Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вучаць апазыцыю суды ў Наваполацку?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных СМІ Беларусі за 26 верасьня.

Інтэрнэт-газэта з Наваполацку Ximik.info аналізуе вынікі судоў над мясцовымі актывістамі Валерам Шаўчэнкам, Ігарам Сухарукавым і Антонам Ясіновічам. Гэтыя працэсы адбыліся ўчора, 25-га верасьня. Справы былі адметныя тым, што ўпершыню ў Беларусі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньні парадку адкліканьня дэпутатаў парлямэнту. Кіраўнік інтэрнэт-праекту Андрэй Аляксандраў убачыў у гэтай гісторыі і павучальны момант для дэмакратычных сілаў.

“Улады адсочваюць тых, хто супраць, і ў дадзеным выпадку знайшлі фармальную падставу для рэпрэсіяў, паколькі быў выкарыстаны мэханізм адкліканьня дэпутатаў, які не прадугледжаны законам. Гэта мусіць быць сыгналам для ўсіх актывістаў. Ім трэба ставіцца больш прафэсійна і пільна да сваёй справы”.

Як выжыць чалавеку, у якога згарэў дом і няма сваякоў, да якіх можна хаця б на зіму пераехаць? “Народная воля” дасьледуе надзвычайную сытуацыю на прыкладзе жыхаркі пасёлку Дзятлава Гарадзенскай вобласьці. Артыкул калегі Леанарды Юргілевіч прэзэнтуе журналістка Марына Коктыш.

“Артыкул называецца “Гарушчая”. У ім пра лёс жанчыны, у якой згарэў дом, і яна працяглы час жыла дакладна ў трушчобах. Пра тое, як яна гатавала сабе ежу, як зімой ратавалася ад маразоў. І пра тое, як да яе прыехаў прадстаўнік мясцовай улады, убачыў у якіх яна ўмовах жыве і ... дапамог ёй пабудаваць новую хатку”.

Нумар газэты “Брестский курьер” за 26 верасьня адкрываецца рэпартажам зь мітынгу прадпрымальнікаў, які напярэдадні прайшоў на мясцовым стадыёне. У абласным цэнтры працуе некалькі тысяч прадпрымальнікаў, на мітынг сабраліся каля двухсот прадстаўнікоў малога бізнэсу, але і гэтай актыўнасьці хапіла, каб казаць пра станоўчыя вынікі,–мяркуе рэдактар газэты Мікалай Аляксандраў.

“Тое, што ўлады дазволілі правесьці мітынг, і тое, што была прынятая заява супраць указу, які абмяжоўвае кола нанятых на працу,– гэта ўсё сьведчыць пра станоўчыя зрухі. Рэпартаж працягвае аналітычны матэрыял пра праблемы прадпрымальнікаў, іх лёсы. Вось такая атрымалася цэнтральная тэма нумару”.

Людзям, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю ня толькі з падручнікаў, а з першакрыніцаў, лідзкая газэта “Наша слова” прапануе працяг ўспамінаў Эдварда Вайніловіча, лідэра польска-беларускай групы дэпутатаў Дзяржаўнай Рады ў Расеі часоў цара Мікалая другога. Нагадаю, Эдвард Вайніловіч вядомы таксама як фундатар славутага Чырвонага касьцёла ў Менску. Рэдактар газэты Станіслаў Суднік распавядае:

“У гэтай частцы ён расказвае пра рознагалосьсі паміж кароннымі дэпутатамі і крэсавымі. Фактычна на той момант у верхняй палаце першай Дзяржаўнай думы дэпутаты ад Польшчы, гэтак званыя каронныя, адмовіліся ад ўсякіх прэтэнзіяў на тое, каб нейкім чынам уплываць на падзеі ў Беларусі. Сказалі: “Разьбірайцеся самі”. А дэпутаты ад Беларусі ўсе былі каталікамі, “пальшчызну” яшчэ трохі падтрымлівалі, але рэзка аддзялялі сябе ад каронных”.
XS
SM
MD
LG