Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбокае: прыхільнікі беларускамоўнага навучаньня аказаліся ў меншасьці


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць У глыбоцкай школе №3 прайшла канфэрэнцыя выкладчыкаў, бацькоў і навучэнцаў, якая зацьвердзіла зьмены ў школьным статуце. Зьмены закранулі перадусім моўны рэжым школы: у дагэтуль цалкам беларускамоўнай школе дазволена ствараць клясы з расейскай мовай навучаньня.

Дзьве расейскамоўныя клясы ўжо існуюць у школе №3 ад 1-га верасьня. І праект адпаведных зьменаў у статуце, паводле прысутнага на канфэрэнцыі настаўніка матэматыкі Івана Храпавіцкага, быў складзены загадзя – яшчэ да абмеркаваньня.

Спадар Храпавіцкі распавёў таксама, што зранку ў школу прыяжджаў начальнік раённага аддзелу адукацыі Раман Тарасевіч, каб сустрэцца з настаўнікамі-дэлегатамі. Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што ініцыятыва стварэньня клясаў з расейскамоўным нгавучаньнем належыць бацькам, якія маюць права абіраць навучальную ўстанову і мову навучаньня для сваіх дзяцей згодна з Законам аб адукацыі.

На канфэрэнцыю былі запрошаныя прадстаўнікі бацькоў – 123 дэлегаты. Іхныя пазыцыі, што да мовы навучаньня, былі неадназначныя: 28 чалавек выказаліся супраць зьменаў у статуце і захаваньне беларускамоўнай школы, 18 чалавек устрымаліся, 61 дэлегат выказаўся за стварэньне клясаў з расейскай мовай навучаньня. Яшчэ 16 галасоў падліковая камісія не далічыла, але й высьветляць меркаваньні гэтых людзей ніхто ня стаў. Было вырашана, што зьмены ў статуце падтрымала большасьць дэлегатаў.

На думку Івана Храпавіцкага, гэтая акалічнасьць яшчэ раз даказвае, што правядзеньне канфэрэнцыі было чыстай фармальнасьцю.

Назіраў за правядзеньнем імпрэзы прадстаўнік абласной управы адукацыі Васіль Горбыль. Карэспандэнта незалежнай газэты "Вольнае Глыбокае" на канфэрэнцыю не пусьцілі.

Глыбокае: лёс беларускамоўнага навучаньня вызначыць галасаваньне, 25.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG