Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральная асамблея ААН пачынае працу


Тацяна Поклад, Прага 62-я Генэральная асамблея ААН у Нью-Ёрку пачынае сваю працу. Сёньня з трыбуны Генэральнай асамблеі ААН выступяць прэзыдэнты Ірану і ЗША. Больш за 100 кіраўнікоў дзяржаваў сабраліся ў Нью-Ёрку, цягам тыдня будзе адбывацца інтэнсіўная дыпляматычная праца.

Напярэдадні цягам некалькіх дзён у Нью-Ёрку адбываліся сустрэчы на высокім узроўні па праблемах Іраку, Аўганістану, а таксама ў пытаньнях зьмены клімату.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун сказаў, што спадзяецца на працяг высокай дыпляматычнай актыўнасьці і цягам наступных месяцаў:

“Я думаю, гэта будзе пэрыяд найбольш інтэнсіўнай шматнацыянальнай дыпляматыі за ўвесь час гісторыі ААН. Паколькі мы добра пачалі працу ў 21 стагодзьдзі, ААН застаецца глябальным форумам, дзе абмяркоўваюцца праблемы і распрацоўваюцца іх рашэньні”.

Срджан Керым, новаабраны прэзыдэнт генэральнай асамблеі, кажа, што зьмена клімату – галоўнае пытаньне парадку дня. Важнасьць гэтай праблемы падкрэсьліў і Пан Гі Мун, які ўчора правёў форум па пытаньнях глябальнага пацяпленьня з удзелам кіраўнікоў больш як 70 краінаў.

Цяпер ужо ідзе падрыхтоўка да сьнежаньскага саміту па праблемах глябальнага пацяпленьня, ён мае адбыцца ў Інданэзіі, на высьпе Балі.

На парадку дня таксама праца ў накірунку да мэтаў ААН дзеля разьвіцьця у новым тысячагодзьдзі – зьмяншэньне беднасьці і прагрэс ва ўнутраных рэформах ААН, і, вядома, праблема, якая, паводле Керыма, непакоіць кожнага:

“Змаганьне з тэрарызмам – таксама адно з важнейшых пытаньняў на сэсіі. Мы павінны ўзмацніць барацьбу і супрацоўніцтва краінаў, каб выкарыстаць моцную палітычную волю для паляпшэньня сродкаў і мэтадаў барацьбы, у тым ліку прыняцьце адпаведнай канвэнцыі, каб мы маглі змагацца з тэрарыстамі і тэрарызмам ва ўсім сьвеце”.

Апрача звычайнай працы сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН, цягам усяго наступнага тыдня плянуецца шмат сустрэчаў па вострых праблемах міжнароднай дыпляматыі, такіх як генацыд у Дарфуры, мірнае ўрэгуляваньне на Блізкім Усходзе.

Сёньня з трыбуны ААН выступяць, апрача прэзыдэнтаў Ірану і ЗША, кіраўнікі Аўганістану і Казахстану. Белы Дом паведаміў, што Джордж Буш у сваім выступе сканцэнтруецца на “вызваленьні”, з асаблівай увагай да хвалі цяперашніх дэмакратычных пратэстаў ў Бірме.

Беларусь на 62-й Генэральнай асамблеі ААН будзе мець слова ў пятніцу (28 верасьня). Беларусь будзе прадстаўляць міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў, яго візыт пачынаецца сёньня.

Паводле інфармацыі МЗС, галоўную ўвагу беларуская дэлегацыя надасьць ініцыятывам Аляксандра Лукашэнкі аб “прызнаньні вялікай разнастайнасьці шляхоў прагрэсіўнага разьвіцьця і фармаваньні глябальнага партнэрства супраць рабства і гандлю людзьмі ў ХХІ стагодзьдзі”.
XS
SM
MD
LG