Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восень – час актыўнай працы “сеткавага бізнэсу”


Алена Струвэ, Менск Прадстаўнікі так званага “сеткавага бізнэсу” асабліва актывізуюцца пад восень, калі з адпачынку вяртаецца большасьць гараджанаў, іхніх найбольш верагодных кліентаў. Сеткавы бізнэс пабудаваны паводле прынцыпу шматроўневага маркетынгу. На самым версе піраміды – заможныя кіраўнікі, а ўнізе – тысячы раcпаўсюднікаў. Гэтыя людзі прапануюць нам літаральна ўсё, што можа зрабіць нас больш здаровымі, маладымі і прыгожымі, а таксама тое, чаго ніколі не набудзеш у звычайных беларускіх крамах ды аптэках. Гэта ўнікальная натуральная касмэтыка і вітаміны з Францыі, біяактыўныя дадаткі з Тыбэту і гэтак далей. Гэтак званыя “сеткавікі” прапануюць усім ахвочым далучыцца да бізнэсу.

Напачатку пра мой першы кантакт зь сеткавікамі. Тры месяцы таму я мела неасьцярожнасьць сказаць суседцы ў доме, што хачу набыць добрую патэльню. Увечары суседка, якая, як высьветлілася, зьяўляецца дыстрыбутарам швайцарскай сеткавай кампаніі “Цэптар”, прынесла да мяне ў кватэру адразу шэсьць патэльняў гэтай фірмы. Паводле словаў суседкі, пасьля таго, як яна пачала гатаваць стравы менавіта ў гэтым посудзе, уся яе сям’я пазбавілася хранічных захворваньняў страўніка і кішэчніка.

Я хацела набыць адну патэльню, а мне прапанавалі пяць

Я хацела купіць толькі адну патэльню, аднак мне па-суседзку раілі купіць пяць, бо толькі пяць патэльняў могуць даць неабходны эфэкт у сэнсе здароўя. Акрамя таго, у гэтым выпадку я змагу атрымаць бясплатна шостую патэльню. Наш гандаль цягнуўся з гадзіну. У выніку я купіла адну, але зусім іншую рэч – масажэр, якім так ні разу і не карысталася.

На гэтым тыдні незнаёмыя сеткавікі ў пераходзе ў мэтро паспрабавалі навучыць мяне, як можа пачаць уласны пасьпяховы бізнэс. Дзеля гэтага мне трэба прыйсьці на размову ў офіс іхнай фірмы “Nature’s Sunshine Products” – у скароце NSP, і там мяне навучаць...

Тэлефаную і пытаюся, што мне могуць прапанаваць для таго, каб я стала шчасьлівай.

Суразмоўца прадстаўляецца Мікалаем. Ён пытаецца пра маю адукацыю і ўзрост:

“Мы дапамагаем людзям і вучым іх, як жыць нябедна і добра”

“Дажыўшы да пэўнага ўзросту, мы пачынаем шукаць, дзе зрабіць грошы. У выніку, сыходзячы на пэнсію, чалавек застаецца ля разьбітага карыта. Ён пачынае думае, як праіснаваць. Дык вось, ёсьць праект, якому 35 год. Мы дапамагаем людзям і вучым іх, як жыць нябедна і добра. Мы вучым іх, як без капіталаўкладаньняў стаць на ногі. Дзеля таго, каб зразумець, пра што ідзе размова, як нават не зарабляць, а мець грошы, нам трэба сустрэцца. Вы спачатку праслухаеце блёк інфармацыі, а потым мы паразмаўляем. Бо па тэлефоне гэта ня робіцца”.

На размову ў гэтую фірму я не іду. У прызначаны мне час адбываецца яшчэ больш “крутая” прэзэнтацыя іншай сеткавай кампаніі, “Vision” – у вялікай залі Дому літаратара.

У фае памяшканьня прадстаўлены шматлікія брашуры на тэму, як стаць першым чалавекам ва ўласнай сям’і, доме, горадзе.

Людзі, якія выходзяць на сцэну залі, расказваюць пра тое, як ім удалося дасягнуць посьпеху. Адзін малады чалавек апавядае пра тое, што да знаёмства з прадукцыяй фірмы ён вельмі кепска вучыўся і хварэў на самыя магчымыя і немагчымыя захворваньні.

Юнак: “Мне 20 гадоў. Я прымаю прадукцыю з 12 гадоў. З таго часу я ні разу не хварэў. Заўсёды пераношу спакойна эпідэміі грыпу ды розныя іншыя эпідэміі. А яшчэ мне вельмі падабаецца гэты прэпарат”.

Як сьведчаць выступоўцы, толькі гэтыя прэпараты і вітаміны і ёсьць сапраўднай панацэяй ад усяго.

“Галоўнае – усабачыць як мага болей самых розных прадуктаў”

Мая калега Тацяна, зь якой мы наведалі гэтую прэзэнтацыю, паспрабавала “ўкараніцца” ў фірму:

“Яны мяне ўсяляк спакушалі. Далейшым крокам мела быць падпісаньне кантракту. Я сказала, што хачу крыху падумаць, бо буду занятая іншым. Там трэба ў любым выпадку купіць першы набор. Набор – шыкоўны, пачынаючы ад касмэтычкі, канчаючы БАДамі – біялягічна актыўнымі дадаткамі. Зразумела, шкоды не прынясуць, іншая рэч, наколькі ён неабходны. Каштуе каля 200 даляраў. І далей трэба вэрбаваць іншых людзей. Галоўнае – усабачыць як мага болей самых розных прадуктаў. Можна хлусіць абы-што. Адпрацаваны розныя схемы, разьлічаныя на ўзрост, інтэлектуальны ўзровень. Людзей фактычна замбуюць. Робіцца ўпор – вы станеце самастойнымі”.

Як сьведчыць калега, у такім сеткавым бізнэсе, які таксама завецца пірамідным, трэба вельмі моцна пакруціцца. Адна гісторыя – бонзы, якія сядзяць наверсе, іншая рэч – сярэдняе зьвяно.
XS
SM
MD
LG