Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Расінскі: “Я веру, што беларускае мастацтва яшчэ зьдзівіць сьвет, калі будзе здольнае зьдзіўляцца само”


Радыё Свабода Кінакрытык, культуроляг Андрэй Расінскі – удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Я веру ў Госпада, Пана нашага Езуса Хрыста.

І бацькам можна называць толькі роднага чалавека – і Айца Нябеснага.

Я веру, што на Беларусі Бог жыве – і наконт яе ў Яго ёсьць свае меркаваньні. Але ніводная група й ніводны лідэр ня здольныя прысабечыць гэтае.

Апытаньні, галасаваньні, тусоўкі й глямуры – ня маюць сапраўднай вартасьці, нягледзячы на шум і вынікі маніпуляцыі.

Праўда ўвасабляецца, а не цытуецца.

Я веру, што кінэматографу даступныя самыя складаныя зрухі чалавечай душы, а на экране штораз разгортваецца таямніца ўвасабленьня – ціха й неўпрыкмет.

І беларускае мастацтва яшчэ зьдзівіць сьвет, калі будзе здольнае зьдзіўляцца само.

Я веру, што чалавек свабодны, калі выконвае Запаведзі Божыя.

І ва ўмовах самай цяжкой несвабоды заўжды ёсьць подых сьвятла, які вее, дзе хоча.

Я веру ў бязьмежнасьць чалавечага розуму – калі ён ўсьведамляе ўласныя межы.

І фантазія ёсьць дакладнай – калі імкнецца да праўды.

Я веру, што зло заўжды самазванец, вырачанае на пазбаўленьне стальца. Але змаганьне адбываецца ў кожным сэрцы.

Я веру, што хто памірае й уваскрасае ў Хрысьце – мае жыцьцё вечнае.
XS
SM
MD
LG