Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бясплатныя шэнгенскія візы для беларусаў пакуль на ўзроўні пажаданьняў


Уладзімер Глод, Менск Прэзыдэнты чатырох краінаў (Вугоршчыны, Польшчы, Славаччыны ды Чэхіі), што ўваходзяць у Вышаградзкую групу, выступілі зь ініцыятывай зрабіць візы для бліжэйшых суседзяў, – прынамсі, для беларусаў, – бясплатнымі. Гэта можа адбыцца пасьля таго, як краіны Вышаградзкай групы ўвойдуць у шэнгенскую зону. Наколькі гэтыя пэрспэктывы рэальныя?

Прэсавы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Моніка Садкоўска называе ініцыятыву чатырох прэзыдэнтаў “палітычнай дэклярацыяй”:

“Гэта трэба разглядаць перадусім як палітычную заяву. Гэта ёсьць жаданьне згаданых дзяржаваў палегчыць візавы рэжым, палегчыць умовы для атрыманьня ўязных візаў. Але, паўтаруся, гэты крок трэба разглядаць як палітычную дэклярацыю, бо рашэньні, якія тычацца непасрэдна атрыманьня шэнгенскіх візаў, прымаюцца ўсімі краінамі, што ўваходзяць у гэтую зону. І гэта ня можа быць зроблена, так бы мовіць, у аднабаковым парадку.

Усё гэта трэба абавязкова абмеркаваць. І таму пакуль вельмі цяжка казаць, як адрэагуюць на гэтую заяву іншыя краіны і што будзе пазьней. І таму я магу толькі канстатаваць, што ёсьць жаданьне некаторых краінаў, каб умовы перамяшчэньня значна не зьмяніліся і не пацягнулі за сабою дадатковых цяжкасьцяў”.

“Сябры Шэнгенскага пагадненьня ня маюць права ў аднабаковым парадку адмяняць візавыя зборы”

У Эўрапейскім Зьвязе цяпер старшынюе Партугалія. А паколькі амбасады гэтай краіны ў Беларусі няма, мясцовае кіраўніцтва ў Менску ажыцьцяўляе амбасада Славаччыны. Яе кіраўнік Любамір Рэгак распаўсюдзіў з нагоды заявы чатырох прэзыдэнтаў спэцыяльную заяву. У дакумэнце адзначаецца, што “палітычная падтрымка прэзыдэнтаў усіх чатырох дзяржаваў зьяўляецца вельмі важнай”. Але разам з тым у заяве канстатуецца, што “прэзыдэнты Вышаградзкай чацьвёркі ня маюць паўнамоцтваў прыняць такое рашэньне... А асобныя сябры Шэнгенскага пагадненьня ня маюць права ў аднабаковым парадку адмяняць візавыя зборы”.

Намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі лічыць, што тэма ільготных альбо бясплатных візаў для грамадзянаў Беларусі зьяўляецца вельмі важнай:

“Я думаю, што яна павінна гучаць у рамках эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, пра якую нам заяўляе Эўразьвяз. Яна непасрэдна зьвязаная з разьвіцьцём памежнага супрацоўніцтва. І палітыка Вышаградзкай групы вельмі рэальна адлюстроўвае сытуацыю, зьвязаную з разьвіцьцём гэтай палітыкі. Гэта, зразумела, пажаданьне. Але яно, мне падаецца, можа рэальна ажыцьцявіцца адносна насельніцтва, якое жыве ў памежных рэгіёнах.

Калі б гэта было рэалізавана, дык такое рашэньне Эўразьвязу насамрэч пацьвердзіла бы іх жаданьне рэалізаваць палітыку добрасуседзтва з усходнімі краінамі, якія знаходзяцца на рубяжах Эўразьвязу”.

Ван дэр Ліндэн заклікаў палегчыць працэдуру атрыманьня візаў грамадзянамі Беларусі

Тым часам польская віза для беларусаў ад 1-га лістапада будзе каштаваць 60 эўра. У амбасадзе Польшчы гэты крок тлумачаць тым, што зь лістапада тут пачынаюць працаваць згодна з шэнгенскімі правіламі, хаця мяркуецца, што Польшча далучыцца да Шэнгену не раней за 2008-ы год.

Моніка Садкоўска з гэтай нагоды дае такое тлумачэньне:

“Візы, якія мы будзем выдаваць з 1-га лістапада да канца сьнежня, нельга назваць шэнгенскімі ў поўным сэнсе гэтага слова. Яны ня будуць даваць магчымасьць падарожнічаць па ўсёй шэнгенскай зоне. Яны даюць права толькі на ўезд на тэрыторыю Польшчы”.

Учора прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн падчас свайго візыту ў Літву заклікаў Эўразьвяз палегчыць працэдуру атрыманьня візаў грамадзянамі Беларусі, а таксама ўсталяваць разумны візавы збор, які адпавядаў бы фінансавым магчымасьцям шэраговых грамадзянаў.

Цяпер грамадзяне Беларусі могуць бязь візаў езьдзіць ва ўсе краіны СНД, акрамя Туркмэністану, а таксама на Кубу, у Сэрбію, Вэнэсуэлу, Паўночную Карэю і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG