Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рок-фэст ва Ўкраіне стане традыцыйным


Радыё Свабода У мінулыя выходныя ва ўкраінскім горадзе Луцку адбыўся беларускі рок-фэст “Права быць свабодным”. У фэстывалі ўзялі ўдзел беларускія гурты “Крама”, “Neuro Dubel”, “ULIS”, “Indiga”, “Znich”, “Tav.Mauzer”, “B:N:”, “Сьцяна” і ўкраінскі “Тінь Сонця”. Музыкі сабралі некалькі тысяч гледачоў з Украіны і Беларусі. Беларускія ўлады наладзілі перашкоды беларускім аматарам музыкі. Каля ста чалавек былі затрыманыя па дарозе на фэст і вернутыя ў Менск. Фэст ладзіўся пад патранажам луцкіх уладаў зь ініцыятывы “Беларускай музычнай альтэрнатывы”. Пра вынікі фэсту наш карэспандэнт Севярын Квяткоўскі гутарыць зь кіраўніком БМА Віталём Супрановічам:

Супрановіч: “Атрымалася лепш, чым я думаў: і гук, і сьвятло, і рэакцыя людзей. Бо магло так атрымацца, што там увогуле не было б людзей: беларусы не даедуць, а ўкраінцам будзе не цікава. Але некалькі тысяч там было, і ўсё гэта выглядала даволі прыгожа. Гледзячы на рэакцыю людзей, і слухаючы канцэрт, я яшчэ раз упэўніўся, што беларускія музыкі маюць высокі ўсясьветны ўзровень. І што калі нармальна прапагандаваць нашу музыку за мяжой, то беларускія гурты маглі б стаць усясьветнымі зоркамі”.

Карэспандэнт: “Можна параўнаць ваш фэст з “Басовішчам”?

Супрановіч: “Відаць, “Басовішча” больш глябальнае мерапрыемства, якое ўжо мае сваю гісторыю, мае шмат спонсараў, і падтрымку (мясцовых беластоцкіх) уладаў, у тым ліку фінансавую. І нашая імпрэза была трохі афіцыйнай. Праходзіла ў парку. Атмасфэра была такая… На “Басовішчы” яна больш разьняволеная. У нас таксама была пляцоўка пад намёты, але так, як імпрэза ладзілася ў цэнтры гораду, то атмасфэра была больш цывільная”.

Карэспандэнт: “На “Басовішча” больш складана патрапіць з-за візаў, а з Украінай мяжа больш-менш адкрытая, бязьвізавая”.

Супрановіч: “Рэжым бязьвізавы. Але беларускія ўлады сваімі ўчынкамі (затрыманьнем аўтобусаў зь гледачамі) паказалі, што нават калі рэжым бязьвізавы, патрапіць цяжэй, чым у візавую краіну. Увогуле не магу зразумець, навошта трэба было замінаць публіцы дабрацца на фэст. Пагатоў, большая частка публікі складалася зь людзей, якія не заангажаваныя ані ў якія моладзевыя арганізацыі. Яны проста фанаты музыкі, і ім проста хацелася зьезьдзіць паглядзець”.

Карэспандэнт: “Зь іншага боку, фэст усё роўна адбыўся, а ўлады зрабілі дадатковую рэкляму”.

Супрановіч: “Лепш бы не было гэтай рэклямы, а тыя 100 чалавек на фэст дабраліся”.

Карэспандэнт: “Што далей, якія ідэі на будучыню?”

Супрановіч: “Самае галоўнае – пошук месца, якое было б зручнае для беларусаў, пошук магчымасьцяў зрабіць імпрэзу на некалькі дзён. І падрыхтоўка наступнага фэсту пачнецца ўжо цяпер”.

• В. Фэст "Права быць свабодным" адбыўся!, 22.09.2007 • Беларуская міліцыя не пускае моладзь на фэст “Права быць свабодным”, 22.09.2007 • Беларускі рок-н-рол на "эміграцыі" , 07.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG