Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: рост цэнаў на што найбольш непакоіць?


Іна Студзінская, Менск У Беларусі растуць кошты. Падаражэньне якіх тавараў і паслугаў найбольш непакоіць людзей? Гэтае пытаньне нашая карэспандэнтка задавала людзям на вуліцах Менску.

Спадарыня: “Самае галоўнае — гэта квартплата, а таксама прадукты”.

Спадарыня: “На ўсё, асабліва на малочныя прадукты, на хлебабулачныя вырабы, на алей”.

Юнак: “На піва, на кватэры, на газ, на сьвятло — на ўсё”.

Спадарыня: “На харчы ў маленькіх гарадах зусім не кантралююцца цэны. Асабліва хлеб вельмі дарагі, самы даступны прадукт для бедных. Вось у Менску хлеб яшчэ больш-менш добры можна купіць за прымальную цану. А ў нас у Смаргоні дорага”.

Карэспандэнтка: “Заўважылі рост цэнаў?”

Спадарыня: “Вядома, вядома! Тое, што нам дабавілі, тое і забралі, быццам бы людзі дурні, нічога не разумеюць. Усе добра ўсё бачаць”.

Дзядок: “Хвалюе, хвалюе на ўсё. Кошты ўздымаюцца, заробкаў не падымаюць. Пасьля Новага году наагул ільготы на праезд адменяць, будзе вельмі цяжка ўсім”.

Спадарыня: “На што хвалюе? На дзіцячыя тавары, на малочныя харчы. А алей як падаражэў, гэта жах!”

Спадар: “Больш за ўсё адчувальныя цэны на прадукты. Я ўжо не кажу пра квартплату. У асноўным на харчаваньне нястрыманы рост. Ва ўсякім разе, так званая індэксацыя — гэта сьмешна”.

Карэспандэнтка: “Падаражаньне чаго вас найбольш хвалюе?”

Спадарыня: “Канечне, харчоў. І квартплаты”.

Спадар: “Прадуктаў. За кватэру няма чым плаціць. Лівэркай харчуемся, часьцяком на хлеб не хапае”.

Юнак: “Асноўная праблема цяпер — падаражаньне жыльля. Моладзі вельмі цяжка набыць жыльлё, каб маладой сям’і было дзе жыць”.

Бабуля: “На ўсё, і на харчы, і на квартплату. Асабліва на харчы, яны вельмі дарагія”.

Спадарыня: “На ўсё! Пэнсіі не хапае. Нават у сэканд-хэндзе апрануцца ўжо немагчыма, таму што і там цэны падскочылі. Абутку не купіць. Пра што тут казаць, калі пэнсіянэры бутэлькі зьбіраюць! Мне, да прыкладу, не дазваляе да такой ступені апусьціцца мой унутраны стан, я інтэлігентны чалавек. Але іншыя вымушаныя апускацца. Вельмі высокія кошты на ўсё, асабліва на алей. А яшчэ ж падскочыць кошт, таму што неўраджай сланечніку. Увесь горад у мармуры, а старыя жывуць як непатрэбнае сьмецьце, хлам”.
XS
SM
MD
LG