Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анонсы асноўных беларускіх падзеяў на 24 – 30 верасьня


Вячаслаў Кулік, Менск На гэтым тыдні ў Беларусі чакаюцца наступныя падзеі:

У панядзелак, 24 верасьня, ў Гомелі адбудзецца суд у справе Сяргея Сямёнава, які адмовіўся запаўняць на мяжы расейскамоўны блянк дэклярацыі і запатрабаваў фармуляр на беларускай мове. Штраф за непадпарадкаваньне склаў амаль 450 даляраў. Цяпер сытуацыя паўтарылася, кажа спадар Сямёнаў:

“У мяне ў панядзелак яшчэ адзін суд з такой жа фармулёўкай: “непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў мытні”. Я зноўку папрасіў дэклярацыю на беларускай мове і яны, зноў жа, склалі на мяне пратакол. І, хутчэй за ўсё, будзе разглядаць справу тая ж судзьдзя, Марына Дамненка».

У панядзелак ў Менску адбудзецца паседжаньне аргкамітэту ва ўшанаваньні памяці сталінскіх рэпрэсіяў. Паведамляе сябра камітэту Вячаслаў Сіўчык:

“Будзе разглядацца зварот да Гомельскага аблвыканкаму. Па сытуацыі, якая склалася ў ваколіцах Гомеля, дзе да гэтага часу не прызнаная мясьціна, дзе вяліся расстрэлы”.

Сёньня ж на стадыёне “Лякаматыў” у Берасьці прызначаны мітынг прадпрымальнікаў. Ініцыятар акцыі – грамадзкае таварыства “Пэрспэктыва”. Лідэр таварыства Анатоль Шумчанка тлумачыць:

“Мы спадзяемся быць пачутымі уладай. Увага будзе зьвернутая на тыя праблемы, што існуюць цяпер у прадпрымальніцтве”.

* * * У аўторак у Менску аргкамітэт грамадзкага таварыства “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” мае намер падаць у Міністэрства юстыцыі дакумэнты на рэгістрацыяю. Заяўнік Віктар Гарбачоў інфармуе:

“Заснавальнікаў – 68 чалавек. У Раду абралі 22 чалавекі. Мэта – выпрацоўка доўгатэрміновага заканадаўства для сярэдняга і дробнага бізнэсу”.

* * * У сераду Партыя БНФ пачынае сустрэчы і сэмінары з грамадзкасьцю, паведаміў старшыня партыі Вінцук Вячорка:

“Тэму: “Нафта і газ” для Беларусі. Сытуацыя ўвосень 2007 году”. Удзел возьмуць асноўныя спэцыялісты ў галіне энэргетыкі. І запрошаныя таксама прадстаўнікі Міністэрства энэргетыкі, “Бенафтахіміі” і “Белтрангазу”.

* * * Галоўную падзею чацьвярга ў Берасьці анансуе актывіст Віктар Сырыца:

“27-га выйдзе на волю Павал Севярынец і заканчваюцца ўрэшце рэшт усе гэтыя суды. Так што мы будзем сустракаць Паўла Севярынца”.

* * * У суботу актывісты руху “За Свабоду” выедуць у рэгіёны. Арганізатар інфармацыйнай кампаніі Юрась Губарэвіч паведаміў, што будуць распаўсюджвацца брашуры з прапановамі Эўразьвязу да Беларусі:

“Гэта інфармаваньне жыхароў Беларусі аб тых выгодах, якія яны могуць атрымаць ад Эўрапейскага зьвязу. Летам мы інфармавалі прадстаўнікоў намэнклятуры. А цяпер – студэнтаў ВНУ”.
XS
SM
MD
LG