Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Фінляндыі ліквідуюць фірму інвэстара, якога запрасілі ў Беларусь


Алег Грузьдзіловіч, Менск Агляд публікацыяў незалежных СМІ Беларусі за аўторак, 25-га верасьня.

Журналісты тыднёвіка “Беларусы і рынак” зацікавіліся асобай бізнэсоўца зь Люксэмбургу Мікалая фон Келера, які нібыта зьбіраецца інвэставаць дзясяткі мільёнаў даляраў у праект здабычы і перапрацоўкі ў Беларусі бурага вугалю і сланцаў. На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь ім у Менску. Тым часам незалежныя дасьледчыкі высьветлілі падрабязнасьці, якія ставяць пад сумнеў чысьціню капіталаў спадара Келера. Распавядае журналіст газэты Паўлюк Быкоўскі.

“Ня выключана, што гэты чалавек можа займацца нейкімі махінацыямі. Ён звычайна зьвяртаецца як інвэстар, просіць дзяржаўных гарантый, а потым зьнікае. Ягоная фірма зарэгістраваная толькі летась, а папярэдняя цяперліквідуецца ў Фінляндыі. Тут ёсьць што дасьледаваць”.

Між тым газэта цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі, зь якіх вынікае: прэтэнзій да Мікалая фон Келера ў кіраўніка дзяржавы няма.

Што дапамагае людзям знаходзіць сілы для барацьбы зь цяжкай хваробай? Газэта “Новы час” зьвярнулася з гэтым пытаньнем да жонкі былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна Ірыны, якая ўжо дзесяць гадоў хварэе на рак малочнай залозы:

“У мяне нестандартныя мэтады лячэньня. Працэс лячэньня і выздараўленьня я апісваю на кампутары, і раблю гэта ня толькі для сябе. Веру, што ў будучым гэта спатрэбіцца для барацьбы з хваробай. Згадваю, як ў 1997 годзе, калі я захварэла, знайсьці інфармацыю па гэтай праблеме было вельмі складана”.

Сэнатар і пісьменьнік Мікалай Чаргінец стаў героем дасьледаваньня журналіста газэты “Новы час” Аляксандра Тамковіча, які вядзе рубрыку “Найноўшая гісторыя Беларусі ў партрэтах”.

“Газэта Слонімская” працягвае сачыць за ўсталяваньнем у кватэрах лічыльнікаў вады. Намесьнік рэдактара Сяргей Чыгрын:

“Каля 6 тысяч кватэр заплянавалі абсталяваць лічыльнікамі і ўжо абсталявалі 2,5 тысячы. Можа гэта і добра, але нам у рэдакцыю ўсё часьцей скардзяцца людзі. Гэта скаргі на тое, што калі ўсталёўваюць лічыльнікі, то адключаюць ваду ўсяму дому і бывае, што даводзіцца быць без вады цэлы дзень. А потым яшчэ і вада ідзе іржавая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG