Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская міліцыя не пускае моладзь на фэст “Права быць свабодным”


Любоў Лунёва, Менск Уначы супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля 40 дзяўчат і хлопцаў, якія на двух аўтобусах ехалі ва ўкраінскі Луцк на фэст “Права быць свабодным”. Першы аўтобус затрымалі бліжэй да Дзяржынска, другі – каля Стоўбцаў. 15 чалавек з 36 затрыманых здолелі перасячы беларуска-ўкраінскую мяжу.

Сёньня ўначы байцы спэцназу міліцыі затрымалі два аўтобусы з маладзёнамі, якія ехалі на фэст з удзелам беларускіх рок-гуртоў у Луцк. Увечары каля Акадэміі навук, на месцы збору моладзі, было некалькі міліцэйскіх машын. Як толькі аўтобусы з маладымі людзьмі, асноўную колькасьць зь якіх складалі студэнты, ад’ехалі ў бок праспэкта Дзяржынскага, за імі адразу накіраваўся міліцэйскі транспарт.

Першы аўтобус затрымалі на падыходах да Дзяржынску. Людзей перасадзілі ў міліцэйскі аўтобус і пад канвоем даставілі ў міліцыю. Там ва ўсіх перапісалі пашпартныя зьвесткі. Паводле міліцыянтаў, прычына затрыманьня – тэхнічныя непаладкі аўтобуса, на якім ехалі маладзёны. Усіх затрыманых міліцыянты пад канвоем адвезьлі ў Менск.

Нагадаем, у ліпені дзяржынскай міліцыяй былі затрыманыя некалькі аўтамабіляў з аўтапрабегу на знак салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам.

Другі аўтобус затрымалі бліжэй да Стоўбцаў. Уначы, пасьля таго, як перапісалі пашпартныя зьвесткі затрыманых, міліцыянты паўтара кілямэтра вялі ўсіх пад канвоем на чыгуначны вакзал.

15 чалавекам з 36 удалося спачатку на электрычцы даехаць да Баранавічаў, адтуль у Берасьце, а потым на аўтобусе ў Луцк.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Валер Мацкевіч паведаміў “Свабодзе”, што міліцыянты ў прыватных размовах казалі, што выконваюць загад не дапусьціць арганізаванага масавага выезду людзей на фэст.

“Мы ня спалі цэлыя суткі, але 15-ці чалавекам з гэтых двух аўтобусаў удалося прарвацца да Берасьця на цягніку, і на луцкім аўтобусе мы пераехалі беларуска-ўкраінскую мяжу”.

Таксама В.Мацкевіч паведаміў, што арганізатары фэсту і мясцовыя ўлады Луцку перанесьлі канцэрт на 5 гадзіну вечара, каб дачакацца людзей з Беларусі. Сьвята будзе доўжыцца да гадзіны ночы.

Прэвэнтыўныя затрыманьні ўдзельнікаў фэсту “Права быць свабодным”, 22.09.2007
XS
SM
MD
LG