Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарга на ліквідацыю дайшла да гарадзкіх няўрадавых арганізацыяў


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Менскі гарадзкі суд будзе вырашаць пытаньне пра ліквідацыю гарадзкога грамадзкага аб’яднаньня “Супольнасьць”. “Супольнасьць” была адной з заснавальніц “Асамблеі няўрадавых арганізацыяў”.

У Менскім гарадзкім судзе сёньня мае быць пастаўленая кропка ў справе ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня “Супольнасьць”. Ад моманту заснаваньня ў 1995 годзе арганізацыя прайшла некалькі перарэгістрацыяў.

Сёлета 22 чэрвеня чыноўнікі юрыдычнага аддзелу Менгарвыканкаму накіравалі ў “Супольнасьць” тры заўвагі. Паводле першай, сябры арганізацыі нібыта не адказвалі на іхныя лісты. Другая заўвага канстатавала, што адзін зь сяброў арганізацыі ня мае менскай прапіскі. Трэцяя тычылася таго, што “Супольнасьць” зьяўляецца заснавальніцай “Асамблеі няўрадавых арганізацыяў”.

Паводле сяброў Рады арганізацыі, гэта і ёсьць сапраўднай прычынай ліквідацыі. Пры гэтым сябры “Супольнасьці” падкрэсьліваюць, што арганізацыя ніколі ня ставіла перад сабой палітычных мэтаў. Гаворыць Тамара Мацкевіч, кіраўніца адукацыйнага аддзелу “Супольнасьці”:

“Мы падрыхтавалі шэраг кніг. Такіх як “Дапаможнік беларускага настаўніка”, “Дапаможнік беларускага журналіста”. Займаліся асьветніцкай працай сярод грамадзкіх актывістаў, настаўнікаў, маладых журналістаў. Думаю, што сапраўднай прычынай закрыцьця нашай арганізацыі ёсьць тое, што мы ніколі не хавалі сваю дэмакратычную накіраванасьць. Усё, што мы рабілі,–было дзеля таго, каб пабудаваць грамадзянскую супольнасьць у дэмакратычнай Беларусі”.

Грамадзкае аб’яднаньне “Супольнасьць” было зарэгістравана ў Менгарвыканкаме як гарадзкая арганізацыя. Старшыня Рады Сяргей Мацкевіч лічыць, што, калі летась ліквідавалі ў асноўным тыя дэмакратычныя арганізацыі, якія былі зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі як рэспубліканскія, дык сёлета настала чарга гарадзкіх суполак.

“Дзяржава варожа ставіцца, на жаль, да ўсіх непадкантрольных ёй ініцыятываў. У тым ліку да грамадзкіх арганізацый, палітычных партый. Яны ўвесь час знаходзяцца пад ціскам улады. Цяпер сытуацыя такая, што выкарыстаньне назвы “Супольнасьць” можа прывесьці да крымінальнай адказнасьці. Магчыма, мы будзем дамаўляцца працаваць разам з нашымі партнэрскімі арганізацыямі, зь якімі ўвесь час супрацоўнічалі”.

Першае судовае паседжаньне ў справе ліквідацыі “Супольнасьці” адбылося 12 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG