Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-pop: менчукоў хвалюе рост коштаў на ўсе тавары


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі працягваецца рост коштаў на розныя віды тавараў і паслугаў. Падаражаньне чаго хвалюе людзей найбольш? Гэтым пытаньнем у мінакоў на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.

Карэспандэнтка: “Рост коштаў на якія тавары альбо паслугі хвалюе вас найбольш?”

Юнак: “Пэўна, на грамадзкі транспарт. Бо я студэнт, іншагародні. І калі езьдзіць, то гэта вельмі адчувальна для кішэні”.

Спадарыня: “Лекі. Што яшчэ мяне можа хваляваць? І прадукты харчаваньня. А яшчэ квартплата. Толькі лекі і квартплата забіраюць амаль усю пэнсію. Застаецца сто тысяч на месяц – жыві”.

Юнак: “На квартплату. Я сам здымаю кватэру, і гэта вельмі дорага. Калі параўноўваць з грашыма, якія плацяць мае сябры, якія жывуць у інтэрнаце”.

Спадарыня: “Квартплата, канечне. А моладзі як цяпер цяжка, якая праблема з жыльлём!”

Спадар: “На ўсе тавары. У зьвязку з тым, што рост коштаў на іх апераджае рост заробкаў”.

Юначка: “На ежу і на адзеньне. Заробку не хапае. Калі яшчэ зь сям’ёй жыць, то лягчэй. А калі чалавек сам жыве і мусіць заплаціць за кватэру, харчавацца, апранацца, то гэта вельмі цяжка”.

Юнак: “На транспарт. Тым больш што зараз адменяць льготы для студэнтаў. І гэта будзе вельмі цяжка для нас”.

Карэспандэнтка: “Рост коштаў на якія тавары альбо паслугі хвалюе вас найбольш?”

Спадар: “На жыцьцё. Бо жыцьцё дарагое”.

Спадарыня: “Аплата праезду, бо студэнтам адмяняюць льготны праезд”.

Спадар: “На прадукты, канечне. Бо асабіста ў нашай сям’і адсоткаў на 70 заробку сыходзіць менавіта на прадукты”.

Спадарыня: “На прадукты. Бо ў мяне сям’я, і мяне гэта хвалюе. Амаль увесь заробак ідзе на прадукты. А яшчэ ж хочацца нешта і апрануць, хочацца касмэтыку набываць, каб ня старыцца зусім. А гэта ўсё грошы каштуе”.

Юнак: “На праезд. Бо студэнтам, асабліва тым, якія вучацца на платных аддзяленьнях, рост коштаў на праезд будзе вельмі заўважным”.

Спадар: “Я думаю, што гэта паліва – бэнзін і газ. Пэўна, гэта самая вострая праблема. А далей, натуральна, ідзе харчаваньне і гэтак далей. Гэты ланцужок можна працягваць да бясконцасьці”.
XS
SM
MD
LG