Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 25 верасьня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць заяву кіраўніка фірмы “БелЕвросеть” Алеся Мухіна, які выказаў меркаваньне, што ў Беларусі могуць быць закрытыя 95% усіх інтэрнэт-крамаў дзеля “супярэчлівых патрабаваньняў заканадаўства, якое іх рэгулюе”. Камэнтар:

“Хто разумее, той купіць праз інтэрнэт па-за Беларусьсю”.

На сайце “Наша Ніва” абмяркоўваюць інфармацыю пра тое, што цяпер беларусы будуць плаціць за праверку ўласнай пошты.

Камэнтары:

«Глядзіце, каб і за прачытаньне электронных лістоў "адпаведнымі" органамі не прыйшлося плаціць!»;

«Цi ведаеце, як у Беларусi ажыцьцяўляецца дастаўка бандэроляў хуткай мiжнароджнай поштай DHL? Што шчасьлiвыя атрымальнiкi з усёй краiны павiнны ехаць у аэрапорт Менск-2 i губляць дзень у чэргах на мытнi?»

agafon-bel піша ў сваім дзёньніку пра назіраньне за 13-15-гадовымі школьнікамі, якіх сёньня кіравалі на вёску на сельгаспрацы: “Натуральна, ніхто дазволу бацькоў не пытаўся, і за працу дзецям ня плацяць. Тое, што ганяюць дарослых – ня так брыдка: мы самі ў стане сябе абараніць. Але дзіцё безабароннае. Дзіўна, чаму наша апазыцыя не пратэстуе супраць такога барбарства. Калі мой сын дарасьце да гэтага ўзросту – я буду змагацца”. Камэнтары:

“Сумна з-за таго, што ўсім (у тым ліку й бацькам) пляваць на правы дзяцей”;

“Рацыя. Калі ў школе сына маёй знаёмай паспрабавалі ўвесьці форму, яна пайшла да дырэктара, і мякка патлумачыла, якія артыкулы закону тая парушае. І ўсё. Ніхто аніякай формы ня носіць”.

Silverrebel публікуе ў сваім блогу фотаздымак выступу поп-сьпявачкі Алесі Ярмоленкі ў адной зь сярэдніх школаў. На фотаздымку сьпявачка у вельмі кароткіх шортах у абліпку трымае мікрафон павярнуўшыся задам да 11-12 гадовых хлопчыкаў. На тварах школьнікаў усьмешкі, зьдзіўленьне... Адзін адкрыў рот, і навеў аб’ектыў фотаапарата ў мабільным тэлефоне акурат ніжэй паясьніцы Алесі Ярмоленкі. Камэнтары:

“Пакажыце фота яго маме”;

“Куды глядзелі дарослыя!?”;

“Гэта гадуецца любоў да радзімы :)”

“Чаму на фота адны хлопчыкі?!;”

“Я думаю, у кадр трапілі тыя, хто кінуўся глядзець цікавостку”.
XS
SM
MD
LG