Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык з ЗША Нікалас Гвозьдзеў: Расея ня будзе разглядацца галоўным партнэрам


Вольга Караткевіч, Прага На мінулым тыдні на Радыё Свабода адбылася дыскусія "Амэрыканскі рэалізм і расейская дэмакратыя", на якую быў запрошаны вядомы аналітык з амэрыканскага аналітычнага "Цэнтру Ніксана" Нікалас Гвозьдзеў. Нікалас Гвозьдзеў даў інтэрвію нашай службе, расказаўшы аб палітыцы ЗША адносна Беларусі і Расеі, а таксама паведаміў пра свае асабістыя сувязі зь Беларусьсю.

Нікалас Гвозьдзеў у "Цэнтры Ніксана" займаецца пытаньнямі замежнай палітыкі ЗША, сытуацыяй у Расеі і Блізкім Усходам. Ён абараніў доктарскую ступень у Оксфардзкім унівэрсытэце, ён аўтар шасьці кніг, якія тычацца сучаснага стану амэрыканска-расейскіх дачыненьняў, сучаснага Ісламу і сытуацыі на Блізкім Усходзе.

Караткевіч: Як вы ацэньваеце палітычныя амбіцыі Ўладзіміра Пуціна?

Гвозьдзеў: Я думаю, ён ня хоча сыходзіць, я думаю, ён хоча захоўваць уплыў на наступнага прэзыдэнта. Ён хоча застацца галоўным у расейскай палітычнай сыстэме. Гэта не пытаньне яго вяртаньня, але пытаньне таго, што ён ня хоча сыходзіць. Я думаю, што ён пакіне прэзыдэнцкую пасаду, але ў яго няма плянаў пакінуць расейскую палітыку.

Караткевіч: Ці моцна зьменіцца замежная палітыка ЗША ў выпадку, калі да ўлады ў Амэрыцы прыйдуць дэмакраты?

Гвозьдзеў: Я ня думаю, што будуць вялікія зьмены, у ЗША існуе паразуменьне адносна Расеі, вайны з тэрарызмам. Можа быць зьмена тактыкі і стратэгіі, але не палітыкі. Я думаю, што скептыцызм адносна спробаў збліжэньня з Расеяй за апошніх паўтара году будзе працягвацца ў Амэрыцы і пры наступным прэзыдэнце. То бок Расея ня будзе разглядацца галоўным партнэрам, дакладна не ў галоўных каштоўнасьцях, але пад рубрыкай "выбарачнае супрацоўніцтва". Існуюць тыя праблемы, у разьвязаньні якіх краіны павінны працаваць разам, але не ўдаваць, што існуюць аднолькавыя падыходы да мэты і да таго, як сьвет павінен быць арганізаваны.

Караткевіч: Ці сытуацыя ў Беларусі застаецца дагэтуль сярод інтарэсаў ЗША?

Гвозьдзеў: Зацікаўленьне прыходзіць і сыходзіць. Калі быць вельмі шчырым, гэта нешта такое, што часам успыхвае, а пасьля згасае. Адным з самых цікавых зрухаў было пытаньне, якая цяпер мэта – дэмакратызаваць Беларусь альбо ціснуць на Расею. І калі зьяўляюцца першыя знакі таго, што паміж Лукашэнкам і Пуціным можа быць раскол у пытаньнях нафты і газу, некаторыя пачынаюць казаць, што калі ён супрацьстаіць Крамлю, тады мы павінны паўстрымацца ад некаторых іншых элемэнтаў.

***

На заканчэньне размовы спадар Гвозьдзеў расказаў аб сваім знаёмстве зь беларусамі. Ён паведаміў, што сустракаецца з актывістамі, студэнтамі, якія прыяжджаюць у Вашынгтон, і што некаторыя яго сваякі паходзяць зь Беларусі, Віцебску. Таму ў яго яшчэ і сваяцкія адносіны.

Колькі словаў пра сам цэнтар – амэрыканскі прэзыдэнт Рычард Ніксан абвясьціў пра стварэньне ўстановы 20 студзеня 1994 году, на 25-я ўгодкі яго першай інаўгурацыі, за тры месяцы да сваёй сьмерці. Мэта інстытуцыі – праца на нацыянальныя інтарэсы ЗША ў сытуацыі заканчэньня "халоднай вайны" дзеля забесьпячэньня канкрэтнай палітыкі краіны, рэалізацыі амэрыканскіх каштоўнасьцяў.
XS
SM
MD
LG