Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: на волю выйшаў моладзевы актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі ў другой палове дня на волю з ізалятара часовага ўтрыманьня выйшаў моладзевы актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка. За кратамі моладзевы актывіст трымаў галадоўку пратэсту.

Блізу шостай гадзіны вечару на вуліцу Міжгароднюю, 26 сустракаць яго прыйшлі маладыя людзі зь белымі й чырвонымі гваздзікамі, прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў гораду.

Аднак Зьміцер выйшаў ня з брамы ізалятару, а прыехаў ужо з Цэнтральнага райаддзелу міліцыі. Прыкладна за паўтары гадзіны да вызваленьня актывіста забралі з ізалятару ў пастарунак, дзе намесьнік начальніка маёр Яфіменка патрабаваў даць тлумачэньні, якім чынам у горадзе зьявіліся ўлёткі ў яго падтрымку.

Жалезьнічэнка: “Там быў сьмешны выпадак. Хутчэй за ўсё, яны баяліся, што мяне будуць сустракаць людзі, і яны хацелі, каб я іх не пабачыў. Прывезьлі па надуманай прычыне. Яны ўзялі ўлёткі, у якіх напісана, што мяне затрымалі, і затрымалі незаконна, і што я зараз знаходжуся ў ізалятары. Міліцыянты казалі, што нібыта я гэтыя ўлёткі распаўсюджваў. Натуральна, мяне пасадзілі, я ўзяў падпольную друкарку ў камэры нумар 12, узяў кампутар, фотаздымак вялікі і зрабіў. Ну і з вакна камэры пачаў раскідваць”, – пажартаваў Зьміцер.

Да сярэдзіны верасьня Зьміцер вучыўся на трэцім курсе матэматычнага факультэту Гомельскага ўніверсытэту імя Францішка Скарыны. Сярэдні бал яго адзнакаў за чатыры сэмэстры склаў 9,3. За выдатную вучобу студэнт атрымліваў падвышаную стыпэндыю. Акрамя таго, Зьміцер Жалезьнічэнка браў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці. На падставе дакладной запіскі дэканату матэматычнага факультэту рэктар унівэрсытэту Аляксандар Рагачоў падпісаў загад пра адлічэньне трэцякурсьніка Жалезьнічэнкі нібыта за “сыстэматычнае парушэньне Правілаў унутранага распарадку”.

17 верасьня супраць моладзевага актывіста з удзелам міліцыі была ўчыненая правакацыя. Зьміцера вінавацілі напачатку ў згвалтаваньні, а пасьля склалі пратаколы пра брыдкаслоўе й непадпарадкаваньні міліцыі.

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Марына Дамненка на падставе міліцэйскіх пратаколаў пастанавіла арыштаваць актывіста на 8 сутак за дробнае хуліганства, і ў дадатак аштрафавала на 620 тысячаў рублёў нібыта за непадпарадкаваньні міліцыі.

На знак пратэсту супраць уціску й перасьледу студэнта-выдатніка ў горадзе ў людных месцах зьявіліся ўлёткі ў падтрымку Жалезьнічэнкі.

Прывітаць моладзевага актывіста прыехаў зь Менску ў Гомель і намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч.

“Па-першае, Зміцер зьяўляецца актывістам нашай моладзі. Я прыехаў выразіць яму сваю салідарнасьць і паказаць, што, нягледзячы на выключэньне з унівэрсытэту, і тое, што ён адсядзеў гэты тэрмін, ён стаў толькі больш вядомым. У яго павялічваецца магчымасьць дзейнічаць і працаваць”.

Зьміцер Жалезьнічэнка пасьля выхаду на волю, Гомель
Зьміцер Жалезьнічэнка пасьля выхаду на волю
XS
SM
MD
LG