Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: “Газпром” мяркуе падняць цэны на газ для Беларусі на 15-20%


Алесь Дашчынскі Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў 2008 годзе расейскі “Газпром” мяркуе падняць цэны на газ для Беларусі на 15-20 працэнтаў.

“Чым мы так правініліся перад кіраўніцтвам Расеі я ня ведаю,-- сказаў А.Лукашэнка. -- “Газпром” тут зарабляе, як кажуць, добрыя бабкі і нажываецца за наш кошт”.

Паводле кіраўніка Беларусі, “некаторым манапалістам гэтае зялёнае сьвятло зацьміла вочы і яны нічога ня бачаць акрамя грошай”.

А.Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе мець жорсткую матывацыю падчас новых перамоваў з “Газпромам”. Беларускі бок будзе жорстка трымацца нацыянальных інтарэсаў.

Кіраўнік Беларусі падкрэсьліў:

“Газпром” сёньня на продажы газу ў Беларусь мае такую ж прыбытковасьць, як у Нямеччыне. Гэта азначае, з намі гандлююць газам як зь Нямеччынай. Канечне, цана для Нямеччыны за кубамэтар вышэй, чым для Беларусі. Але трэба ж улічваць і адлегласьць, з улікам якой відавочна, што “Газпром” яўна нажываецца на нашай краіне”.

Аднак Лукашэнка заявіў, маўляў, “мы не загінем”.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што ў адрозьненьне ад мінулага году, беларускі бок пастараецца падпісаць кантракт з “Газпромам” “да бою крамлёўскіх курантаў”.

Ён падкрэсьліў, што пры гэтым афіцыйны Менск будзе ўвязваць пытаньні цаны на газ з транзытам расейскага газу праз Беларусь.
XS
SM
MD
LG