Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 24 верасьня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Карыстальнік paulyuk піша ў сваім блогу пра новы праектна-аналітычны сайт ”Пазыцыя” : “Чаму я мяркую, што гэта прадукцыя групы падтрымкі кіроўнага рэжыму? Не толькі таму, што яны кажуць у сваім праграмным артыкуле: “Праўда палягае ў тым, што Аляксандар Лукашэна выратаваў беларусаў. Ён адвёў народ ад згубнага “нацыянальнага будаўніцтва”... Але апроч “Советской Белорусии» і прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі больш нідзе – ані ў газэтах, ані ў БелТА слова “прэзыдэнт” ня пішуць зь вялікай літары”.

Карыстальнік sania_ales у камэнтары дае спасылку на блог стваральнікаў рэсурсу на сайце “Жывы Журнал” і дадае: “Яны павінны былі ведаць, што беларускі ЖЖ досыць крытычна настроены ў адносінах да ўлады. Таму прасоўваць свой "прадукт" у ЖЖ-прастору было проста легкадумствам”.

На расейскім аналітычным сайце "Политобоз” камэнтуюць артыкул палітоляга Андрэя Суздальцава “Заданьне на восень 2007”. Артыкул мае прысьвячэньне: “Вязьню беларускага ГУЛАГу Андрэю Клімаву”. Аўтар на прыкладзе вайсковых, палітычных і эканамічных актуаліяў тлумачыць: супрацьстаяньне Беларусі і Расеі павялічваецца пры поўнай залежнасьці беларускай эканомікі ад расейскай. Камэнтар:

“Здорава, што ў Расеі нарэшце пераканаліся, што “...зь Менскам ня толькі весьці паўнавартасныя перамовы, але нават элемэнтарны дыялёг ня толькі беспэрспэктыўна, але небясьпечна з гледзішча правакацыяў”.

kong_en_ge зьвяртае ўвагу, што расейскі інфармацыйны сайт Newsru.com называе Васіля Быкава “вядомым расейскім пісьменьнікам”.

Палітык Алесь Міхалевіч у сваім дзёньніку дзеліцца назіраньнем: “У Сьветлагорску пачуў гісторыю пра намесьніка начальніка райаддзела, які вельмі хацеў стаць начальнікам. Таму вельмі шчыраваў у лоўлі апазыцыі, асабіста кіраваў ператрусамі, зьдзіраў зь дзяўчат бранзалеткі з надпісам “за свабоду”. Яго незвычайная актыўнасьць выклікала вялікую колькасьць скаргаў і непатрэбных начальству “інфармацыйных шумаў”. Начальства паставіла дыягназ – “няўменьне працаваць”. І панізіла намесьніка начальніка райадзьдзелу да звычайнага ўчастковага. Бываюць правільныя кадравыя рашэньні”. Камэнтары:

“Бываюць правільныя скаргі ў незьлічонай колькасьці”;

“Наўрад ці ён супакоіцца. Цяпер будзе выкараняць “чуму” на сваім участку”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG