Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыі скардзяцца на праблемы з атрыманьнем юрыдычных адрасоў для суполак


Алесь Дашчынскі, Менск Месяц таму Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовыя папярэджаньні шасьці партыям – Партыі БНФ, Беларускай партыі “Зялёныя”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадзе, Беларускай сацыяльна-спартовай партыі, Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды і Рэспубліканскай партыі. Чыноўнікі выклалі свае прэтэнзіі да іх і прыгразілі прыпыніць дзейнасьць альбо зьліквідаваць у судовым парадку, калі даведзеныя патрабаваньні ня будуць выкананыя. Што ж зроблена?

Міністэрства юстыцыі вінаваціла партыі ў тым, што яны, нягледзячы на папярэджаньні, дагэтуль не ўтварылі неабходнай колькасьці арганізацыйных структур. Згодна з законам, палітычныя партыі мусяць мець менскую гарадзкую і абласныя аргструктуры ня менш чым у чатырох абласьцях. Калі партыі ня выправяцца, то Мінюст пагражае паставіць пытаньне аб прыпыненьні іх дзейнасьці альбо ліквідацыі ў судовым парадку.

Учора ўвечары сытуацыя абмяркоўвалася ва ўправе Партыі БНФ. Паводле лідэра фронтаўцаў Вінцука Вячоркі, праблема не ў наяўнасьці структур, а ў атрыманьні юрыдычных адрасоў для іх:

“Мы рабілі захады, каб атрымаць юрыдычныя адрасы ў чатырох абласьцях. У Рэчыцы чалавека, які меў гэтым займацца, выслалі ў сувязі з “Дажынкамі”. У Магілёве доўга абяцалі і так абяцаньне і ня выканалі. Ну, можа, атрымаецца ў іншых гарадах. Мы рабілі добрасумленна захады, каб здабыць юрыдычныя адрасы ў большасьці з абласных цэнтраў. Ёсьць пагроза, калі не здабудзем юрыдычных адрасоў, што могуць прыпыніць”.

Кіраўнік праўнай камісіі партыі БНФ Уладзімер Лабковіч дадаў:

“Мы правялі ўстаноўчы сход у віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ і ў мінулы чацьвер падалі дакумэнты ў віцебскае абласное ўпраўленьне юстыцыі аб рэгістрацыі. У выпадку, калі яна будзе зарэгістравана ўправай юстыцыі, то, спадзяюся, што на гэтым пэўным этапе прэтэнзіі мінюсту будуць зьнятыя”.

Спадар Вячорка пракамэнтаваў дзеяньні Мінюсту адносна Партыі БНФ:

“Гэта ёсьць зачыстка палітычнай прасторы ад наймацнейшых палітычных структураў напярэдадні кампаніі пад назвай “парлямэнцкія выбары”.

Пакуль невядома, як Мінюст паставіцца да Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (партыі Станіслава Шушкевіча). Справа ў тым, што спачатку гэтую партыю пераблыталі з партыяй Аляксандра Казуліна і той накіравалі папярэджаньне. Аднак потым папрасілі прабачэньня. Таму папярэджаньне сацыял-дэмакраты Шушкевіча атрымалі насамрэч толькі 28 жніўня. Актывістка Сьвятлана Губейка сказала:

“12 верасьня нам толькі аддалі пасьведчаньне і зацьверджаны статут. Я ж не магла ўсе канфэрэнцыі правесьці ў пяці структурах адначасова. Адрасы ў нас ёсьць, але пакуль што не зацьверджаныя Мінюстам. Дамовы ёсьць, правялі ўсе ўстаноўчыя канфэрэнцыі. Літаральна ў сераду мы падаем апошнюю ў Менскую вобласьць.

Я думаю, што людзі крышку зразумелі, што да чаго робіцца, і яны на вельмі добрых умовах прадаставілі нам юрыдычныя адрасы”.

А якая сытуацыя ў арганізацыях, якія не фігуруюць у апазыцыі? Лідэр Рэспубліканскай партыі Ўладзімер Белазор сказаў:

”Мы ня зможам цягам месяца паставіць усе арганізацыйныя структуры на ўлік. У нас толькі 11 траўня быў зарэгістраваны статут партыі, у які былі ўнесеныя дапаўненьні і зьмены. У прынцыпе, мы можам цягам шасьці месяцаў паставіць гэтыя арганізацыйныя структуры на ўлік. Мы цяпер пішам ліст у Мінюст, каб яны нам працягнулі тэрмін пастаноўкі на ўлік да 1 сьнежня адпаведна закону і статуту. Я думаю, што юрыдычныя адрасы мы знойдзем. Я думаў, што сытуацыя тут бязвыхадная, але яна якраз не бязвыхадная”.

• Ліквідацыя пагражае яшчэ тром апазыцыйным партыям, 24.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG