Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды арыштоўваюць за распаўсюд улётак


Любоў Лунёва, Менск У судзе Партызанскага раёну Менску арыштавалі трох чалавек, а ў Цэнтральным аднаго — за захоўваньне інфармацыйных матэрыялаў і эўрапейскай сымболікі. Моладзевыя актывісты лічаць, што ўлады спрабуюць не дапусьціць распаўсюду інфармацыі пра “Эўрапейскі марш”, які адбудзецца 14 кастрычніка, каб паменшыць колькасьць удзельнікаў акцыі.

У судзе Партызанскага раёну Менску судзьдзя Алена Ціцянкова разгледзела адміністрацыйныя пратаколы на затрыманых Леаніда Навіцкага, Алену Гладкую і Віталя Ціхановіча.

Першым судзілі Леаніда Навіцкага. Ён апавёў “Свабодзе”, што 21 верасьня да яго ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ, якія адмовіліся назваць прозьвішчы. Пазьней туды прыехалі супрацоўнікі міліцыі й правялі ператрус.

Гаворыць Леанід Навіцкі:

“Забралі 96 сьцягоў Эўразьвязу з надпісам “Беларусь” у цэнтры. Майкі з надпісам “By” і зорачкамі вакол, дыскі, банданы сіняга колеру. Калі я папрасіў, каб мне далі копію пратакола, то яны адмовіліся гэта зрабіць, сказаўшы: “Не паложана”. Я маю намер падаць скаргу ў пракуратуру, бо міліцыянты ня маюць права забіраць маю маёмасьць”.

У міліцыі на Леаніда склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Першы — нібыта за нецэнзурную лаянку, а другі — за падрыхтоўку несанкцыянаванай акцыі.

Судзьдзя Алена Ціцянкова арыштавала Леаніда Навіцкага на 10 сутак паводле першага пратаколу. Леанід не выключае, што адразу пасьля адбыцьця пакараньня яго прывязуць у суд і зноў арыштуюць.

“Гэты пратакол быў складзены дзеля таго, каб я не пасьпеў падаць скаргу. Другі – каб я не ўдзельнічаў у гэтым маршы”.

Віталя Ціхановіча таксама затрымалі 21 верасьня. Ён быў разам са сваёй сяброўкай Аленай Гладкай на прыпынку грамадзкага транспарту. Да іх падышлі міліцыянты. Віталь апавёў, што было далей:

“Да нас падышлі міліцыянты і сказалі, што ў горадзе пачасьціліся выпадкі распаўсюджваньня газэт і папрасілі нас паказаць, што ў заплечніках. У Аліны знайшлі газэты і міліцыянт папрасіў Аліну сесьці ў машыну. Я заступіўся за яе. Тады яны пачалі й мяне штурхаць. Паколькі я не паддаваўся, на мяне начапілі кайданкі”.

Віталя Ціхановіча арыштавалі на 15 сутак. Ён вучыцца ў лінгвістычным унівэрсытэце і лічыць, што ягоны арышт пацягне выключэньне з навучальнай установы.

Сяброўку Віталя Алену Гладкую судзьдзя арыштавала на 7 сутак. Алена апавяла ў судовай залі:

“На Акрэсьціна я была з алькагалічкамі. Яны былі брудныя і я таксама стала бруднай як зь імі пасядзела. Нас было дзесяць чалавек у камэры. Я на Акрэсьціна ўжо другі раз. Першы – перад “Чарнобыльскім шляхам”.

Тым часам у судзе Цэнтральнага раёну арыштавалі на 10 сутак актывіста Партыі БНФ Кастуся Грахава. Хлопец вучыцца на другім курсе дзённага аддзяленьня лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Спэцназаўцы знайшлі ў ягоным заплечніку ўлёткі з заклікам удзельнічаць у “Эўрапейскім” і “Сацыяльным” маршах.

Сьведкі, байцы спэцназу міліцыі, казалі, што Кастусь нібыта на іх вачах клеіў налепкі на будынак рэстарацыі “Макдоналдз”, што ля Кастрычніцкай плошчы.

Кастусь заявіў, што насамрэч у яго праверылі ўсе рэчы ў заплечніку, як і ў дзясяткаў іншых маладзёнаў на менскіх вуліцах за апошнія трое сутак.

Арыштаваныя за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў да “Эўзрапейскага маршу” і эўрапейскай сымболікі, Менск, суд Партызанскага раёну, 24.09.2007
Уладзімер Навіцкі

Арыштаваныя за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў да “Эўзрапейскага маршу” і эўрапейскай сымболікі, Менск, суд Партызанскага раёну, 24.09.2007
Віталь Ціхановіч і Алена Гладкая

Арыштаваныя за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў да “Эўзрапейскага маршу” і эўрапейскай сымболікі, Менск, суд Партызанскага раёну, 24.09.2007
Алена Гладкая

Менск: судзяць за ўлёткі, 24.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG