Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітру Дашкевічу пагражаюць новым турэмным тэрмінам


Любоў Лунёва, Менск На Зьмітра Дашкевіча завялі новую крымінальную справу — за адмову даваць паказаньні супраць актывістаў “Маладога фронту”. Зьміцер пакуль мае статус падазраванага. Лідэр “Маладога фронту” ад 15 верасьня мінулага году адбывае пакараньне ў Шклоўскай турме за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Калі новая справа дойдзе да суду, яму могуць падоўжыць тэрмін зьняволеньня.

Адвакат Зьмітра Дашкевіча Аляксандар Галіеў паведаміў “Свабодзе”, што крымінальную справу супраць яго падабароннага распачалі яшчэ 14 жніўня.

Спачатку сьледчы салігорскай пракуратуры Аляксееў прапанаваў распачаць справу сваім шклоўскім калегам, але тыя адмовіліся. Пазьней крымінальную справу завялі сьледчыя шклоўскай міліцыі.

Адвакат паведаміў, што Зьміцер адмовіўся даваць паказаньні й знаёміцца з матэрыяламі справы, згодна зь якімі 12 верасьня ён паставіў свой подпіс пра тое, што мае статус падазраванага. Пакуль у крымінальнай справе прызначылі экспэртызу почырку Зьмітра.

Гаворыць Аляксандар Галіеў:

“Зьміцер Дашкевіч адмовіўся даваць паказаньні, спаслаўшыся на тое, што артыкул за адмову даваць паказаньні ў якасьці сьведкі ёсьць антыканстытуцыйным. Справу распачалі 14 жніўня, але паведамілі яму пра гэта толькі 12 верасьня.

Шклоўская пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу, спаслаўшыся на працэсуальныя парушэньні, і празь нейкі час справу распачала шклоўская міліцыя. Вядзе яе капітан міліцыі Сяргей Лох. Калі Зьмітра асудзяць, то яму могуць дадаць новы тэрмін, і адбываць яго ён будзе ў шклоўскай турме”.

Зьміцер Дашкевіч — адзіны маладафронтавец, якога пакаралі зьняволеньнем за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Дзесяцёх чалавек паводле аналягічнага абвінавачаньня аштрафавалі.

За год зьняволеньня ў турме Зьмітру вынесьлі пяць спагнаньняў. Праз гэта ён ня мае магчымасьці выйсьці на волю датэрмінова.

Бацькі Зьмітра абураныя дзеяньнямі ўладаў.

“Сказаць, што мы абураныя, гэтага мала. Чаго яны чапляюцца да яго, зразумела пэўна і дзіцяці, якое ходзіць у другую ці трэцюю клясу. Яны папросту хочуць любога, хто супраць, зьнішчаць хаця б маральна. Калі ня зьнішчыць, то хаця б большую шкоду зрабіць.

Яны могуць чапляцца і чапляцца. У іх няма ніякага сумленьня, бо працуюць толькі дзеля сваёй скуры. Што ім кажуць, тое й робяць. І той артыкул, паводле якога ён сядзіць, неканстытуцыйны, і гэты новы — таксама”, — кажа бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч.

Паплечнікі Зьмітра Дашкевіча спадзяюцца сустрэць яго 15 сакавіка наступнага году. Але калі Зьмітру выставяць абвінавачаньне і справу перададуць у суд, яму могуць падоўжыць тэрмін турэмнага зьняволеньня.

• Супраць Зьмітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу?, 25.09.2007 • Зьміцер Дашкевіч ужо год знаходзіцца ў зьняволеньні, 15.09.2007
XS
SM
MD
LG