Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы сталі менш езьдзіць за мяжу?


Радыё Свабода, Менск У Беларусі ў асноўным закончыўся турысцкі сэзон. Ці можна падвесьці нейкія ягоныя вынікі? Які працэнт насельніцтва цяпер можа дазволіць сабе паездку на адпачынак за мяжу? Ці сталі беларусы больш езьдзіць у заморскія краіны? Гэтыя пытаньні наш аглядальнік Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з галоўным рэдактарам газэты “Туризм и отдых” Сяргеем Плыткевічам.

Цыганкоў: "Чыста візуальна Менск ды іншыя беларускія гарады шмат зьмяніліся за апошнія гады. Нашмат болей стала дарагіх аўтамабіляў, адчыняюцца новыя рэстараны. Але, магчыма, спажыўцы ўсіх гэтых дабротаў – толькі некалькі працэнтаў насельніцтва, дзеля якіх адчыняюцца новыя буцікі і сушы-бары? Магчыма, адказаць на гэта пытаньне можна, прасачыўшы дынаміку адпачынкаў беларусаў за мяжой. Колькі беларусаў дазваляюць сабе паездкі на адпачынак за мяжу? Ці стала іх больш чым, напрыклад, тры гады таму?"

Плыткевіч: "Як гэта ні дзіўна, але іх стала менш. Асабліва калі параўноўваць з дадзенымі 4–5 гадоў таму. Тлумачыцца гэта вельмі проста – большасьць турыстаў выяжджалі ў Польшчу ды іншыя суседнія і блізкія краіны. Калі там увялі візы, колькасьць турыстаў рэзка паменшала. Калі пяць гадоў таму штогод выяжджала каля мільёну, то цяпер 300, максымум, 400 тысяч".

Цыганкоў: "Але тут уключаныя ўсе паездкі, у тым ліку і так званыя чаўночнікі, тыя, хто ажыцьцяўляў камэрцыйныя “ваяжы” па мяса ці гарэлку. А калі ўзяць паездкі за мяжу на мора на адпачынак?"

Плыткевіч: "Усяго за першую палову гэтага году за мяжу выехала амаль 213 тысяч турыстаў. Тэндэнцыя такая – у краіны, дзе складанае адкрыцьцё візаў, езьдзіць сталі менш. А ў тыя краіны, дзе візы адкрываюцца лёгка, на месцы, напрыклад, Турэччына альбо Туніс,– турыстаў стала больш. Напрыклад, у Турэччыну паехала 17 тысяч беларусаў – на 2 тысячы больш, чым летась. А калі ўзяць такую экзатычную краіну, як Тайланд, то за першае паўгодзьдзе туды зьезьдзіла 444 чалавекі".

Цыганкоў: “17 тысячаў у Турэччыну – гэта 0,2 працэнты ад беларускага насельніцтва. Маё ўражаньне, што кліенты турфірмаў – той самы кантынгент, і колькасьць гэтых людзей не павялічваецца?”

Плыткевіч: “Цяжка сказаць, ці гэта тыя самыя людзі, хаця вядома ж, у кожнай фірмы сталыя кліенты складаюць значную частку. За апошнія 2–3 гады беларускія турфірмы надта не разьвіваліся, бо колькасьць турыстаў не павялічылася. З іншага боку, канкурэнцыя вельмі жорсткая. І новым фірмам пачынаць бізнэс даволі складана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG