Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт прэзыдэнта Ірану ў ЗША выклікаў пратэсты


Кастусь Бандарук, Прага Прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад, які прыбыў у Нью Ёрк і зьбіраецца выступіць падчас сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН, пасьпеў сустрэцца з выкладчыкамі і студэнтамі прэстыжнага Калюмбійскага ўнівэрсытэту, а таксама з амэрыканскімі журналістамі. Візыт і заявы іранскага прэзыдэнта выклікалі хвалю пратэстаў.

Рэктар Калюмбійскага ўнівэрсытэту Лі Болінджэр прывітаў іранскага прэзыдэнта рэзка:

“Чаму ваш рэжым зьнявольвае навукоўцаў, чаму асуджае на сьмяротнае пакараньне дзяцей, чаму перасьледуе апазыцыянэраў, жанчын і геяў, чаму нападае на нашых салдат і абраны ў свабодных выбарах ірацкі ўрад, чаму падтрымлівае тэрарызм у Лібане ды іншых краінах сьвету?"

На думку Болінджэра, запярэчваючы факт Галакосту, іранскі кіраўнік робіць гэта правакацыйна, альбо ён проста мала адукаваны. Рэктар назваў іранскага прэзыдэнта жорсткім дыктатарам і закончыў свой выступ словамі. “Я сумняюся, ці здолееце Вы шчыра адказаць на мае пытаньні”. Махмуд Ахмадзінэжад адказаў:

“Я зьяўляюся навукоўцам гэтак, як і Вы. Але, ці Вы можаце сказаць, што дасьледаваньні ў справе Галакосту і іншых гістарычных падзеяў завершаныя? Кожнае дасьледаваньне патрабуе новай пэрспэктывы. Чаму такі новы падыход мае быць забаронены?"

Ахмадзінэжад не адказаў аднак на ніводзін з канкрэтных папрокаў, затое выступіў з працяглай лекцыяй, у якой адзначыў, што "фізычнае існаваньне зьяўляецца ўсяго толькі адлюстраваньнем духоўнага, сапраўднага жыцьця, дадзенага Алагам, і гэта павінна быць прадметам навуковых дасьледаваньняў".

Ён таксама не адказаў канкрэтна на пытаньне, ці хоча Іран авалодаць ядзернай зброяй і зьнішчыць Ізраіль, хаця раней заявіў, што яго краіна не зьбіраецца ні на кога нападаць. Затое вельмі шмат увагі прысьвяціў пакутам палестынцаў, якіх цягам 60 гадоў “катуюць і забіваюць”. Адносна правоў сэксуальных мяншыняў іранскі кіраўнік заявіў, што такой праблемы ў Іране наагул не існуе, чым выклікаў гучны сьмех тысячаў студэнтаў.

Публічная заява Ахмэдзінэжада аб тым, што ён хоча ўшанаваць памяць ахвяраў тэрактаў 11 верасьня 2001 году выклікала абурэньне з боку многіх амэрыканскіх палітыкаў. Былы мэр Нью Ёрку Рудольф Джуліяні заявіў:

“Ахмэдзінэжад зьяўляецца ворагам Амэрыкі, Ізраілю і ўсяго вольнага сьвету. Шкада, што ААН і яе камісія правоў чалавека дапускаюць такія паводзіны. Калі я стану прэзыдэнтам ЗША, абяцаю, што Іран не авалодае ядзернай зброяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG