Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі Айзэнах падарыў Магілёву бюст кампазытара Ё.С.Баха


Радыё Свабода, Магілёў Сёньня ў Магілёве обэр-бургамістар нямецкага гораду Айзэнах Маціяс Дот і старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў адкрылі бюст кампазытару Ёгану Сэбасьцьяну Баху. Бюст усталявалі на пешаходнай вуліцы Ленінскай ля будынку Дзяржаўнай музычнай вучэльні імя Рымскага-Корсыкава.

Адкрыцьцё бюста адбылося падчас традыцыйных Дзён Айзэнаха ў Магілёве. Сёлета споўнілася 11 год як Магілёў і Айзэнах сталі гарадамі пабрацімамі.

У Айзэнаху нарадзіўся Ёган Сэбасьцьян Бах. Усталяваны ў Магілёве бюст – дар Айзэнаха Магілёву. Гэта дакладная копія бюста, які знаходзіцца на радзіме нямецкага кампазытара.

На ўрачыстасьці з нагоды адкрыцьця помніка обэр-бургамістар Маціяс Дот зазначыў:

“Дазвольце лічыць гісторыю стасункаў між нашымі гарадамі прыкладам таго, як людзі з розным мэнталітэтам, аб’яднаўшыся, пераадольваюць перашкоды і цяжкасьці. Давайце забудзем тое, што было ў мінулым, станем адкрытымі і далей разам будзем глядзець у будучыню”.

У сваёй прамове Маціяс Дот афіцыйна прапанаваў штогод накіроўваць на вучобу ў Айзэнах двух магілёўскіх студэнтаў.

Што падарыць Магілёў Айзэнаху – невядома. Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў у сваёй прамове на гэты конт ня выказаўся, а толькі падкрэсьліў важнасьць пабрацімства для гораду.

Дні Айзэнаху ў Магілёве будуць доўжыцца да 24 верасьня. У межах урачыстасьцяў пройдуць выстава экспанатаў з Дому музэю Баха ды канцэрт магілёўскай капэлі, якая выканае творы вядомага нямецкага кампазытара. Плянуецца, што прадстаўнікі нямецкай дэлегацыі і кіраўнікі прыватных рэстарацыяў Магілёва абмяркуюць магчымасьці адкрыцьця ў Айзэнаху супольнага рэстараннага бізнэсу.

Нямецкі Айзэнах падарыў Магілёву бюст кампазытара Ё.С.Баха
Бюст Ёгана Сэбасьцьяна Баха

Нямецкі Айзэнах падарыў Магілёву бюст кампазытара Ё.С.Баха
Обэр-бургамістар Айзэнаху Маціяс Дот

Нямецкі Айзэнах падарыў Магілёву бюст кампазытара Ё.С.Баха
Надпіс на бюсьце – толькі па-расейску
XS
SM
MD
LG