Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэабілітаваная ахвяра псыхіятрычных рэпрэсій патрабуе сатысфакцыі ад Лукашэнкі


Віталь Сямашка, Крычаў 65 год споўнілася Любові Дзьмітрыеўне Валабуевай з Крычава. Яна адна зь нямногіх ахвяраў карных псыхіятрычных рэпрэсій у былым СССР, што дамаглася прызнаньня сябе здаровай у мэдычным, а затым і судовым парадку. Для гэтага спатрэбілася два дзесяцігодзьдзі і 33 судова-мэдычныя экспэртызы. Але 23 наступныя гады яна не змагла аднавіцца на працы. Пра тое напярэдадні свайго юбілею яна напісала Лукашэнку і запатрабавала кампэнсаваць свае матэрыяльныя ды маральныя выдаткі.

Крычаў, 25.09.2007. Любоў Валабуева, ахвяра псыхіятрычных рэпрэсіяўУ сярэдзіне 60-х 20-гадовая Люба Валабуева ачольвала Крычаўскі дзяржархіў. У сувязі з рэарганізацыяй часткі калгасаў у саўгасы тады нанова пачаліся налічэньне пэнсій ды пашпартызацыя. Усё гэта, цьвердзіць суразмоўца, суправаджалася вялізным махлярствам партыйных і савецкіх вярхоў.

“Было сакрэтнае ўказаньне ня даць людзям атрымаць гэтыя 12 рублёў пэнсіі. Па магчымасьці, даведкі пра стаж іх працы зьнішчаліся. Мяне запрасілі на прыватную кватэру на сустрэчу з сакратаром райкаму Айзэнштадтам. Разьлічвалі на тое, што з усім пагаджуся. Я не пагадзілася, спытала, чаму даведкі не на сваім месцы. Пасьля гэтага пачалося “сяброўства” супраць мяне...”

У часе наступнай рэарганізацыі архіваў спадарыню Валабуеву звольнілі па скарачэньню штатаў з наступнай фармулёўкай у характарыстыцы – “ачарняла савецкую рэчаіснасьць”. Па тых часах ярлык, тоесны пасадцы за краты. Суд, куды Любоў Дзьмітрыеўна зьвярнулася па абарону правоў, накіраваў яе на першую псыхіятрычную экспэртызу.

“Прафэсар Марозаў зь інстытуту псыхіятрыі імя Сербскага кажа: “А савецкую рэчаіснасьць ачарняць нельга..”

Права на кожную наступную экспэртызу інваліду дзяцінства па органах руху трэба было тыднямі выстойваць у судовых калідорах. Тыднямі цягнуліся і пакутлівыя “гутаркі” з савецкімі псыхіятрамі ды адказамі зусім не на мэдычныя пытаньні – напрыклад, пра стаўленьне да КПСС. Яе мужнасьць ды ўпартасьць ацаніў у часе сустрэчы Андрэй Сахараў.

“Як мне сказаў галоўны псыхіятар, з 250 чалавек, што мы прызнаём псыхічна здаровымі, ніхто ня мае на тое рашэньне суду. 16 год, як я яго маю...”

Але пакуты Любові Дзьмітрыеўны на тым ня скончыліся: яе так і не аднавілі на працы.

“Пэнсію мне не выплачваюць, працы не даюць, архівісты, што гэта рабілі са мной, не прабачаюцца – на ўсё напляваць”. Страта здароўя, а выніку ніякага...”

Нядаўна спадарыня Валабуева зьвярнулася да Лукашэнкі з патрабаваньнем кампэнсаваць матэрыяльныя ды маральныя выдаткі, дапамагчы адрамантаваць дом, а таксама выплачваць пэнсію паводле стажу, а не інваліднасьці.

“Гэты дадатак мог бы скласьці 80 % ад вашага заробку, прэзыдэнт. Усё-ткі сотням людзей я калісьці пэнсію захавала. У мяне самая доўгая палітрэпрэсія – 44 гады. Вялікі стаж дзяржслужачага – 46 год. Майце павагу, я вартая гэтага,” – такімі словамі заканчвае спадарыня Валабуева свой зварот да кіраўніка дзяржавы.
XS
SM
MD
LG