Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Вайтовіч: “У ААН нельга абмінуць ніводнай галоўнай тэмы”


Уладзімер Глод, Менск У Нью-Ёрку пачалася 62-я сэсія Генэральнай Асамблеі ААН. Сярод асноўных пытаньняў — бясьпека, барацьба з тэрарызмам, эканамічнае разьвіцьцё й праблема пацяпленьня клімату. Ад Беларусі ў агульнапалітычнай дыскусіі ўдзельнічае міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў. Наш карэспандэнт зьвярнуўся з пытаньнем да некаторых вядомых беларускіх палітыкаў: а пра што сказалі б яны, калі б маглі выступіць у ААН?

Былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч лічыць, што ўсе пытаньні парадку дня зьвязаныя паміж сабой:

“Таму што тэрарызм і бясьпека непасрэдна зьвязаныя з эканамічным разьвіцьцём. Можна казаць, што ў нейкай ступені тэрарызм ёсьць праявай эканамічнага разьвіцьця асобных краінаў.

А эканамічнае разьвіцьцё моцна зьвязанае са зьменамі ў клімаце, бо кліматычныя зьмены патрабуюць адказу ад дзяржаваў, каб прыстасавацца да іх. А гэта зьвязана з эканомікай. Таму ўсе пытаньні й зьвязаныя паміж сабою”.

Аляксандар Сасноў, міністар ва ўрадзе Міхаіла Чыгіра, гаворыць, што яму найбольш важнай падаецца экалягічная тэма:

“Я думаю, што дэмакратыя, дыктатары — гэта ўсё праходзіць. А вось што будзе з экалёгіяй? Ці дастанецца нешта нашым праўнукам, прапраўнукам? Галоўнае, каб мы ня зьнішчылі жыцьцё на Зямлі. На жаль жа, можам. З экалёгіяй зьвязаная эканоміка. Таму трэба рабіць і ў ёй нешта такое, каб яна менш псавала нашае асяродзьдзе”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі таксама аддае перавагу экалёгіі:

“Яна закранае ўвесь сьвет незалежна ад сацыяльных і эканамічных формаў разьвіцьця дзяржаваў, узроўняў іх дабрабыту. І тут надзвычай важнымі выглядаюць намаганьні ўсіх краінаў у самых розных сфэрах.

Прынамсі, ня толькі глябальнага пацяпленьня, але і аховы навакольнага асяродзьдзя, перадусім азонавага слою ад прамысловых выкідаў. І тут пазыцыя Беларусі дастаткова актыўная. Мы выступаем за рэалізацыю шэрагу рэзалюцыяў, якія былі прынятыя ААН для абароны азонавага слою, для скарачэньня шкодных выкідаў”.

А кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец лічыць самай актуальнай тэму бясьпекі ў сьвеце:

“Яна залежыць ня толькі ад тэрарызму. Людзі, сьвет у цэлым пачалі жыць лепш. І гэта зьвязана з навукова-тэхнічным прагрэсам. Але вось розуму на тое, каб справядліва падзяліць багацьце, людзям не хапае. На жаль, разам з тэхнічным прагрэсам не адбываецца разьвіцьця духоўнага. Няма адказнасьці за будучыню — сваю, дзяцей, плянэты. Вось пра што трэба гаварыць”.

• Візыт прэзыдэнта Ірану ў ЗША выклікаў пратэсты, 25.09.2007 • А.Лукашэнка на сэсію ААН не зьбіраецца, 24.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG