Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмік Іван Нікітчанка: “Рэальны ўраджай на паўтара мільёны тонаў меншы”


Радыё Свабода На выходных у Рэчыцы адбыўся фэстываль «Дажынкі», на якім падведзеныя вынікі жніва. Афіцыйна аб’яўлена, што валавы збор зерня склаў амаль 7 мільёнаў тонаў. Наколькі рэальныя гэтыя лічбы? Якія найбольш важныя праблемы стаяць цяпер перад беларускай сельскай гаспадаркай? На гэтыя тэмы Віталь Цыганкоў гутарыць з доктарам сельскагаспадарчых навук, акадэмікам Іванам Нікітчанкам.

Цыганкоў: “Няўжо ўсё так пераможна выглядае, як гэта было прадстаўлена да “Дажынках”?

Нікітчанка: “Лічбы, якія гучаць, яны вельмі сумнеўныя. Я шмат ежджу па гаспадарках, бачу, што адбываецца. Зьбіралі вельмі вільготнае зерне, нават Лукашэнка рэкамэндацыі даваў – “давайце плюшчыць”. Вады дадалі, колькі трэба – таму там столькі зерня няма, колькі аб’яўлена.”

Цыганкоў: “А па-вашаму, якая розьніца паміж абвешчанымі і рэальнымі лічбамі?”

Нікітчанка: “Мільёна паўтара. Канчатковая лічба будзе абвешчаная на 10 кастрычніка – так бывае заўсёды. А потым паглядзім, колькі застанецца на 1 студзеня. Тады і ўбачым, колькі прыпісана”.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на “Дажынках”, строга казаў пра тое, што датацыі сельскай гаспадарцы будуць памяншацца. Але гэта гаворыцца ўжо ня першы год. Ці верыце вы, што датацыі нарэшце будуць зьменшаныя, ці пойдзе дзяржава гэтым шляхам?

Нікітчанка: “Можа, і пойдзе, бо грошай няма. Сёлета агульныя пазыкі сельскай гаспадаркі былі 2,8 мільярды даляраў. І калі ён ім ня дасьць, то яны зусім загінуць”.

Цыганкоў: “Лукашэнка таксама казаў на Дажынках, што забараняе кіраўнікам умешвацца ў справы гаспадарак. А што ў рэальнасьці?”

Нікітчанка: “Ну вось я з вамі размаўляю, а па радыё ягоны выступ – інструктаж дае, што і калі сеяць. Будзе, як і было. Будуць і пагрозы кіраўнікам, калі лічбы паніжаюцца, і турма. Прыпіскі падштурхоўваюцца патрабаваньнямі: “Давайце рост, давайце”. Вось і пішуць, наколькі ў каго рука падымаецца”.
XS
SM
MD
LG