Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла аўдыёкніга Міколы Ермаловіча


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў Менску прэзэнтаваная кніга Міколы Ермаловіча з сэрыі “Гукавая кніга па-беларуску”. Гэта першае выданьне паэзіі, філязофіі і публіцыстыкі Міколы Ермаловіча. Аўдыёкніга выдадзеная намаганьнямі грамадзкага аб’яднаньня “Ветэраны адраджэньня”, Культурніцкай камісіі партыі БНФ і іншымі ініцыятывамі.

У асяродку навукоўцаў, выкладчыкаў і дэмакратычнай грамадзкасьці Мікола Ермаловіч вядомы як выбітны гісторык. Яму належыць грунтоўная праца па дасьледаваньню гісторыі старажытнай Беларусі, якая зьняпраўджвае многія афіцыйныя дагматы. Аднак у аўдыёвыданьні Мікола Ермаловіч паўстае ў новым абліччы, кажа адзін з выдаўцоў Франак Вячорка:

“У гэтай кнізе сабраныя вядомыя і невядомыя тэксты Міколы Ермаловіча. На жаль, ён ужо нябожчык, але такое адчуваньне, што прадказаў тое, што мы сёньня маем у Беларусі: татальнае прыніжэньне і вынішчэньне ўсяго нацыянальнага не беларускімі сіламі. А таксама раскрыў спосаб змаганьня з гэтым”.

Выданьне кнігі Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь” напрыканцы 1980-х сталася надзвычайнай падзеяй і паўплывала на сьветапогляд сотняў людзей. Ня меншае ўражаньне здольная зрабіць і аўдыёкніга публіцыста і філёзафа Міколы Ермаловіча, перакананы рэжысэр Валеры Мазынскі:

“Ён пісаў тое, на што не адважыўся, па-мойму, ніводзін з нашых паэтаў. Ён праўдзіва пісаў пра той час, і для мяне гэта было вялікае адкрыцьцё. Мы кажам, што дысыдэнтаў у нас не было. Вось гэта быў абсалютны дысыдэнт”.

У аўдыёкнізе Міколы Ермаловіча Валеры Мазынскі начытвае 7 гадзінаў тэксту аўтара.

Як паведаміў Франк Вячорка, у сэрыі “Гукавая кніга па-беларуску” выйшлі таксама вершы Максіма Багдановіча, падрыхтаваныя да выданьня творы клясыкаў беларускай і замежнай літаратуры:

“Аўдыёкнігі, пераклады на беларускую мову кінастужак і іншае мы ўкладаем у канцэпцыю нэаадраджэньня. Тое, што рабілася напачатку 1990-х гадоў, усё гэта патрэбна людзям і сёньня. Менавіта культура, на мой погляд, здольная зьмяніць нашую рэчаіснасьць. А таксама абудзіць грамадзтва да нейкіх пераменаў”.
XS
SM
MD
LG