Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белтрансгаз” ня мае даўгоў перад “Газпромам”


Алесь Дашчынскі, Менск “Белтрансгаз” здолеў разьлічыцца за пастаўлены ў Беларусь у жніўні расейскі газ да 23 верасьня. Абодва бакі, “Белтрансгаз” і “Газпром”, адмовіліся камэнтаваць гэтае пытаньне. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў 2008 годзе “Газпром” плянуе павысіць цэны для Беларусі на 15—20%. Чаму цяпер не было праблемаў з аплатай газу, як у жніўні? І колькі газ можа каштаваць у наступным годзе?

Да 23-га дня кожнага месяца Беларусь павінна разьлічвацца за пастаўлены расейскі газ.

Прэсавы сакратар “Белтрансгазу” Ўладзімер Чэкаў сказаў:

Чэкаў: “Запазычанасьцяў у кантракце няма”.

Карэспандэнт: “А колькі пералічылі за жнівень, якую суму?”

Чэкаў: “Сума — гэта працоўныя моманты. Даўгоў няма”.

Ніякай іншай інфармацыі ў “Белтрансгазе” не падалі. Таксама у “Газпроме” не захацелі размаўляць на гэтую тэму.

Прадстаўнік прэс-службы “Газпрому”Андрэй Чарных таксама адмовіўся камэнтаваць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік жа Беларусі заявіў, што ў афіцыйнага Менску будзе жорсткая матывацыя на перамовах пра новы кантракт на будучы год.

Чаму беларускаму боку ўдалося так лёгка разьлічыцца з “Газпромам”?

Эканаміст Тацяна Манёнак сказала:

“Кошты прыроднага газу аплачвае ня ўрад, а прадпрыемствы. А летам спажываньне газу не такое вялікае, параўнальна зь зімовым пэрыядам. Таму яны акуратна гэта аплацілі, а многія прадпрыемствы ўзялі крэдыты на аплату энэрганосьбітаў”.

Паводле Тацяны Манёнак, беларускі бок таксама спадзяецца атрымаць расейскі крэдыт, таму і дэманструе, што эканоміка працуе эфэктыўна й Беларусь можа спраўна разьлічвацца за газ.

Эканаміст Леанід Заіка нагадвае, што Беларусь атрымала ад Расеі 625 мільёнаў даляраў за продаж першай траншы акцыяў “Белтрансгазу”:

“Насельніцтва плаціць за газ ужо прыкладна 120 даляраў. Насельніцтва плаціць на 20 працэнтаў даражэй, чым мы купляем гэты газ. Наагул, праблема чыста тэхнічная, і рабіць зь яе палітычныя спэктаклі — напэўна, гэты час ужо адышоў”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў 2008 годзе “Газпром” плянуе павысіць цэны для Беларусі на 15—20%.

Леанід Заіка сказаў:

“Цэны на газ звычайна кангруэнтныя цэнам на нафту. Нафта паднялася да 80 даляраў. Таму можна меркаваць, што цэны на газ вырастуць да 125—145 даляраў. Я такі прагноз раблю. Усё яшчэ будзе залежаць ад супраціву краін-транзытэраў”.

Эканаміст Тацяна Манёнак сказала, што пра цэны на газ можна будзе казаць напрыканцы году:

“Ці гэта будзе 30 ці 40% — сказаць пакуль цяжка. Ня думаю, што расейскі бок будзе ў гэтай сытуацыі вельмі моцна ціснуць на Беларусь. Ня вельмі сур’ёзна будзе палітызавацца гэта пытаньне ў Расеі. А з боку Беларусі палітызацыя гэтага пытаньня ўжо адбываецца.

Ці вельмі моцным будзе ўзьдзеяньне гэтага фактару, пабачым. Але ж і беларускі бок разумее, што магчымасьцяў таргавацца стала меней, бо Беларусь пагадзілася на новыя ўмовы фармаваньня кошту”.

Адносна заявы Лукашэнкі, што “Газпром” мае такую ж прыбытковасьць ад продажу газу ў Беларусі як і ў Нямеччыне, спадар Заіка сказаў:

“Рэнтабэльнасьць продажу газу ў Нямеччыну і ў Беларусь не супадаюць. Бо ў Нямеччыне існуе першасны і другасны рынак газу, і цана на газ можа дасягаць 600—800 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Цьверджаньне беларускага прэзыдэнта, што прыбытковасьць зьдзелак зь Беларусьсю і Нямеччынай аднолькавая, эканамічна не пацьвярджаецца”.

• Ці дасьць Расея крэдыт афіцыйнаму Менску?, 17.09.2007 • “Газпром” вызначыць цану газу для Беларусі без дадатковых перамоваў, 30.08.2007 • Хто выйграў у чарговай “газавай” вайне?, 03.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG