Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвалюцыя манахаў у Бірме


Юры Дракахруст, Прага Апошнімі днямі ў Бірме адбываюцца масавыя дэманстрацыі пратэсту – самыя шматлюдныя за апошнія 20 гадоў. Арганізатарамі пратэстаў выступаюць будысцкія манахі. Міжнародная супольнасьць імкнецца паўплываць на сытуацыю, каб не дапусьціць праліцьця крыві.

Удзельнікі акцыяў пратэсту сьпяваюць песьні, адны скандуюць лёзунг “Мы хочам дыялёгу”, іншыя выгукаюць “Дэмакратыя, дэмакратыя”.

Учора маніфэстацыі прайшлі ў 25 гарадах краіны, на вуліцы найбуйнейшага гораду Бірмы Янгуна выйшлі 50 тысяч чалавек. Улады прыгразілі ўжыць сілу супраць маніфэстантаў. Дзяржаўныя мэдыі абвінавачваюць арганізатараў акцыяў пратэсту ў спробе ўзарваць стабільнасьць у краіне. Дзяржаўнае тэлебачаньне трансьлюе заявы такога кшталту:

“Група ўнутраных і зьнешніх разбуральнікаў, якім невыносныя мір, стабільнасьць і разьвіцьцё ў Бірме, правакуюць падобныя інцыдэнты. Яны імкнуцца любымі сродкамі разбурыць усё, што робіць урад дзеля дабрабыту нацыі”.

Каля пагады ў Янгуне , дзе зьбіраюцца маніфэстанты, сёньня зьявіліся вайсковыя грузавікі, цэнтар гораду патрулююць спэцаддзелы паліцыі з дубінкамі і зброяй. Аднак нягледзячы на запалохваньне сёньня дзясяткі тысяч людзей ізноў выйшлі на вуліцы.

Хваляваньні ў Бірме пачаліся ў жніўні, калі ўлады ўдвая падвысілі цэны на паліва. Але ў хуткім часе пратэсты набылі выразны палітычны характар.

Унікальнай асаблівасьцю сёлетніх бірманскіх пратэстаў стала тое, што іх арганізатарамі і натхняльнікамі сталі будысцкія манахі. Пазаўчора тысяча манахаў, удзельнікаў акцыяў пратэсту, наведалі лідэрку Нацыянальнай лігі за дэмакратыю Аун Сан Су Чы – лідэра бірманскай апазыцыі, якая ад 2003 году знаходзіцца пад хатнім арыштам. У 1990 годзе партыя Аун Сан Су Чы перамагла на выбарах, але вайсковая хунта, якая кіруе краінай з 1962 году, анулявала вынікі выбараў.

У мінулую пятніцу Саюз будысцкіх манахаў Бірмы прыняў заяву, у якой вайсковае кіраўніцтва краіны было названа “ворагамі народу” і выказваўся намер “сьцерці вайсковую дыктатуру з твару зямлі”. На тле такой рашучасьці многія экспэрты прыгадваюць акцыі пратэсту бірманскіх студэнтаў у 1988 годзе, якія былі бязьлітасна здушаныя, тады было забіта 3 тысячы чалавек. Але цяпер сытуацыя зьмянілася. Гаворыць супрацоўнік радыё, якое вяшчае на Бірму са Швэцыі Хтэд Аун Кіаў

“У адрозьненьні ад 1988 году цяпер ваеннаму рэжыму цяжка кантраляваць рух інфармацыі. 19 гадоў яны кіравалі ўсім, і ніхто ня ведаў, што адбываецца ў Бірме. Але цяпер яны ня могуць гэтым кіраваць”.

Важным чыньнікам сытуацыі зьяўляецца тое, што сьвятары і манахі карыстаюцца вялікай павагай у Бірме. Улады пакуль асьцерагаюцца ўжываць сілу, абмяжоўваючыся пагрозамі.

І ўсё ж застаецца небясьпека, што ў рэшце рэшт сіла будзе ўжытая, як гэта было неаднойчы ў найноўшай гісторыі Бірмы. У гэтай сытуацыі важнай зьяўляецца пазыцыя галоўнага гандлёвага партнэра Бірмы –Кітаю, які, праўда, ужо заявіў, што хваляваньні ў Бірме – унутраная справа гэтай краіны.

Прэм''ер-міністар Вялікай Брытаніі Гордан Браўн назваў падзеі ў Бірме прыкладам таго, што правы чалавека маюць унівэрсальны характар і несправядлівасьць ня можа цягнуцца вечна. Чакаецца, што сёньня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваім выступе на генасамблеі ААН абвесьціць пра новыя амэрыканскія санкцыі адносна бірманскага рэжыму. Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс мае намер дамагчыся ад Рады бясьпекі ААН тэрміновых крокаў адносна сытуацыі ў Бірме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG