Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Казуліна трэці раз пакаралі “за парушэньне турэмнай дысцыпліны”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандру Казуліну абвясьцілі трэцяе дысцыплінарнае спагнаньне, якое можа перашкодзіць датэрміноваму вызваленьню. “Галоўная падзея мінулага году – сустрэча ў турме з сынам”, – кажа маці Зьмітра Дашкевіча Вольга. Павал Севярынец даслаў ліст з баранавіцкага ізалятару.

У сям’і Аляксандра Казуліна даведаліся, што адміністрацыя калёніі пакарала яго пазбаўленьнем кароткатэрміновага спатканьня, якое плянавалася на кастрычнік. Такім чынам, чарговае спатканьне палітыка з жонкай і дочкамі адбудзецца ў канцы лістапада і прыпадзе на ягоны дзень нараджэньня. Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Ірына Казуліна кажа.

“Спадзяюся, што мы паедзем да яго ў калёнію і адзначым 25-га лістапада разам зь ім, ягоны дзень нараджэньня. 25-е як раз прыпадае на нядзелю. Я ўжо напісала мужу ліст пра гэта”.

Дакладныя прычыны пакараньня Аляксандра Казуліна Ірыне невядомыя. Жанчына кажа, што ў адміністрацыі гэтага не тлумачаць, толькі кажуць, што ён нібыта “парушыў турэмную дысцыпліну”. У Ірыны Казулінай свая вэрсія таго, чаму ў калёніі наклалі спагнаньне на яе мужа.

“Лічу, яны падстрахаваліся фармальным спагнаньнем, каб ён ў выніку амністыі не атрымаў скарачэньня тэрміну. Бо гэта ўжо трэцяе спагнаньне”.

Паводле закону, калі вязень мае тры спагнаньні, адміністрацыя калёніі можа рэкамэндаваць не ўжываць да яго амністыі.

“Пабачыла яго прыгожым і памужнелым”

Нядаўна споўніўся год, як быў арыштаваны і пазьней асуджаны на паўтары гады пазбаўленьня волі лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Актывіста трымаюць ў Шклоўскай калёніі. Некалькі месяцаў таму Дашкевіча на тыдзень зьмяшчалі ў менскі турэмны шпіталь – у маладога чалавека пасьля цяжкай працы на лесапільным участку зьявіліся болі ў сьпіне. Цяпер Дашкевіч пачуваецца лепей. А як прайшоў гэты год для маці актывіста Вольгі Васільеўны? Жанчына ўсе падзеі года вымярае лёсам сына.

“Год праходзіць лепей пасьля нашай сустрэчы. Я пабачыла яго прыгожым, памужнелым. Вось што для мяне галоўнае. Ён, канешне, сумнаваты, але ...У яго добры апэтыт. Толькі паскардзіўся, чаму не прывезьлі яму сырых яек. Я кажу, што яны ж у дарозе паб’юцца, а ён: “Мама, дык ёсьць жа кантэйнэры адмысловыя”. А я вось не дадумалася...”

Нагадаем, на апошніх акцыях у дзень беларускай салідарнасьці 16-га верасьня моладзь зноў выходзіла на вуліцы з плякатамі “Свабоду Зьмітру Дашкевічу!”. Такія акцыі прайшлі ў Менску, Берасьці, Баранавічах, Салігорску ды ў іншых гарадох краіны.

“Баранавіцкія за ім добра даглядаюць”

Маладзёвы лідэр Павал Севярынец, якога на 15 сутак арыштавалі ў Баранавічах, даслаў з ізалятару ліст. Маці Паўла Тацяна Севярынец кажа, што сын ні на што не скардзіцца, піша, што зь ім ўсё нармальна.

“Дзякуй Богу, усё нармальна. Ён перадаваў усім прывітаньні, перадаў віншаваньні сястры Дашы, у яе сёньня дзень народзінаў. Яшчэ куртку яму там парвалі, ёсьць клопат, пытаўся, як адрамантаваць. Карацей, усё нармальна”.

Паводле Тацяны Севярынец, яе сыну перадаюць патрэбныя харчы і рэчы, за што ён усім дзякуе.

“Ходзяць да яго туды кожны дзень. Вось ён пісаў ліст 15-га, а за гэты час яму ужо 8 перадач аднесьлі. Такім чынам, баранавіцкія актывісты за ім добра даглядаюць”.

Маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч працягвае адбываць “хімію” ў Магілёве. Нагадаем, юнака пакаралі за палітычныя графіці напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. “У мяне ўсё нармальна”, – коратка сказаў Артур пра сваё жыцьцё.

Скарга Андрэя Клімава, паводле зьвестак, яшчэ не разглядалася ў гарадзкім судзе Менска і дзень разгляду пакуль не прызначаны. Гэта паведамілі ў канцылярыі суда. Нагадаем, былы дэпутат быў асуджаны на два гады строгага рэжыму за заклікі супраць улады, распаўсюджаныя ў інтэрнэце. Андрэя Клімава з пачатку красавіка трымаюць у менскім сьледчым ізалятары.

Зьміцер Дашкевіч год знаходзіцца ў зьняволеньні, 15.09.2007 Ці амністуюць палітвязьняў?, 10.09.2007 Чаму ўлады маўчалі пра прысуд Андрэю Клімаву?, 8.09.2007
XS
SM
MD
LG