Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народ на “Свабодзе”


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні

Пра арышты моладзевых актывістаў

Алег Каленік, Менскі раён: “Вось і зноў чую па “Свабодзе”: “Арыштавалі Севярынца, трымаюць у турме Дашкевіча, судзяць Азарку...”. Нічога не мяняецца пад нашым беларускім небам. Тое ж было і пяць, і дзесяць год таму – можа, толькі прозьвішчы арыштаваных іншыя. Шкада гэтых самаадданых і шчырых маладых людзей. Яны ламаюць свае лёсы, асуджаюць на пакуты бацькоў. А намаганьні ж марныя: ілбом бэтонны мур не праб’еш. У Беларусі створана такая машына вынішчэньня любога іншадумства і апазыцыйнасьці, што нейкія пікеты ці флэш-мобы – гэта проста бескарысныя дзіцячыя забавы. Дарослыя апазыцыйныя лідэры павінны ўтрымаць моладзь ад неапраўданых ахвяраў. Трэба рыхтаваць па-сапраўднаму масавы народны пратэст, гуртаваць сілы, а не распыляцца на дробязі і цярпець такія страты на глупстве”.

Ніна Восіпава, Маладэчна: “Я ў захапленьні ад нашых “маладафронтаўцаў”. Якія мужныя, самаахвярныя людзі, як яны любяць нашу Беларусь! Хачу сказаць ім: цярпець пакуты за праўду, за высакародную справу – гэта вялікі гонар! Памятайце, што Бог – з вамі, а не з тымі міліцыянтамі, якія хлусяць на судзе, і ня з судзьдзямі, якія на падставе хлусьні выносяць несправядлівыя прысуды. Шкада, але ў нашым гарадку такой моладзі няма. Нашы аціраюцца ля віна-гарэлачнай крамы, брыдкасловяць, жлукцяць цэлымі днямі піва. І міліцыя іх не чапае”.

Спадарыня: “Я хачу выказаць сваё захапленьне тым хлопчыкам, які расклейваў налепкі, каб абараніць гонар такога ж цудоўнага свайго сябра, які назваў дацэнта “бандытам”. А як яго яшчэ назваць? Па-іншаму не назавеш. Паболей бы такіх людзей! Якой бы шчасьлівай была гэтая краіна! Што абараняюць такія служкі, як гэты дацэнт? Сваё сьвіное месца ля карыта, сваю пайку, вартую жалю. Яны здаюць у турму, як паліцаі падчас вайны, лепшых хлапцоў, выдатных дзецюкоў, разумных. Хто яны? Лёкаі”.

Уладзімер Зьвернік: “Хачу задаць пытаньне судзьдзі Баранавіцкага суда, якая засудзіла маладога актывіста Алеся Мелянца на адбываньне сутак за тое, што ён выклікнуў: “Жыве Беларусь!” Дык што, спадарыня судзьдзя на хоча, каб наша і яе Беларусь жыла? Жыла і квітнела. Не разумею, тым больш калі гэтая падзея зьдзейсьнілася напярэдадні 16-й гадавіны зьмены Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня назвы нашай краіны з “БССР” на “Рэспубліку Беларусь” з адначасовай зьменай дзяржаўнай сымболікі. Тады над краінай годна залунаў бел-чырвона-белы сьцяг і на ўсіх дзяржаўных установах быў замацаваны герб “Пагоня”.

Дарэчы, аб сымболіцы. Чаму б спадару Лукашэнку не лічыць чырвона-зялёны сьцяг, калі гэта яму так спадабаецца, дзяржаўным сьцягам на пэўны час, але ж адначасова гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг лічыць “нацыянальным”. Зрабіўшы такі крок, ён бы падмацаваў сваё апошняе выказваньне наконт сваёй апантанасьці да незалежнасьці Беларусі. Усё роўна ж прагу сумленных беларусаў да нацыянальнай сымболікі не разьбіць, не спыніць, не стрымаць”.

Пра кантакты апазыцыянэраў і чыноўнікаў

Павал Лысюк, Баранавічы: “Ня можа такога быць, каб сярод намэнклятуры не знайшлося ніводнага прыстойнага чалавека з дэмакратычнымі поглядамі, які б не разумеў, што адзіна правільны шлях для Беларусі – гэта шлях эўрапейскай інтэграцыі і рынкавых рэформаў. Думаю, што насамрэч такіх людзей нямала – і ў выканкамах розных узроўняў, і ў міністэрствах, і нават у Адміністрацыі прэзыдэнта. Апазыцыя проста ня ўмее іх знаходзіць і выкарыстоўваць. А шукаць варта. Чыноўніцкі апарат – не аднародная маса. Там ёсьць разумныя і таленавітыя людзі, здольныя арганізатары, сапраўдныя патрыёты сваёй радзімы. Апазыцыі трэба пайсьці на змову зь імі – залічыць іх у свае шэрагі і паабяцаць, што пасьля перамогі дэмакратыі гэтыя людзі ня толькі застануцца ў кіраўніцкім апараце, але і атрымаюць значнае падвышэньне па службе.Такім чынам, сілы апазыцыі падвояцца і патрояцца”.

Пра посьпехі “рынкавага сацыялізму”

Ігар Пастноў, Віцебск: “За адну гадзіну я, просты ўрач, зарабляю 3 тысячы беларускіх рублёў. На гэтыя грошы ў суседнім супермаркеце магу купіць тры буханкі хлеба (680-700 рублёў). Мой заробак – вельмі сярэдні. Я – школьны доктар, толькі на паўстаўкі працую на ўчастку. Участковыя ўрачы атрымліваюць разы ў паўтары ці два болей. І ўсё роўна на свой заробак я магу купіць 2-3 новыя каляровыя тэлевізары “Віцязь”, альбо невялікую лядоўню “Атлант”. Іншая справа – жыць мы прывыклі неэканомна. Гэта – спадчына нашага савецкага мінулага. Выкідваем у сьмецьце чэрствы хлеб, купляем лішнія прадукты, якія потым псуюцца. Да рэчаў ставімся не беражліва. Вось прыклад. Нядаўна прыяжджаў мой брат, які жыве ў Ізраілі. Я яму прапанаваў прагуляцца пешкі па горадзе. А ён кажа: “Не-е, гэта ж колькі падэшвы сатрэцца ў чаравіках…” А дзе вы знойдзеце дзяржаву, у якой за трох дзяцей дзяржава кампэнсавала б 50 працэнтаў жыльлёвага крэдыту? Людзі развучыліся жыць беражліва. Кепска жывуць тыя, хто п’юць беспрабудна, альбо прывыклі быць утрыманцамі, лайдакамі. Дык гэткія ёсьць у любой краіне. Так што хачу яшчэ раз праз “Свабоду” зьвярнуцца да спадароў з АБСЭ ды іншых. Ня трэба ставіць палкі ў колы нашай дзяржаве, радавацца нашым цяжкасьцям”.

Спадар: “У гэтым месяцы пэнсіянэры ўжо атрымліваюць так званую павышаную пэнсію. Але, як у былыя гады, яны ўжо не выказваюць такога захапленьня прэзыдэнтам, не выказваюць яму ўдзячнасьць, як раней было. Наадварот, гэтае мізэрнае падвышэньне ўспрымаецца як нейкі зьдзек, кпіна зь яго боку, таму што яны ўсе гады падтрымлівалі кіраўніка краіны, а цяпер, нягледзячы на тое, што чуюць з тэлевізара і радыё пра квітненьне нашай эканомікі, пэнсію ім падвысілі ўсяго толькі на 7 %. Мне падаецца, гэта яшчэ раз пацьвярджае тое, што справы ў нас ідуць ня так ужо добра, як кажуць па тэлебачаньні штодзень. Гэта разумеюць нават пэнсіянэры, якія раней ставілі партрэт прэзыдэнта побач зь іконамі ў сваіх пакоях, ці нават лічылі яго амаль богам”.

Спадарыня: “Толькі не падумайце, што я абараняю Лукашэнку. Але ж у яго ёсьць нейкія плюсы і нейкія зрухі. І ў яго шмат недахопаў. А мне падаецца, што Лукашэнка проста разгублены, таму што навокал яго адны лёкаі, адны карысталюбівыя людзі. Няма шчырых людзей. Мне падаецца, чалавек проста загнаны ў кут, таму што навокал адны крывадушнікі. Разумееце? Вось у чым бяда. І ніхто такія пытаньні ніколі не падымаў”.

Міхаіл, пэнсіянэр, Менск: “Хачу выказацца наконт заможнага жыцьця беларусаў.

Цяжка, бедна нам жывецца. Век капаемся у сьмецьці. Беларускі люд наш гіне, Мы рабы ў сваёй краіне. І ня чуе стогну, енку Добры “бацька” Лукашэнка”.

Пра сутнасьць палітычнага рэжыму ў Беларусі

Віктар Конін, пасёлак Мікашэвічы Лунінецкага раёну: “На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах я галасаваў за кандыдата, у тэлевыступе якога цэнзура выразала паўгадзіны эфірнага часу. І ўжо больш за год мой кандыдат Аляксандар Казулін – у турме, куды яго кінулі “за палітыку”. У Беларусі цяпер няма закона, які б дзейнічаў аднолькава ў дачыненьні да ўсіх грамадзянаў. Дык чым мы адрозьніваемся ад фашысцкіх рэжымаў, пры якіх адным – хлеб з маслам і мёдам, а другім – канцлягеры і баланда на абед?”

Пра дзяржаўныя мэдыі

Кастусь Сырэль, Ушачы: “Недзе ў канцы траўня – пачатку чэрвеня мінулага году ў нас ва Ўшачах адбылася надзвычайная падзея. У мясцовым рэстаране ў адну з субот атруцілася вясельле амаль у поўным складзе – каля 80 чалавек (як потым высьветлілася – сальманэлёз). Чалавек 40 трапіла ва Ўшацкі шпіталь, астатнія – у шпіталі Полацку, Наваполацку, Віцебску ды іншых гарадоў. Дык вось, наша раённая газэта "Патрыёт" паведаміла пра гэта таксама ў суботу, але... роўна праз тры тыдні. На мой абураны ліст газэта дала такі зьдзеклівы адказ, што інакш, як хамствам, я яго не назваць не магу.

А якім спосабам павялічвае свой наклад усім вядомая "СБ"? Мае знаёмыя, муж і жонка (ня буду называць прозьвішча), на працы атрымліваюць гэтую газэту па падпісцы. Дык іх (і яго, і яе) прымусілі выпісаць газэту яшчэ і дахаты. Дастаюць цяпер з паштовай скрыні кожны дзень два асобнікі. Як Вам гэта, паважаныя слухачы Свабоды?”

Пра падзеі 17 верасьня 1939 году

Алесь Станкевіч, Горадня: “Лічу, што абвяшчаць дату 17-га верасьня дзяржаўным сьвятам ня варта. Неабходна памятаць, якія падзеі тады адбываліся. Сталін менш за ўсё думаў пра інтарэсы беларускай нацыі. Ягонай сапраўднай мэтай было падзяліць разам з Гітлерам Эўропу. Ды і што прынесла з сабой камуністычная ўлада ў Заходнюю Беларусь пасьля 17-га верасьня 1939-га году? Колькі людзей было беспадстаўна арыштавана, расстраляна, саслана на расейскую Поўнач! А якія пакуты прынесла сялянам гвалтоўная калектывізацыя! Абвяшчаць гэты дзень дзяржаўным сьвятам было б няправільна і з пункту гледжаньня міжнароднай палітыкі: неабходна памятаць, які сьлед ён пакінуў у гісторыі нашых заходніх суседзяў. Калі ўжо і мяняць Дзень Незалежнасьці, дык зь любога пункту гледжаньня варта абвяшчаць галоўным дзяржаўным сьвятам 25-га сакавіка. Менавіта у гэты дзень у 1918-м годзе Беларусь пасьля 123 гадоў расейскай акупацыі стала самастойнай дзяржавай”.

Міхаіл Пятровіч, пэнсіянэр: “Успамінаецца 1939 год. Тады з Усходу ў Заходнюю Беларусь прыйшлі “саветы,” і мой дзед Сьцяпан у вёсцы Наліўкі Івацэвіцкага раёну, як і ўсе сяляне, радасна сустракаў савецкіх воінаў. І ён камандзіру чырвонаармейцаў паднёс падарунак: бохан хлеба і тоўсты кавалак сала. Той, напэўна, ніколі ня бачыў такога тоўстага сала, падумаў, што гэта мыла, што хочуць яго атруціць і закрычаў на дзеда, каб яго арыштавалі. І толькі сяляне дапамаглі майму дзеду выкараскацца з гэтай бяды. Вось такі выпадак адбыўся”.

Пра тое, як станавіліся вязьнямі ГУЛАГу

Сьцяпан Зух, Смаргонь: “Час быў такі: скажаш нешта ня так і ня ў тым месцы – і тут жа трапіш пад Ваенны трыбунал. Так здарылася і са мной. Той дзень 2-га верасьня 1948-га году не забуду ніколі. Вілейка, суд “тройкі”. За што судзяць – незразумела. Нібыта антысавецкая прапаганда. Тая “тройка” прамармытала нешта (напэўна, для парадку), а потым страшным голасам: “Падлягае да пакараньня найвышэйшай мерай...”. Зачыталі гэта і, бачу, адыходзяць ад стала. А я толькі потым пачаў асэнсоўваць, што гэта – канец. Захістаўся, але працягваю стаяць. Ахоўнік кажа: “Сядай!”. Хвілін праз 10-15 тыя судзьдзі вярнуліся. Прысуд зьмякчылі – расстрэл замянілі на 25 гадоў лягераў і яшчэ 5 гадоў абмежаваньня ў правах. У хуткім часе пазьбіралі з навакольных вёсак і мястэчак яшчэ сотні дзьве такіх жа “антысаветчыкаў” – і пагналі этапам аж да Інты (гэта на поўначы Расеі, у Рэспубліцы Комі). Сьнягі, маразы, наўкол – тайга і тундра. І – суцэльныя баракі з такімі ж няшчаснымі. Нашылі на сьпіну нумар, далі ў рукі рыдлёўку ці сякеру – і працуй ад цямна да цямна за міску вадкай кашы. У маёй брыгадзе было 23 чалавекі 18-ці розных нацыянальнасьцяў. Ня ўсе вярнуліся з таго пекла. А да цяперашняга часу і ўвогуле наўрад ці хто дажыў, апроч мяне”.

Пра канцэрты Данчыка

Марыя Разуваева, Менск: “Вельмі рада, што песьні ў выкананьні Данчыка ўключылі ў праграму Радыё Свабода, і што яны суправаджаюцца невялічкімі камэнтарамі. Хацелася б, каб зьвестак пра сьпевака было больш – пра ягонае жыцьцё і працу, пра тое, што яго хвалюе. У гэтага артыста цудоўны голас і выдатнае выкананьне. А якія прыгожыя песьні!.. Вельмі хочацца, каб Данчык прыехаў з канцэртам у Менск. Ці магчыма гэта?”

Віктар Скараход, Менск: “Я зачараваны новай рубрыкай Свабоды “Верасень з Данчыкам”. Пра гэтага сьпевака я даведаўся тады, як ён прыязджаў у Беларусь. Слухаў яго ў Доме літаратара. З таго часу ён са мной заўсёды разам”.

Пра Клюб сяброў “Свабоды”

Анатоль Жэрдзеў, Гомель: “Сябрамі “Свабоды” я лічу ня толькі тых, хто ўсхваляе кіраўніцтва радыё, але і тых, хто грунтоўна крытыкуе ягоную інфармацыйную палітыку. Тэма майго звароту – існаваньне Клюбу сяброў “Свабоды”. Аб стварэньні яго было абвешчана, але ў апошні год яго як бы няма наогул – бо адміністратары радыё лічаць сябрамі “Свабоды” толькі тых, хто ім падабаецца. Раблю гэту выснову на падставе такога факту. 6-га верасьня ў перадачы “Паштовая скрынка 111” часткова прагучаў мой ліст. Нягледзячы на тое, што ў ім я адмыслова падкрэсьліў, што гэта – меркаваньне сябра “Свабоды”, у эфіры гэта не прагучала. Напэўна, таму, што я не аднойчы крытыкаваў кіраўніцтва радыё і нават прапанаваў дэмакратычна пераабраць яго. А таму кіраўнікі выключылі мяне зь ліку сяброў “Свабоды”.

Лічу, што неабходна стварыць ініцыятыўную групу ў справе арганізацыі сапраўднага Клюбу сяброў “Свабоды”. Мэтай ініцыятывы будзе паляпшэньне інфармацыйнай палітыкі на радыё і рэалізацыя там ідэй дэмакратыі з дапамогай неабыякавых і ўдумлівых людзей”.

Пра праграмы Радыё Свабода

Спадарыня: “Двойчы па Вашым радыё гучала Алексіевіч Сьвятлана на онлайне. Можа, і разумныя рэчы. Але цяпер пачыталі інтэрвію ў апошняй беларускай газэце, вось дзе, мабыць, сапраўдны яе твар, на жаль. Як сказала нізка, без павагі, пра Быкава, Адамовіча… А калісьці іх настаўнікамі сваімі называла. Ды і пра Шушкевіча: што ні ён, ні краіна, ні народ нашыя ня вартыя Нобэля. Мабыць, адна Сьвятлана вартая. Шкада, усё зь ёй ясна. Відаць, грошы, якія так трапілі, згубілі: там гаворыць адно, а тут зусім іншае. Шкада, вельмі шкада”.

Спадар: “Я не скажу, што рэгулярна слухаю Вашы перадачы, таму што часта настроіцца на Вашы хвалі ня вельмі проста ў Менску. Таму што, мабыць. У мяне прымач такі, але адчуваю, што глушэньне нейкае ёсьць. Але я хачу выказаць некаторыя свае меркаваньні паводле Вашых перадачаў. Вось першая – “Дом літаратара”, вядзе Міхась Скобла. Выдатна вядзе, чыста, ясна, канкрэтна і зразумела. Сёньня, гэта нядзеля, я слухаў “Дом літаратара” і там ішла гаворка пра новую кніжку Маракова. Выступала вядомы ў нашым літаратуразнаўстве крытык. І мне не спадабалася, як яна пракамэнтавала гэтую новую кніжку. А не спадабалася тое, што яна нібы хваліла гэтую новую кніжку, але адзначыла, што апавяданьні – гэта шкілеты. У яе ёсьць нейкае лякала, па якому прымяраюць, ці гэта апавяданьне, ці не? Але часам такі шкілет важнейшы, чым апавяданьне…”

“У мяне зьявілася ідэя. Чаму б Радыё Свабода ня выдаць дыск “Верасень з Данчыкам”? Такі самы, як “Начная чытанка”. Наладзіць прэзэнтацыю і разаслаць па адным асобніку сталым слухачам”.

Пра навіны рэгіянальнага жыцьця

Янка Каляда: “Маладэчанскі прадпрымальнік Мікола Апяцёнак фінансава падтрымлівае незалежныя СМІ. Гэта ўладзе не да спадобы. І ўся кантралюючая сыстэма – санстанцыя, пажарнікі, электрыкі, падатковая інспэкцыя, дзяржкантроль – гуртам наваліліся правяраць. А калі нічога не знайшлі, ніякіх парушэньняў, то абвінавацілі ў пагрозе кантралёрам, хаця на самой справе не пагражаў, а пярэчыў. Сфабрыкавалі справу, і Апяцёнку пагражае да 5 год пазбаўленьня волі”.

Спадар: “Раней быў навуковы камунізм, а цяпер навуковы бандытызм. Вось купілі мне пячонку траскі, а там тры кавалачкі і ўсё, нават чацьвярціны банкі няма. А астатняе месца запаўняюць маслам , тэхнічным ці якім… Хлеб таксама дрэнны. Раней людзі былі непісьменныя, а пяклі хлеб, які ляжаў месяцамі і ніколі ня цьвіў. А запалкі? На тыдзень не хапае пачка. Няма ці годнасьці, ні сумленьня”.

Спадар: “У вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёну ёсьць тартак, які належыць Кіраўніцтву справамі ўсенародна абранага. Дошкі і паркеты ідуць на экспарт за валюту, а іхны брак проста паляць на адкрытым паветры, не дазваляючы людзям купіць сабе па зьніжанай цане. Відаць, дэкрэты аб энэргазьберажэньні іх не датычацца, бо, як кажуць тыя, хто працуе тут, гэта “дзяржава ў дзяржаве”. Але ж галоўнае тое, што драўніна сюды возіцца з Прыпяцкага былога заказьніка, які цяпер у статусе Нацпарку. Апавядаюць, там пілуюць ужо маладняк. І зусім нікога не цікавіць, што Прыпяцкія землі былі калыскаю ўсходніх славянаў, адсюль пайшлі карані беларусаў, украінцаў і рускіх. Аднак сыстэма ўлады чхаць хацела на гістарычную прыродную спадчыну. Ёй найважней эўра і даляры для свайго існаваньня".

Мікола Петрушэнка: “Паважаная “Свабода”, мне двойчы прыемна слухаць аб Талачынскім раёне, дзе я жыву. У сувязі з гэтым магу даць кароткі камэнтар адносна навіны аб тым, што мясцовая вэртыкаль дала дазвол на правядзеньне ці то мітынгу, ці то пікетаваньня ў раённым цэнтры на знак маруднага вядзеньня сьледзтва па гучных крымінальных справах. Хочацца падкрэсьліць, што гэта нішто іншае, як намер рукамі жыхароў прыціснуць міліцыянтаў, бо мясцовай вэртыкалі дужа не да спадобы новы начальнік міліцыі. Але ж схадзіць на мітынг патрэбна, тым больш, калі на гэты мітынг санкцыю дае ўлада. Я чакаю таго часу, калі мясцовая ўлада нашымі рукамі будзе і на Лукашэнку ціснуць, каб зьберагчы сваю скуру вэртыкальшчыка”.

Спадарыня: “Дарагое Радыё Свабода, не магу я трываць несправядлівасьць. Я вельмі часта выходжу на Вас. Баліць мая душа глядзець, як гінуць калгасы, як гіне ўся дзяржаўная маёмасьць, як яго разьбіраюць, як яго раскрадаюць, як яго зьнішчаюць. Я не магу трываць. Я раблю наступ на гэта, але ніяк не магу дамагчыся сумленнасьці і справядлівасьці. У мяне баліць душа за тое, што ў нас ёсьць такі старшыня калгасу Бартось, які гаворыць людзям адно, а зьдзекаваючыся са старых робіць іншае. Так жа нельга рабіць. Калі ты паабяцаў старому, дай яму, дапамажы яму. А ён наадварот. Старому скажа адно, а начальству свайму і падначаленым іншае. І мяне настолькі абурае яго нахабства! Я не магу трываць. Наш прэзыдэнт Лукашэнка, куды ж Вы глядзіце?! Навошта Вы трымаеце такіх начальнікаў?! Нашай моладзі, якая вучыцца, няма куды дзецца. Дапамажыце, прыбярыце іх! Дайце народу жыць! Дайце тое, пра што Вы кажаце па тэлевізары, дайце свабоду народу, каб ён мог працаваць нармальна на нашай зямлі! Дазвольце моладзі падняць гэтыя калгасы! Хіба нехта паедзе сюды, калі ён кажа адно, што нібыта дасьць жыльлё, а жыльля не дае. Ён нахабна хлусіць. Хіба старшыня калгаса можа быць такім?! Нашаму Кулаку гэты старшыня калгаса падабаецца, таму што ён можа ім камандаваць. Але гэта ўсё не для дзяржавы ідзе, а толькі для іхняй кішэні”.

Пра суд над "польскімі" шпіёнамі

Сталы слухач: “Я хачу выказаць сваё меркаваньне наконт прысуду тым вайскоўцам, якія хацелі перадаць нейкія зьвесткі Польшчы. Калі б гэтая Польшча была проста Польшча, сяброўская, брацкая, але трэба не забываць, што Польшча – гэта НАТО. Людзі гэтыя – здраднікі, якія б праз Польшчу дастаўлялі сакрэтныя зьвесткі туды. Таму пакаралі іх справядліва. І нават мякка іх пакаралі. Трэба было больш пакараць. І ня трэба выкручвацца. Як той Паганяйла робіць. Ёсьць рэчы, якія насамрэч ён павінен ацэньваць і справядліва казаць. Тое самае, калі Мілінкевіч там лазіць па Польшчы і яны яго сустракаюць. Што гэта? Незразумела. Здрада? Што яму там рабіць? Амэрыканцы ўвесь час там выступаюць, што ў нас веравызнаньне ня тое… хто гэта дае? Мілінкевіч, безумоўна, і такія, як ён. Гэта нікуды ня годна. І мы ніяк не зразумеем Мілінкевіча, бо ён такім чынам дзейнічае. Граматы… І Шушкевічу таксама. Неблагі мужык, канечне. Але ў палітыцы па-варожаму сябе паводзіць”.

Пра скасаваньне прапіскі

Уладзімер, Полацак: “Хачу сказаць наконт рэгістрацыі, якою наша ўлада з Новага году хоча замяніць прапіску. Што ж гэта атрымліваецца? Калі я прыеду ў Менск на тыдзень, каб наведаць сына, брата ці свата, мяне спыніць нейкі мент і высьветліцца, што ў мяне полацкая рэгістрацыя. Да мяне непазьбежна ўзьнікнуць пытаньні накшталт: “Чаго ты сюды прыехаў? Што ты тут робіш? І наагул, колькі ты тут знаходзісься?” Паспрабуй яму дакажы, што знаходзісься тут усяго толькі два дні, а не два месяцы. Пагэтаму ўсё больш пераконваюся ў тым, што наша ўлада робіць усё, каб не спрасьціць, а ўскладніць жыцьцё. Калі ў Расеі ўвялі рэгістрацыю для замежных грамадзянаў, то наша ўлада ў асобе Аляксандра Рыгоравіча пераплюнула іх, бо хоча ўвесьці рэгістрацыю для сваіх грамадзянаў”.

Пра беларуска-грузінскія стасункі

Спадар: “Нечакана з Грузіі зьяўляецца з завуаляваным жаданьнем Захаду папярэдзіць Рыгоравіча аб палітычнай дзяржаўнай небясьпецы з боку Крамля. Куды на гэты раз панясецца абвінаваўчы вэктар па нядобразычліўцам уладаў”.

Васіль Цюхай: “Раней Лукашэнка казаў, што не павядзе сваю краіну за цывілізаваным сьветам, а цяпер наладжвае кантакты з празаходняй Грузіяй. У яго што, склероз?! Ці Расея раптам “цывілізавалася”? Нам не патрэбныя цывілізаваныя сябры. Давайце сябраваць зь дзікунамі. А яшчэ лепей зь мядзьведзямі ды малпамі. У параўнаньні зь імі, прынамсі, на чалавека будзе падобны”.

Спадарыня: “Як ліс, упарта і настойліва, Лукашэнка шукае спосаб, каб прычапіцца да Эўразьвязу. Грузія пакуль яшчэ не ў Эўразьвязе. І ў гэтым пытаньні наўрад ці Лукашэнку дапаможа. Якімі б масьленымі вочкамі ён не глядзеў на Грузію, думаю, супраць ЭЗ Грузія ня пойдзе. І ня трэба Лукашэнку поўзаць перад ёю на ўколенцах. Цікава, па чыёй ініцыятыве адбылася гэта сустрэча. Калі запрасіў Лукашэнка, то, безумоўна, будзе выдыгаць, на каленях поўзаць перад Грузіяй. Грузінскі ж бок будзе знаходзіць у гэтай сустрэчы адно асабістую зацікаўленасьць”.

Пра культуру ў грамадзтве

Сталы слухач: “На жаль, у нашай рэспубліцы назіраецца рэзкі заняпад бытавой культуры і нораваў. Пагалоўнае п’янства, хамства, грубасьць. Канечне, значная віна ў гэтым нашых бяздарных будаўнікоў разьвітага сацыялізму, камунізму, якія прымусілі наш народ перажыць і некалькі рэвалюцый, грамадзянскіх войнаў, і сталінскія рэпрэсіі. Усё гэта было перажыта. І лепшыя людзі былі рэпрэсаваныя, зьнішчаныя ці зьбеглі, загінулі… Вось пра што трэба было б падумаць кіраўнікам нашай рэспублікі. Але на жаль, усё працягваецца. Да ўлады прыходзяць грубыя, нахабныя, цёмныя, некультурныя, неінтэлігентныя людзі, як самі яны заяўляюць. Таму для іх норма – тое, што адбываецца ў рэспубліцы. Турмы перапоўненыя. Як Лукашэнка кажа: “У турму, і кайданкі адзену”. Ён лічыць, што гэтым ён паправіць сытуацыю. Ён як быў неінтэлігентным, як ён сам казаў, гэта значыць, некультурным, непісьменным, так і застаўся. І памочнікаў такіх сабе абірае. Вось дзе бяда, пра што трэба падумаць, на жаль”.
XS
SM
MD
LG