Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі за межамі Польшчы атрымаюць спэцыяльны дакумэнт


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У мінулыя выходныя прэзыдэнт Польшчы Лех Качынські падпісаў закон “Аб карце паляка”, зь якога могуць скарыстацца дзясяткі тысяч грамадзянаў Беларусі польскага паходжаньня.

“Карта паляка” – гэта дакумэнт, які дасьць магчымасьць яго ўладальнікам, этнічным палякам, што жывуць у постсавецкіх краінах, бясплатна вучыца ў Польшчы, атрымліваць польскія візы паводле спрошчанага парадку, лягчэй будзе таксама дамагчыся права на сталае жыхарства ў Польшчы і гэтак далей.

“Будзе лягчэй прыехаць у Польшчу этнічным палякам, асабліва калі Польшча далучыцца да Шэнгенскага пагадненьня 1 студзеня 2008 году, будзе лягчэй атрымаць адукацыю. Карацей кажучы, вырашацца цэлы шэраг праблемаў, якія дагэтуль не былі вырашаныя”,– заявіў у часе цырымоніі падпісаньня закону “Аб карце паляка” прэзыдэнт Польшчы Лех Качынські.

Дзеля таго, каб атрымаць карту паляка, трэба давесьці польскае паходжаньне прынамсі аднаго з бацькоў і хаця б разумець польскую мову.

Першы праект закону аб карце паляка з’явіўся яшчэ напрыканцы 90-х, калі пры ўладзе былі правыя, аднак ухваліць яго не атрымалася. Потым пры ўладзе левых закон таксама не прайшоў, бо, паводле тагачасных уладаў, утрымліваў “нерэальныя абяцанкі”.

Калі дакладна этнічныя палякі, у тым ліку і зь Беларусі, змогуць пачаць зьвяртацца па Карту паляка, пакуль невядома.
XS
SM
MD
LG