Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дажынкі": наступствы пасьля сьвятаў


Ігар Карней, Менск На мінулых выходных у Рэчыцы (Гомельская вобласьць) адбылося афіцыйнае сьвята працаўнікоў вёскі "Дажынкі". Штогод гэтае сьвята адбываецца ў розных гарадах Беларусі. Падрыхтоўка да яго пачынаецца ледзь не за год. Як правіла, горад пераўтвараецца ў суцэльную будаўнічую пляцоўку: будаўнікі з усёй краіны ўзводзяць новыя будынкі і рамантуюць старыя. Які лёс гэтых аб''ектаў? Якія наступствы “Дажынак” для гарадоў, дзе ладзілася гэтае сьвята?

Народнае сьвята ці ўладная паказуха?

Сёлетняе сьвята ў Рэчыцы абышлося прыкладна на 200 мільярдаў рублёў. Для параўнаньня – на дзесяць папярэдніх “Дажынак” разам узятых зь бюджэту выдаткавалі каля 155 мільярдаў.

Начальнік Упраўленьня капітальнага будаўніцтва Рэчыцкага райвыканкаму Генадзь Сіротка кажа, што ніякіх праблемаў з фінансаваньнем сёлета не было:

“Мы ўсё расплянавалі, разьлічылі, і калі дзесьці не хапала, тады бралі крэдыты. За час правядзеньня “Дажынак” ніводзін падрадчык не задаваў пытаньне, што ён, маўляў, працуе бяз грошай. З усіх крыніцаў сродкі ішлі, у нас па кожным упраўленьні, якое рыхтавалася, свае сумы праходзілі. У прыватнасьці, па Ўпраўленьню капітальнага будаўніцтва асвоена каля 60 мільярдаў рублёў. І на 1 верасьня было асвоена працэнтаў дзесьці 75-80”.

Першыя “Дажынкі” ў сучасным выглядзе, як сьвята працаўнікоў вёскі, адбыліся ў Століне ў 1996 годзе. Тады ўвесь цяжар падрыхтоўкі ляжаў на раённых ўладах. Згадваюць, што тады агульнанацыянальныя “Дажынкі” мала розьніліся ад звычайных калгасных: кампанія чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам сядзела за сталамі ўнізе схілу, а артысты сьпявалі на ўзгорку. У памяць ад таго часу ў горадзе засталася вуліца “Дажыначная”.

У 1997 годзе “Дажынкі” прайшлі ў Мастах, што на Гарадзеншчыне. Сьвята атрымалася аналягічнае столінскаму. У Мастах не пабудавалі лядовага палацу, фасадаў адміністратыўных будынкаў плястыкавым сайдынгам таксама не абшывалі.

Як кажа мастоўскі прадпрымальнік Віктар Зарамбюк, тыя выдаткі зь цяперашнімі нельга нават параўноўваць:

“На вакзале слупы паставілі, павінны былі правесьці сьвятло на плошчы. Але ўрэшце іх зьнялі і ніякай электрыфікацыі мы не дачакаліся. А плітка, якую тады паклалі, ужо ўся пасыпалася. Дый плошчу да канца гэтаксама не зрабілі: вада стаіць, ямы. Сцэна да нядаўняга часу стаяла на стадыёне, дзе “Дажынкі” былі, але ўсё зьнялі, нічога няма. Цяпер як паглядзіш, дык мільярды ўкладзеныя. А ў нас толькі на цэнтральнай вуліцы фасады гаўбцы шыфэрам абрабілі, дзесьці крыху дахі пакрылі, дзесьці вокны падфарбавалі. Але толькі на цэнтральнай вуліцы. Як цяпер паказваюць, дык у нас і дзесятай часткі таго не было. У Ваўкавыску ў 2004-м ужо крыху больш зрабілі да “Дажынак”. Але таксама толькі цэнтральныя вуліцы ды сцэны, дзе адбываліся гэтыя канцэрты. А так нічога там больш асаблівага не было”.

У 1999-м Аляксандар Лукашэнка ў зьвязку зь неўраджайным годам і ў адсутнасьць герояў барацьбы за ўраджай адмяніў сьвята на сваёй радзіме ў Шклове. У той год замест заплянаваных 7 мільёнаў тон збожжа сабралі толькі 3,5 мільёны. Але налета жыхары Шклову “Дажынак” усё ж дачакаліся. За гэтыя 12 месяцаў у Шклове аднавілі ратушу, пабудавалі забаўляльны цэнтар, а дамы перакрылі дахоўкай.

Галоўнае – хто куратар “Дажынак”

Ад 2000 году фінансаваньне "Дажынак" замацавана асобным артыкулам дзяржаўнага бюджэту. Разам з гэтым да фінансаваньня сьвята падключылі і прадпрыемствы. У 2001 годзе галоўным фундатарам “Дажынак” у Мазыры стаў тамтэйшы нафтаперапрацоўчы завод. Праз год НПЗ “Нафтан” фінансаваў “Дажынкі” ў Полацку.

Жыхары тых гарадоў, дзе праводзіліся сьвяты працаўнікоў вёскі, зазначаюць, што не апошнюю ролю ў арганізацыі "Дажынак" адыгрывае, які чыноўнік апякуецца горадам. У Пружанах “Дажынкі” прайшлі ў 2003 годзе. Расказвае мясцовы жыхар, афіцэр у адстаўцы Аляксандар Жаркоў:

“Нас курыруе Пётр Пракаповіч, старшыня Нацыянальнага банку. Ён сам адсюль, з Пружанскага раёну. І відавочна, што Нацбанк сюды ўкладае нямала. Сёлета пабудавалі лядовую арэну. Заплянаваны крыты плавальны басэйн. Пабудавалі, зноў жа, з дапамогай Пракаповіча, аздараўленчы комплекс на возеры Паперня. Узьвялі гідраэлектрастанцыю, зараз робяць ветрастанцыю. Сад вялізны заклалі паводле эўрапейскай тэхналёгіі, шалёныя грошы ўклалі.

Наш раён у датацыях на адмысловым рахунку, бо сваіх грошай для бюджэту не хапае. І на гэтым тле ўпартыя чуткі ходзяць: нібыта сын Лукашэнкі заплянаваны сюды на старшыню райвыканкаму. Маўляў, яму трэба ўжо дзесьці пачынаць лесьвіцу праходзіць – пачынаючы ад мясцовага выканкаму, потым абласнога. Ну, і вышэй”.

У Пружаны чуткі пра хуткае прызначэньне Віктара Лукашэнкі кіраўніком раённай вэртыкалі прыйшлі з Бабруйску, сталіцы Дажынак-2006.

У Бабруйску да сьвята збудавалі самы вялікі ў Беларусі лядовы палац.

Дарэчы, жыхары гарадоў, дзе адбываліся Дажынкі, кажуць, што будаўнікі яшчэ доўга не разьяжджаюцца пасьля сьвятаў – выпраўляюць хібы хуткага будаўніцтва.

Таму і цяпер у лядовых палацах Бабруйску і Пружанаў працуюць будаўнікі. На гэтых спартовых аб''ектах – дзіравыя дахі, а ў вокнах – шчыліны.

Наступныя “Дажынкі” пройдуць у Воршы. Ужо сёньня шмат дзе ў горадзе раскурочаны асфальт, абраная пляцоўка пад будаўніцтва лядовага палацу.

Акадэмік Іван Нікітчанка: “Рэальны ўраджай на паўтара мільёны тонаў меншы”, 24.09.2007 Ліквідатара Васіля Сіліверста ахоўнікі А.Лукашэнкі адвезьлі ў Рэчыцкі шпіталь, 22.09.2007 У ахове “Дажынак” задзейнічана 2 500 міліцыянтаў, 22.09.2007 Валер Пуціцкі: “Гэта камандзіроўка, нібы ў Шушанскім... Я ў ссылцы”, 21.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG