведным ўпраўленьні Менгарвыканкаму...”

Астаповіч:“За што зь ім і кантракт не працягнулі ў 2005 годзе. Менавіта за ягоную прынцыповую пазыцыю. Вось і ўсё”.

Карэспандэнт: “А ці быў ужо тады гатовы гэты праект? Альбо ён над ім толькі працаваў?”

Астаповіч:“ “Не, ён тады толькі пачынаў працу. А пачаў ён распрацоўваць праект у 2003 годзе, як прыйшоў на пасаду. Праект, дарэчы, інвэстыцыйна прывабны. Ён прадугледжвае звыш 250 тысяч квадратных мэтраў патэнцыйных інвэстыцыйных плошчаў. Гэта ж шалёныя плошчы! Пры гэтым не ў самім гістарычным цэнтры, а вакол яго. Прадугледжваецца і перанакіраваньне транспартных патокаў. Але самае галоўнае, што гэта не вымагае вялікіх выдаткаў. Проста патрэбная воля гарвыканкаму”.

Карэспандэнт: “Вы самі бачыце, што зараз адбываецца ў Старым і Верхнім горадзе. Насамрэч верыце, што ўсё яшчэ можна павярнуць назад?”

Астаповіч:“ “Для гэтага патрэбна, яшчэ раз кажу, нават не палітычная воля дзяржавы, а нармальная воля на ўзроўні гарвыканкаму. Альтэрнатыўны праект ня толькі прадугледжвае паварот назад, але і вельмі выгадныя магчымасьці для інвэстараў. Тое, што адбываецца зараз у Верхнім горадзе, невытлумачальна, бо там аб’екты ўнесеныя ў асноўным у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны пад другой катэгорыяй.

А ёсьць яшчэ гістарычны цэнтар. Гэта вялікая тэрыторыя: Рэвалюцыйная, Няміга, Інтэрнацыянальная, Ракаўскае прадмесьце – вуліцы, унесеныя ў сьпіс пад першай катэгорыяй. Яны маюць усясьветнае значэньне. А якраз там увесь гэты гвалт, парушэньні робяцца. І інвэстыцыйныя магчымасьці там досыць малыя. Які можа быць інтарэс для інвэстара, калі ён незаконна круціць там інвэстыцыі? Ужо ёсьць прыклад: на рагу Камсамольскай і Нямігі з парушэньнем паставілі на месцы гістарычных будынкаў сучасны будынак. А потым яго перадалі іншаму інвэстару на той падставе, што першы інвэстар з парушэньнем заканадаўства ўсё гэта паставіў. Нават і інвэстары ў гэтай справе “падстаўленыя”.

Карэспандэнт: “Калі адбыўся пераломны пэрыяд, пасьля чаго аўтэнтычныя муры перасталі цікавіць гарадзкое начальства?”

Астаповіч: “Скажу так: канкрэтная небясьпека над гістарычным цэнтрам навісла з пачатку 2000 году. У сярэдзіне і пры канцы 1990-х яшчэ тое-сёе рабілася паводле закону. Хоць у прынцыпе спадаром Бубноўскім, які тады кіраваў Камітэтам у ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, ужо тады была закладзеная заганная традыцыя, калі гістарычны будынак разьбіралі і рабілі на яго месцы муляж з сучасных матэрыялаў. І ўкручвалі на гэты муляж шыльдачку “гісторыка-культурная каштоўнасьць”. А менавіта татальнае зьнішчэньне пачалося ў 2002 годзе. Калі, сказаць дакладна, працэсу разбурэньня было зялёнае сьвятло дадзена”.

Згодна з заканадаўствам, на запыт грамадзяніна дзяржаўная ўстанова мусіць даць пісьмовы адказ цягам месяца. Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа, што ня будзе чакаць ні дня пасьля акрэсьленага законам тэрміну.

Плянам архітэктара Ўладзімера Папругі прапанаваны альтэрнатыўны эскізны генэральны плян рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру Менску. Ён прадугледжвае захаваньне існуючай і аднаўленьне старой забудовы, рэканструкцыю пэрымэтра страчаных вуліцаў у аб’ёмах традыцыйнай забудовы, а таксама больш шырокія ў параўнаньні з цяперашнімі магчымасьці для інвэстараў.

Менск, 25.09.2007. Цяперашняя перабудова гістарычнага цэнтра Менску: рэканструкцыя ці муляж? Менск, 25.09.2007. Цяперашняя перабудова гістарычнага цэнтра Менску: рэканструкцыя ці муляж? Цяперашняя перабудова гістарычнага цэнтра Менску: рэканструкцыя ці муляж?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG